29.10.2020 ВІРТУАЛЬНАЯ ГАЛЕРЭЯ МАСТАЦТВА

ВІРТУАЛЬНАЯ ВЫСТАВА “Вацлаў Шпакоўскі – у пошуках рытму”

Шаноўнае спадарства!

Сардэчна запрашаем да заёмства з  віртуальнай выставай “Вацлаў Шпакоўскі – у пошуках рытму, арганізаванай Польскім Інстытутам у Мінску ў супрацоўніцтве з Музеем мастацтва ў Лодзі. Экспазіцыя прадстаўляе творчасць польскага інжынера, графіка і фатографа Вацлава Шпакоўскага (1883–1973). Ён увайшоў у гісторыю сусветнага авангарда як піянер геаметрычнай абстракцыі і аўтар “рытмічных ліній” – унікальнага мастацкага эксперыменту, створанага ў поўнай ізаляцыі. 

Гэта другая мастацкая выстава ў Віртуальнай галерэі мастацтва” на сайце Польскага Інстытута ў Мінску. У рамках праекта мы знаёмім Вас з выдатнымі творцамі польскага сучаснага жывапісу, графікі і фатаграфіі.

Запрашаем на выставу!

ESEJ “WACLAW SZPAKOWSKI – W POSZUKIWANIU RYTMU”

Вацлаў Шпакоўскі (1883–1973) – інжынер, графік і фатограф. Ён увайшоў у гісторыю сусветнага авангарда як піянер геаметрычнай абстракцыі і аўтар “рытмічных ліній” – унікальнага мастацкага эксперыменту, створанага ў поўнай ізаляцыі. Усё жыццё паслядоўна, хоць і самотна, ён шукаў рытм: даследаваў прынцыпы сістэм запісу і геаметрыю прыроды, застаючыся здалёк ад свету мастацтва. Яго шматлікія працы на мяжы абстрактнага мастацтва, музыкі і матэматыкі паказваюць узаемасувязь і блізкасць гэтых галін.

Вацлаў Шпакоўскі нарадзіўся ў 1883 г. у Варшаве. Па прафесіі і адукацыі Шпакоўскі быў інжынерам, але амаль з дзяцінства ў яго былі шырокія эклектычныя зацікаўленні. У 1902–1911 гг. ён вывучаў архітэктуру ў Рыжскім політэхнічным універсітэце. У сваіх нататніках, акрамя гісторыі архітэктуры, ён таксама шмат увагі прысвячаў атмасферным з’явам, прыслухоўваўся да тэлеграфных ліній, якія рухаліся на ветры. Візуальныя матывы, якія назіраюцца ў прыродзе і ў выніках чалавечай дзейнасці, гукі прыроды і гукі музычных кампазіцый – усё аднолькава моцна займала Шпакоўскага, з’яўлялася часткай большага цэлага, для разумення якога ён шукаў ключ.

Фатаграфія была для мастака інструментам, які ён выкарыстоўваў для даследавання і каталагізацыі рэчаіснасці. У “Аўтапартрэце ў люстэрку” 1902 года мы бачым Шпакоўскага разам з фотаапаратам, яго частым атрыбутам і творчым інструментам.

Самая вядомая з яго выяваў –  “Шматкротны аўтапартрэт” (1912), створаны з выкарыстаннем двух суразмешчаных люстэркаў. Мастак рабіў здымкі падчас сваіх шматлікіх падарожжаў, фотаздымкі былі яго нататкамі, дапаможнікам у назіранні і спазнанні навакольнага свету: на здымках ён увекавечыў фрагменты гарадской і народнай архітэктуры.

Падчас вучобы ў Рызе Вацлаў Шпакоўскі пачаў ствараць сваю характэрную візуальную мову на аснове кампазіцыі бесперапынных ліній, якая пазней пераўтварылася ў сістэму “рытмічных ліній”.

Адпраўной кропкай для аўтара было вывучэнне навакольнага свету і пошук нябачных рытмаў, якія ім кіруюць. Яго цікавіла цыклічнасць, паўтаральнасць і рытм, якія назіраюцца як у прыродзе, так і ў архітэктуры, створанай людзьмі, напрыклад, у меандры, які яго захапляў. З лініі, якую ён зрабіў інструментам для прадстаўлення рытму рэальнасці, ён стварыў мноства шаблонаў, метадычна ўпарадкоўваў іх, выдзяляў у групы і прыбіраў выпадковыя схемы. Лінія заўсёды мае шырыню адзін міліметр, а інтэрвал між радкамі – нязменна чатыры міліметры. Каб чарціць гэтую лінію, ён выкарыстоўваў рэйсфедар, атрымліваючы ў выніку амаль ідэальна роўную структуру.

Пасля заканчэння вучобы ён вярнуўся ў Польшчу, дзе працаваў па прафесіі. У 1935 г. перамог у конкурсе на пасаду архітэктара курорта ў Атвоцку. Пасля Другой сусветнай вайны, з 1945 г., ён разам з сям’ёй пераехаў у Вроцлаў.

Шпакоўскі займаўся стварэннем макетаў ліній больш за паўстагоддзя. Эскізы да кампазіцый рабіліся ў вольны час, запісваліся алоўкам на выпадковых кавалках паперы.

Лінейныя кампазіцыі нараджаліся спачатку падчас вучобы, у школе, потым ва ўніверсітэце і, нарэшце, падчас прафесійнай працы інжынера. Да шматлікіх эскізаў і сістэм бесперапынных ліній мастак паслядоўна вяртаўся ў 1920-30-х гг., працягваючы ўжо пачатую працу. Тады ён выкарыстоўваў рукапісныя эскізы, дапаўняючы іх і арганізоўваючы іх у закрытыя серыі, паслядоўна пазначаныя літарамі A, B, C, D, E, F. Потым, падчас вайны, у 1939-1943 гг., ён займаўся вывучэннем спіралі, пазначанай катэгорыяй S. Эфектам і вянцом працы над “Рытмічнымі лініямі” стаў альбом, створаны ў 1953–1954 гг., дзе аўтар сабраў усе распрацаваныя ім варыянты кампазіцый. Альбом складаецца з 96 малюнкаў, зробленых алоўкам на кардоне, з надрукаванай двухміліметровай сеткай.

Амаль усё сваё жыццё Шпакоўскі развіваў свае мастацкія зацікаўленні, рабіў малюнкі паводле ўласнай праграмы. Свае даследванні ён праводзіў у ізаляцыі, не прадстаўляючы публічна вынікаў працы. Сітуацыя змянілася толькі ў 1969 г. дзякуючы ініцыятыве яго дачкі, мастачкі Анны Шпакоўскай, якая прадставіла творы свайго бацькі знаёмым мастацтвазнаўцам. Першая выстава прац Шпакоўскага адбылася пасля яго смерці ў Музеі мастацтва ў Лодзі ў 1978 годзе. Менавіта ў гэтай установе цяпер знаходзіцца самая значная калекцыя твораў Шпакоўскага, якая налічвае амаль 120 малюнкаў і больш за 20 фотаздымкаў. Дзякуючы наступным прэзентацыям яго ўнікальныя дасягненні былі адкрыты свету і змешчаны ў больш шырокі кантэкст абстрактнага мастацтва.

Дакладнасць і паслядоўнасць, з якой Шпакоўскі праводзіў сваю лінію, адначасова і сучасныя і пазачасавыя – яна нагадваюць досвед навукоўцаў эпохі Рэнесансу або працы старажытных архітэктараў. Спадчына  Шпакоўскага і сёння застаецца нязменна актуальнай і натхняльнай – у кастрычніку ў Музеі мастацтва ў Лодзі будзе прадстаўлена выстава “Рыжскі нататнік”. Акрамя ліній Вацлава Шпакоўскага, на выставе будуць прадстаўлены працы піянера авангарда, і таксама працы іншых мастакоў, якія карыстаюцца мовай абстракцыі. Прадстаўлены выбар прац Вацлава Шпакоўскага з калекцыі Музея мастацтва ў Лодзі дае ўяўленне пра жыццё і дасягненні гэтага незвычайнага творцы, прадстаўляючы найбольш важныя аспекты на творчым шляху мастака-даследчыка.

Якуб Гаўкоўскі

Калекцыя мастацтва XX-XXI стагоддзя ў Музеі мастацтва ў Лодзі з’яўляецца самай старой і адной з найважнейшых калекцый сучаснага мастацтва не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе. Яе ўнікальнасць абумоўлена гістарычнай сувяззю Лодзі з авангардам, а таксама міжнародным характарам збораў.
Музей цікавіцца эксперыментальным і прагрэсіўным мастацтвам, якое фарміруе традыцыі сучаснасці і з’яўляецца важнай праявай сучаснай культуры. Адкрыццё музея адбылося ў 1930 г., яго профіль быў вызначаны яго зборамі, а таксама падарункам Міжнароднай калекцыі сучаснага
мастацтва групы “a.r.”, які ўпершыню быў паказаны публіцы ў 1931 г. Гэтая калекцыя з’яўляецца феноменам сусветнага маштабу, паколькі яна была ініцыявана самімі мастакамі. Яна складаецца выключна з падарункаў і была сфарміравана сумеснымі намаганнямі вядучых прадстаўнікоў міжнароднага авангарду.

У цяперашні час у Музеі мастацтва размяшчаюцца зборы найбольш рэпрэзентатыўных твораў вядомых мастакоў, якія фарміравалі гісторыю польскага мастацтва за апошнія сто гадоў, а таксама багатая калекцыя работ мастакоў з усяго свету, як звязаных
з міжваенным авангардам, так і тых, хто быў актыўны ў пасляваенны перыяд. У калекцыі прадстаўлены ўсе віды мастацкай дзейнасці, характэрныя для 20 і 21 стагоддзяў. Музей таксама з’яўляецца піянерам у пашырэнні межаў традыцыйных музейных збораў.

Muzeum Sztuki w Łodzi: https://msl.org.pl/ 
Zasoby Muzeum Sztuki w Łodzi: https://zasoby.msl.org.pl/ 

Scheduled ВІРТУАЛЬНАЯ ГАЛЕРЭЯ МАСТАЦТВА