30.04.2021 - 9.05.2021 Навіны

Анджэй ДУДА “Гонар Рэчы Паспалітай”

230-я гадавіна стварэння польскай канстытуцыі, першай канстытуцыі Еўропы, павінна стаць натхняльным святам усёй сучаснай Еўропы

У радасным вясновым настроі мы адзначаем у Польшчы вялікае нацыянальнае свята, генезіс якога ўзыходзіць да XVIII стагоддзя. Гэта свята ўвекавечвае прынятую 3 траўня 1791 года Канстытуцыю, называную Урадавым законам або Канстытуцыяй 3 траўня. Гэта быў першы ў Еўропе і другі ў свеце сучасны асноўны закон – эпахальная заканадаўчая праца. Прыняцце гэтага знамянальнага акту Вялікім Соймам Рэчы Паспалітай абодвух народаў у Варшаве мела вымярэнне гістарычнага пералому. Спадчына Канстытуцыі 3 траўня, заключаная ў ёй структурная думка і вызваленчае, дэмакратычнае пасланне з’яўляюцца надзвычай важнай часткай еўрапейскіх дасягненняў. Таму 230-я гадавіна ўстанаўлення гэтай Канстытуцыі, што прыпадае на бягучы год, павінна стаць натхняльным святам для ўсёй сучаснай Еўропы.

Вялікія дзяржаўныя акты часта бываюць вынікам палітычнага або культурнага крызісу, плёнам глыбокіх разважанняў над светлымі і цёмнымі бакамі ранейшага ходу гісторыі. Аднак майстэрства ў тым, каб мудра выпраўляць, а не цалкам разбураць, кіруючыся ўтапічным мысленнем, адарваным ад гістарычных рэалій. Новы парадак не можа быць адвольна задэклараваны на паперы; ён павінен быць выведзены з аўтэнтычнага чалавечага досведу, перажыванняў і памкненняў.

Прыкладам паспяховага спалучэння дальнабачнасці і рэалізму з’яўляецца першая ў свеце амерыканская канстытуцыя, якая стала адказам на выклікі гісторыі. Гэтак сама і стваральнікі Канстытуцыі 3 траўня 1791 года суадносілі свае планы рэформаў з канкрэтнай палітычнай і сацыяльнай сітуацыяй. Канстытуцыя стала добра падабранымі лекамі ад крызісу, які закрануў тагачасную Рэч Паспалітую. Асноўны закон павінен быў служыць умацаванню як свабоды грамадзян і іх правоў, так і структурнасці і стабільнасці дзяржавы. Ён павінен быў даць дзяржаўнаму арганізму сілу быць незалежным і эфектыўна супрацьстаяць варожым дзеянням суседніх дзяржаў, якія хацелі поўнага падпарадкавання Рэчы Паспалітай, а ў канчатковым выніку разрабавання яе тэрыторый. Не выпадкова Расія імператрыцы Кацярыны II і Прусія караля Фрыдрыха II стваралі ў міжнароднай прасторы негатыўны вобраз палякаў, прадстаўляючы іх няздольнымі да самавызначэння і эфектыўнага самакіравання. Канстытуцыя 3 траўня сведчыла пра адваротнае; бо адсюль, з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, з Рэчы Паспалітай польскага Арла і літоўскай Пагоні, якая з’яўляецца агульным домам многіх народаў і культур, зыходзяць сучасныя – і адначасова дальнабачныя, разумныя і наватарскія – рашэнні.

Сённяшні юбілей прыняцця Канстытуцыі 3 траўня дае таксама магчымасць успомніць усю слаўную традыцыю дзяржаўнага ладу былой Рэчы Паспалітай – традыцыю вяршэнства права, дэмакратыі, парламентарызму. Гэта важная частка нашай ідэнтычнасці. Варта ведаць, што багатыя рэспубліканскія традыцыі, натхнёныя дасягненнямі Старажытнага Рыма і Грэцыі, узыходзілі ў Польшчы да XIV стагоддзя. Польскі шляхецкі прынцып “neminem captivabimus” (“нікога не зробім вязнем без судовага прысуду”) 1430 года значна апярэдзіў англійскі “Habeas Corpus Act 1679 года. Закон сейма “nihil novi sine communi consensu” (“нічога новага без усеагульнай згоды”), які забараняў  манарху ўводзіць якія-колечы законы без адабрэння парламентам, быў прыняты ў  1505 годзе. Пачынаючы з 1573 года караля выбірала шляхам усеагульных выбараў шляхта, якая складала каля 10 працэнтаў насельніцтва. Акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года да сённяшняга дня лічыцца помнікам рэлігійнай памяркоўнасці. Само ж стварэнне ў 1569 годзе Рэчы Паспалітай абодвух народаў – агульнай дзяржавы палякаў і літоўцаў, створанага на добраахвотнай аснове, раўнапраўнага саюза – стала феноменам у тагачаснай Еўропе, які сёння можна лічыць правобразам цяперашняга Еўрапейскага Саюза.

Такім чынам, Канстытуцыя 3 траўня, якая пераўтварыла Рэч Паспалітую XVIII стагоддзя ў канстытуцыйную манархію, заснаваную на правіле трохпазіцыйнай улады, што гарантуе грамадзянам абарону правоў, была паслядоўным развіццём нашых дасягненняў. Варта таксама адзначыць, што гэтая знамянальная, новая канстытуцыйная рэформа была вынікам палітычнага працэсу, а не ўзброенай рэвалюцыі і крывавых рэпрэсій супраць цэлых сацыяльных класаў. Вядучай канстытуцыйнай думкай была ідэя грамадзянскай супольнасці: “Віват, любімы кароль! Віват Сейм, віват народ, віват усе Саслоўі!”. Гэты гістарычны акт з’яўляецца для нас невычэрпнай крыніцай вялікага гонару.

Ворагі свабоды палічылі, што новая, свабодалюбная Канстытуцыя 3 траўня ўяўляе для іх пагрозу. Абсалютысцкая імперская Расія пры падтрымцы Прусіі справакавала вайну за Канстытуцыю і зрабіла ўсё, каб знішчыць яе дасягненні. Але Канстытуцыя 3 траўня вытрывала. У свядомасці пакаленняў захавалася памяць пра рэвалюцыйную рэформу дзяржаўнага ладу, пра памкненне думак і духу; памкненне, мэтай якога была выратавальная мадэрнізацыя, што спасылаецца на найважнейшыя агульначалавечыя каштоўнасці. Спадчына Канстытуцыі 3 траўня – неад’емная частка найлепшага еўрапейскага дасягнення. Невыпадкова падчас святкавання 50-й гадавіны рымскіх дагавораў Канстытуцыя 3 траўня была названая “адной з першых крыніц ідэі Еўрапейскага Саюза”.

Я перакананы, што і сёння мы можам разам абапірацца на ідэйныя перадумовы і спадчыну травеньскай Канстытуцыі, у тым ліку разважаючы аб далейшай форме еўраінтэграцыі і аб магчымым будучым  абнаўленні еўрапейскіх дамоў. Пастаянна натхняльным павінен быць змешчаны ў Канстытуцыі 3 траўня прынцып: “Усялякая ўлада ў чалавечым грамадстве бярэ свой пачатак у волі народа”. Дэфіцыт дэмакратыі, недасканалая фармулёўка грамадзянскага прадстаўніцтва ў кіраванні рашэннямі Еўрапейскага Саюза – гэта адзін з нашых найважнейшых агульных выклікаў (цікава тое, што напружанасць паміж неабходнасцю практыкаваць як дэмакратыю, так і мерытакратыю, мы таксама знаходзім у запісах травеньскай Канстытуцыі). Падобным чынам яна шукала і спосабы прымірэння традыцыі з сучаснасцю – яна была злучэннем думкі Асветніцтва з культываваннем хрысціянскіх каштоўнасцяў, прызнаных падмуркам адзінства Еўропы. Варта падкрэсліць, што “Урадавы закон” 1791 года кіраваўся прынцыпамі, якія мы да гэтага часу нязменна разглядаем як асновы еўрапейскай цывілізацыі і еўрапейскага парадку: павага чалавечай годнасці, свабоды, роўнасці і салідарнасці. Гэта ўказанні аксіялагічнага компасу, якія мы ніколі не павінны можам выпусціць з-пад увагі.

Таму я дзялюся з вамі велізарным гонарам і радасцю ў 230-ю гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 траўня. Гэта вялікае свята для палякаў і літоўцаў, для ўсіх народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія стварылі дасягненні былой Рэчы Паспалітай; гэта таксама наша агульнае еўрапейскае свята. Няхай яна будзе натхненнем для стварэння яшчэ лепшай інтэграванай Еўропы. Няхай будзе, як у старых песнях, “травеньскім світанкам”.

 Анджэй Дуда
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча

Тэкст публікуецца адначасова з польскім штомесячнікам меркаванняў “Wszystko Co Najważniejsze” ў рамках праекта, рэалізаванага з Інстытутам нацыянальнай памяці і кампаніі “KGHM Polska Miedz”.

fot. Jakub Szymczuk/KPRP

from to
Scheduled Навіны