9.11.2020 Аб`явы Iнстытута, Навіны

Праф. Войцех РАШКОЎСКІ. “Пра дэмакратыю сярод народаў Еўропы. Казус – Польшча”

Тэкст публікуецца адначасова з польскім штомесячнікам “Усё самае важнае” ў рамках праекта, рэалізаванага з Інстытутам нацыянальнай памяці.

Любоў да свабоды ў Польшчы асабліва моцная, калі ўлічыць, як доўга палякам не хапала гэтай свабоды ў апошнія два стагоддзі.

АЎТАР: Праф. Войцех РАШКОЎСКІ. Прафесар Інстытута палітычных даследаванняў Польскай акадэміі навук. Аўтар публікацый па гісторыі Польшчы XX стагоддзя. Кавалер Ордэна Белага арла

Давайце зірнём на мапу Еўропы пасля Венскага кангрэса 1815 года і заканчэння Першай сусветнай вайны. Адбываюцца відавочныя змены: у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўзнікла шмат новых дзяржаў. Аднак у польскай традыцыі выразна заўважаецца розніца паміж “стварэннем” незалежнай Польшчы ў 1918 г. і яе “адраджэннем”, бо той, хто выкарыстоўвае першы тэрмін, ігнаруе сутнасць таго, чым быў для палякаў канец Першай сусветнай вайны, і нават ігнаруе тысячу гадоў ранейшай гісторыі Польшчы.

У гэтай гісторыі было шмат драматычных паваротаў, і ХХ стагоддзе было адзначана асаблівай насычанасцю гэтых драм. Паляк, які нарадзіўся ў пачатку ХХ стагоддзя, меў магчымасць прызвычаіцца да кіравання захопнікаў – Аўстра-Венгрыі, Германіі і Расіі – якія кіравалі польскімі землямі больш за 120 гадоў, а потым перажыць эйфарыю адраджэння дзяржаўнасці ў лістападзе 1918 г., паразу гэтай дзяржаўнасці ў выніку нападу Германіі і Савецкага Саюза ў верасні 1939 г., адбудову дзяржавы пасля 1945 г. у форме таталітарнага васала Савецкага Саюза і, нарэшце, падзенне камуністычнай улады і нараджэнне новай дэмакратычнай Польшчы, хоць і пад цяжарам ХХ стагоддзя, цяжарам масавых забойстваў, дэпартацый, перасяленняў і экспрапрыяцый. Пасля 1989 года Польшча адраджаецца наноў, але палякам цяжка знайсці сваю ідэнтычнасць.

Польскасць з пачатку XXI стагоддзя нясе на сабе адбітак усіх гэтых трагедый, але здзіўляе рысамі, якія адначасова з’яўляюцца іх вынікам і эфектам рэакцыі на іх. Паколькі лёс Польшчы шмат у чым залежаў ад яе магутных суседзяў, што не хацелі яе прыняць, часта згадваецца гістарычная дылема палякаў, заключаная ў пытанні “біцца ці не?”, а таксама ў пытанні, якое трэба задаць адначасова: “прыстасавацца ці не?”, або як і ў чым прыстасавацца, каб не загінуць. Гімн Польшчы пачынаецца словамі: “Яшчэ Польшча не загінула, пакуль мы жывыя”. Аднак дылема вельмі часта заключалася ў тым, якімі б мы хацелі быць, каб выжыць і якім павінен быць кошт таго, каб выжыць па-свойму.

Гісторыя Польшчы – гэта крыніца ведаў пра грамадска-палітычнае жыццё. З гісторыі шляхецкай дэмакратыі Рэчы Паспалітай, гэта значыць, краіны да падзелаў у XVIII стагоддзі, сённяшнія дэмакратыі могуць даведацца, наколькі высокую цану можа заплаціць краіна, у якой свабода не суправаджаецца адказнасцю. Нягледзячы на вялікія намаганні рэфарматараў, якія прынялі першую ў Еўропе Канстытуцыю 3 траўня 1791 г., суседнія дзяржавы падзялілі Рэч Паспалітую.

У гісторыі польскіх нацыянальных паўстанняў XIX стагоддзя можна навучыцца гераізму, патрыятызму (хоць і не эфектыўнасці, геапалітыцы і матэрыяльным абмежаванням сваіх мараў), а таксама майстэрству выжывання. У адраджэння Польшчы пасля 1918 г. можна навучыцца незвычайнаму мастацтву імправізацыі і эфектыўнасці ў будаванні асноў дзяржаўнасці амаль з нуля. Мерай польскіх поспехаў таго перыяду была, напрыклад, валютная рэформа Уладзіслава Грабскага, будаўніцтва Цэнтральнай прамысловай акругі або порта ў Гдыні. У паразы 1939 года, у нямецкай і савецкай акупацыі можна навучыцца майстэрству супраціву насуперак самым страшным практыкам генацыду. Польшча ва ўмовах камуністычнай улады нават у мірныя часы спазнала пякельны досвед адаптацыі насуперак прыродзе, з якой палякі выйшлі вельмі моцна пакалечанымі ментальна, але выйшлі пераможцамі, дзякуючы дзесяцімільённай “Салідарнасці” і падтрымцы паляка, Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, ламаючы асновы падзелу Еўропы.

Адбудова дзяржавы пасля 1989 года была поўная шматлікіх нявыкарыстаных магчымасцей, залежнасці ад замежнага капіталу і посткамуністычных эліт з васальнай ментальнасцю, але ў Польшчы атрымалася даволі ўпэўнена ўступіць у Еўрасаюз і ўмацаваць бяспеку, уступіўшы ў НАТА, з чым былі згодныя амаль усе палякі. Польшча застаецца краінай, якой многія супрацівяцца. І ўсё ж менавіта ўлады Польшчы і яе бліжэйшыя паўднёвыя суседзі прадухілілі вясной 2020 г. распаўсюджванне пандэміі каранавіруса ў такім маштабе, у якім яна закранула высокаразвітыя краіны Захаду. Менавіта ў Польшчы, занепакоенай фальшывымі прыдумкамі ў структурах Еўрапейскага Саюза, прыналежнасць да яго наогул не падвяргаецца сумненню, а факт таго, што баланс эканамічнага абароту з краінамі ЕС неспрыяльны для Польшчы, бо экспарт капіталаў пастаянна перавышае субсідыі ЕС, не стварае вялікага ўражання. Больш за тое, бессэнсоўны ціск з боку ЕС хутчэй выклікае супраціў, чым палохае палякаў, умацоўваючы здаровы падыход да палітычнай рэальнасці.
Насуперак ціску і модзе “прагрэсіўнага” Захаду, які часта не ўсведамляе сваіх праблем, традыцыйныя каштоўнасці працягваюць умацоўваць польскае грамадства. Прывязанасць да сямейнага жыцця можа быць вынікам важнасці сямейных сувязяў у даўняй шляхецкай Польшчы і памяці пра пагрозы польскай сям’і пры падзелах і падчас апошняй вайны і акупацыі. Павага да жанчын, выяўленая ў старым звычаі цалаваць ім руку, вынікае з досыць незалежнай ролі жанчын у Рэчы Паспалітай і іх значэння ў часы падзелаў, і нават пры камуністычнай уладзе, калі “маці-полькі” заацята змагаліся ў чэргах, каб забяспечыць дом. Любоў да свабоды асабліва моцная ў Польшчы, калі ўлічыць, як доўга палякам не хапала гэтай свабоды ў апошнія два стагоддзі. Больш за тое, палякі могуць ганарыцца тым, што іх даўняя польская-літоўская Рэч Паспалітая была аазісам шляхецкай дэмакратыі тады, калі толькі вельмі абмежаваныя колы арыстакратыі аказвалі ўплыў на ўрады заходніх краін.

Палякі звычайна вельмі выразна рэагуюць на ўзвышэнне або прыніжэнне польскасці. Пачуўшы крытычныя выказванні, яны зацята абараняюцца, але, як толькі хтосьці абвяшчае перабольшаны апафеоз польскасці, пачынаюць наракаць на сваю краіну. Гэта сведчыць пра тое, што яны ставяцца да сваёй польскасці сур’ёзна, але з гэтай самай прычыны часта выказваюць скрайнія меркаванні. Гісторыя ўжо навучыла іх быць трывалымі да фальшу, як у мінулым, так і ў будучыні.

Scheduled Аб`явы Iнстытута Навіны

Слухай Пясецкага! 🗓

Раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” пра небяспечнае і каларытнае жыццё ракаўскіх кантрабандыстаў славутага беларуска-польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага цяпер у аўдыёфармаце.
01 12.2020 31 12.2020 Літаратура, Навіны, Падзея