Што гэта значыць? Гэта значыць, што казкі Андэрсена, п’есы Шэкспіра і паэзія Гётэ (напрыклад) так трывала ўвайшлі ў жыццё кожнага чытача, замацаваліся як показкі і пазнавальныя цытаты, што цяпер іх ужо не адрозніш ад народнай мудрасці ці нацыянальнай літаратуры. Дзеці па ўсім свеце чытаюць казкі братоў Грым і Шарля Перо, цэлыя пакаленні выраслі на прыгодах “Трох мушкецёраў”, менавіта таму ў гэтым вялізным свеце мы маем супольны досвед і разумеем адно аднаго.
Сёння Бібліятэка анлайн раскажа, дзе і як у інтэрнэце можна чытаць сусветную класіку ў перастварэнні выбітных польскіх перакладчыкаў.
Вялікую падборку прапануе папулярны партал “Wolne lektury”, адметны тым, што кнігі тут прадстаўлены адразу ў некалькіх электронных фарматах, а часта таксама ў выглядзе аўдыёкніг (раім таксама падпісацца на youtube-канал сервіса). І ўсё бясплатна.
Казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена (у т.л. любімыя многімі “Дзяўчынка з запалкамі”, “Дзюймовачка” і “Снежная каралева”) даступныя як тэкст і аўдыёкнігі. Перакладчыца – Цэцылія Невядомска.
Казкі братоў Грым – “Папялушка”, “Чырвоны Каптурок” і менш вядомая ў нас, але надзвычай папулярная ў Польшчы менавіта як класічны пераклад (перакладчык – Марцэлі Тарноўскі) казка “Ясь і Малгося”. Ёсць і тэкст, і аўдыё. Гэта дзіцячая версія, таму не хвалюйцеся, адсечаных пятак тут не будзе.
“Прыгоды Тома Соера” Марка Твэна ў перакладзе Яна Біліньскага радавалі многія пакаленні польскіх школьнікаў, а цяпер даступныя і як электронная, і як аўдыёкніга. Раім звярнуць увагу таксама на “Кнігу джунглей” Рэдз’ярда Кіплінга.
Аматарам прыгодаў і палацавых інтрыг раім класічны раман Аляксандра Дзюма “Тры мушкецёры”. Ёсць ужо некалькі польскіх перакладаў гэтага рамана, новыя пакаленні перакладчыкаў таксама прыцягвае дэвіз “Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго”. На старонцы вы знойдзеце таксама раман “Граф Мантэкрыста”, на суседняй палічцы стаіць “Дама з камеліямі” Аляксандра Дзюма-сына.
У электронным выглядзе і ў выглядзе аўдыёкніг даступныя культавыя раманы “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфо (пераклад Францішка Мірандолы) і “Дон Кіхот” Мігеля дэ Сервантэса (пераклад Валентыя Закшэўскага).
“Выспа скарбаў” Роберта Льюіса Стывенсана дапаможа больш даведацца пра жыццё польскамоўных піратаў.
Вялікі выбар п’ес Уільяма Шэкспіра прадстаўлены ў класічных перакладах, хоць склалася так, што гэты аўтар у польскай традыцыі кожныя дзесяць гадоў ушаноўваецца новым перастварэннем. Знайдзіце вашы любімыя цытаты!
Калі ў вас даўно не даходзілі рукі да рамана Анарэ дэ Бальзака «Бацька Гарыё», то проста цяпер яго можна прачытаць і паслухаць па-польску. Дыхтоўная класічная проза. І парадокс кітайскага мандарына на дэсерт.
„Прыгоды ўдалага салдата Швейка” падымуць настрой у самае змрочнае надвор’е, гэты рамана Яраслава Гашака найчасцей з усёй польскай літаратуры перакладаецца на замежныя мовы, таму вядомы па ўсім свеце. Пасля перакладу Паўла Гулькі-Ляскоўскага на польскую раман перакладалі яшчэ некалькі разоў, але народная любоў выбрала менавіта гэты варыянт.
Апавяданні Антона Чэхава не толькі вядомыя нам са школьнай праграмы, гэта надзвычай пазнавальны для многіх культурны код. Пагатоў будзе цікава пазнаёміцца з імі ў польскіх перакладах. Для некаторых з іх даступныя таксама аўдыё-версіі.
“Яўген Анегін” Аляксандра Пушкіна прадстаўлены ў першым польскім перакладзе Леа Бельмонта.
Таксама на партале Вы знойдзеце “Навуку кахання” Авідыя, творы Гамэра, п’есы Мальера, “Небяспечныя сувязі” Шадэрло дэ Лакло, апавяданні Эдгара Алана По, Міхаіла Булгакава і Ісака Бабеля, а таксама многія іншыя знаёмыя творы.
Сервіс “Wolne Lektury” прапаноўвае сваім гасцям кнігі адкрытага доступу з поўным выкананнем аўтарскіх правоў.