5.05.2021 - 5.06.2021 Гісторыя, Навіны, Падзея

Двойчы свабодныя. Палітычныя правы жанчын 1918. Віртуальная выстава

Прадастаўленне жанчынам актыўных і пасіўных выбарчых правоў на падставе ўказа кіраўніка дзяржавы ад 28 лістапада 1918 года ставіла Польшчу ў шэраг найбольш дэмакратычных і прагрэсіўных дзяржаў Еўропы.

У барацьбе за правы. Полькі пад акупацыяй

Адсутнасць уласнай дзяржавы ў XIX стагоддзі аказала ўплыў на грамадскае і палітычнае жыццё палякаў ва ўсіх яго праявах. Польскія землі не маглі цалкам свабодна развівацца эканамічна і цывілізацыйна. Гэта таксама паўплывала на становішча жанчын і з’яўленне ў другой палове стагоддзя руху суфражыстак, якія выступалі за прадастаўленне жанчынам роўных з мужчынамі правоў. Адной з самых вялікіх праблем быў ускладнены доступ да адукацыі. На падуладных Прусіі тэрыторыях наогул не было ўніверсітэтаў, а на падуладных Расіі тэрыторыях улады не дазвалялі вучыцца жанчынам у русіфікаваным Варшаўскім універсітэце. У аўтаномнай Галіччыне полькі з 90-х гг. XIX стагоддзя маглі вучыцца ў Ягелонскім універсітэце, але толькі на двух факультэтах: медыцынскім і філасофскім. Парушаліся таксама і грамадзянскія правы жанчын. Захопнікі арыентаваліся на Кодэкс Напалеона, які дзейнічаў у большасці еўрапейскіх краін. Пасля смерці мужа полькі не мелі права самастойна выхоўваць уласных дзяцей, мелі абмежаванае спадчыннае права, не маглі падпісваць дамовы і завяшчанні, паколькі былі падпарадкаваныя ўладзе мужчын у многіх сферах жыцця. Горш за ўсё было пад расійскай акупацыяй, дзе пасля паўстання 1863-1864 гг. жанчын каралі разам з мужчынамі, якія ўдзельнічалі ў барацьбе, а турму, ссылкі, канфіскацыю маёмасці і паўперызацыю спазналі тысячы польскіх жанчын. У выніку палітычных рэпрэсій і эканамічных пераўтварэнняў дыспрапорцыі паміж мужчынамі і жанчынамі яшчэ больш павялічыліся.

Абмеркаванне становішча жанчын пачалося ў прэсе ў 70-я гады XIX стагоддзя. Яго ініцыявала група варшаўскіх пазітывістаў – журналістаў і пісьменнікаў. Прапаноўвалася рэформа навучання дзяўчат, іх допуск ва ўніверсітэты, пашырэнне прафесійнай адукацыі, ліквідацыя няроўнасці жанчын і мужчын у грамадзянскім праве. У сувязі з пасіўнасцю царскіх уладаў па ініцыятыве Ядвігі Шчавіньскай-Давідавай у Варшаве была створана першая заканспіраваная вышэйшая навучальная ўстанова для жанчын – Лятучы ўніверсітэт. Яго слухачкай была, у прыватнасці, Марыя Складоўская.

Podwójnie_wolne-BY (97)
Podwójnie_wolne-BY (98)
Podwójnie_wolne-BY (96)-ed
previous arrowprevious arrow
next arrownext arrow

Нягледзячы на гэтыя абмежаванні, у XIX стагоддзі полькі не толькі адыгрывалі галоўную ролю ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, але і актыўна ўключаліся ў грамадскае жыццё. У 90-я гады пачалі фарміравацца асяроддзі суфражыстак, якія мелі трохзахопніцкі характар, папулярызавалі лозунгі аб роўных правах жанчын і праве голасу. Сярод найбольш важных было хрысціянскае “Аб’яднанае таварыства землеўласніц” (польск. Zjednoczone Koło Ziemianek, ZKZ) і прагрэсіўны Саюз раўнапраўя польскіх жанчын (польск. Związek Równouprawnienia Kobiet Polskich, ZRKP). У пачатку XX стагоддзя ў асяроддзі Юзафа Пілсудскага з’явілася група сацыялістычных дзяячак руху за незалежнасць, якія ўтваралі Баявую арганізацыю Польскай сацыялістычнай партыі. Усе тры асяроддзі пазней сустрэліся на фронце Першай сусветнай вайны, у барацьбе за вольную, незалежную Польшчу.

Podwójnie_wolne-BY (62)
Podwójnie_wolne-BY (101)
Podwójnie_wolne-BY (102)
Podwójnie_wolne-BY (104)
previous arrowprevious arrow
next arrownext arrow

 

Мы хочам поўнага жыцця! Феміністкі

Заснавальніцай польскага фемінісцкага руху была Паўліна Кучальска-Рэйншміт, сузаснавальніца і галоўная рэдактарка часопіса “Ster” (выходзіў у Львове ў 1895-1997 гг., у Варшаве – з 1907 г.), прэсавага органа Саюза раўнапраўя польскіх жанчын (ZRKP).

Сталымі супрацоўніцамі варшаўскай рэдакцыі часопіса былі спецыялісткі па гісторыі Хэлена Віткоўска і Рамуальда Бадуэн дэ Куртэнэ, таленавітая мастачка Марыя Дулемба, грамадская актывістка Юзэфа Баяноўска, эканамістка Зоф’я Дашыньска-Галіньска і доктарка Юстына Будзіньска-Тыліцка. Часам у часопісе “Ster” публікаваліся таксама Ізабэла Машчэньска-Жэпецка, педагог, публіцыстка і палітычная дзяячка. У Кракаве Марыя Тужыма выдавала “Nowe Słowo”, сярод аўтарак якога былі Тэадора Мэнчкоўска, настаўніца фізікі, і Казіміра Буйвід, лабарантка, супрацоўніца і жонка бактэрыёлага Адона Буйвіда.

На старонках сваіх часопісаў фемінісцкія асяроддзі вялі кампаніі па ўстанаўленні раўнапраўя мужчын і жанчын, выяўлялі праявы сямейнай дыскрымінацыі, крыніцай якой былі палажэнні яшчэ з Кодэкса Напалеона. У прыватнасці, жанчыны патрабавалі адмены зневажальнага запісу, згодна з якім пасля смерці мужа ўдаве даводзілася прызначаць сямейны савет або атрымліваць законнага апекуна, што абмяжоўвала ўладу маці над дзіцем. Кодэкс таксама ўскладняў атрыманне грамадзянства і дазваляў уладкоўвацца на працу толькі са згоды мужа. Публіцысткі выступалі супраць падвойнай маралі, асвятлялі праблему прастытуцыі і венерычных захворванняў, спасылаючыся на лозунгі чысціні нораваў, сексуальнага ўстрымання да шлюбу і шлюбнай вернасці.

Барацьба за выбарчыя правы польскіх жанчын цалкам залежала ад волі і пастановы захопніцкіх уладаў. Таму, хоць гэты пастулат і не быў рэалізаваны, феміністкі дамагліся значных поспехаў у папулярызацыі лозунгаў роўнасці мужчын і жанчын у буйных гарадах. Пасля 1911 года актывісткі руху, усё больш расчараваныя законнымі формамі барацьбы за правы, пачалі пранікаць у асяроддзі, што змагаліся за незалежнасць. Напрыклад, яны ўступалі хоць бы ў такія арганізацыі, як “Стралок” (польск. “Strzelec”).

 

Зрабіць штосьці карыснае. Хрысціянскія дэмакраткі

У адрозненне ад Заходняй Еўропы на польскіх землях не ўтварылася партыя хрысціянска-дэмакратычнага характару. Аднак на глебе грамадскага жыцця паўстала жаночае “Аб’яднанае таварыства землеўласніц”, якое пабудавала сваю праграму на сацыяльным вучэнні каталіцкага касцёла.

Яго заснавальніцай была Марыя Клянеўска з Ключковіц. Пасля з’яўлення энцыклікі “Rerum Novarum” яна сабрала вакол сябе групу актыўных жанчын, якія паходзілі – як і яна сама – з землеўласніцкага асяроддзя. Лідаркамі ZKZ былі папулярная пісьменніца Марыя Радзевіч, Марыя Крэткоўска, Марыя Карчэўска і Ірэна Касмоўска, ганаровым членам аб’яднання была Эліза Ажэшка. Яны прасоўвалі праграму сацыяльнага салідарызму, які павінен быў будаваць масты паміж сацыяльнымі класамі і змякчаць наступствы жорсткага капіталізму.

Апошняя чвэрць XIX стагоддзя была перыядам бурных эканамічных пераўтварэнняў. Адной з праяў гэтага была масавая міграцыя сельскага насельніцтва ў гарады. Вясковыя дзяўчаты без прафесіі ўладкоўваліся служанкамі ў прыватныя дамы. Гэтая была нізкааплатная праца, неабароненая ніякімі законамі. Паколькі  служанкі не мелі права выходзіць замуж, у старасці яны  траплялі ў прытулкі. У дамах сваіх працадаўцаў маладыя дзяўчаты падвяргаліся таксама сексуальнаму гвалту.

Актывісткі ZKZ галоўным чынам дапамагалі жанчынам і дзяўчатам з сельскай мясцовасці. Яны прывозілі ў вёску акушэрак, стваралі дзіцячыя пляцоўкі, вучылі правілам гігіены і догляду за дзіцем. Для дзяўчынак ствараліся прафесійныя школы, дзе навучанне крою, шыццю, пляценню мэблі і санітарнай справе спалучалася з навучаннем пісьму, чытанню і ліку. Яны прасоўвалі ідэю кааперацыі, адкрывалі крамы, заснаваныя на мясцовых рамёствах і прадуктах харчавання. Члены ZKZ бралі прыклад з сацыяльнай актыўнасці айца Ганарата Казьмінскага, заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр памочніц душам чыстцовым, якія апекаваліся дзяўчатамі і жанчынамі з рабочых колаў. Хрысціянскія дэмакраткі лічылі, што жанчыны павінны мець магчымасць удзельнічаць у выбарах, каб лепш выконваць свае грамадзянскія абавязкі. Яны прапагандавалі ідэі гендарнай камплементарнасці, доступу жанчын да адукацыі і рынку працы, а таксама ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын паводле Кодэкса Напалеона. Пасля 1911 года яны рашуча падтрымалі імкненне да незалежнасці і зрабілі свой унёсак у адраджэнне польскай дзяржавы.

 

Дынаміт пад гарсэтам. Драмадэркі

Пасля падзей 1905 года ўдзельніцы феміністычнай структуры “Саюза раўнапраўя польскіх жанчын” і хрысціянска-дэмакратычнага “Аб’яднанага таварыства землеўласніц” выбралі шлях легалізму. Сацыялісткі нацыянальна-вызваленчага руху выбралі іншы шлях. Яны ўступілі ў Баявую арганізацыю Польскай сацыялістычнай партыі пад кіраўніцтвам Юзафа Пілсудскага. Яны лічылі, што адзіным шанцам дамагчыся раўнапраўя жанчын з’яўляецца аднаўленне незалежнасці Польшчы метадам узброенага паўстання. Іх называлі драмадэркамі або рэвалюцыянеркамі.

Прадстаўніцамі гэтага напрамку былі Аляксандра Шчарбіньска, Марыя Аўчарэк, Ханна Пасхальска, Юзэфа Радзевіч і Зоф’я Праўс. Галоўныя вытокі прыгнёту яны бачылі ў царскім самадзяржаўі і рускім апараце палітычнага ціску. Выхаваныя ў традыцыі, дзе ўсё апазіцыйнае і антыцарскае мела рэвалюцыйны характар, яны называлі сябе рэвалюцыянеркамі. Пілсудскі паслядоўна імкнуўся ператварыць сацыяльную рэвалюцыю 1905 года ва ўзброенае нацыянальнае паўстанне. Актывісткі Баявой арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі праводзілі агітацыю за незалежнасць на заводах, перавозілі пад сукенкамі боепрыпасы і маўзеры ва ўмоўленыя кропкі, выбухоўку хавалі ў гарсэтах. Пасля 1911 года гэтай адносна невялікай групе жанчын удалося прыцягнуць да сябе большасць актывістак: паэтак, перакладчыц, студэнтак і гімназістак.

Podwójnie_wolne-BY (111)
Podwójnie_wolne-BY (113)
Podwójnie_wolne-BY (82)
Podwójnie_wolne-BY (112)
previous arrowprevious arrow
next arrownext arrow

Жанчыны прымалі ўдзел у тэрарыстычных акцыях супраць структур царызму, а падчас Першай сусветнай вайны вялі ўзброеную барацьбу ў мужчынскай форме і пад мужчынскімі псеўданімамі, працавалі ў выведцы, як Ванда Герцуўна, падчас польска-бальшавіцкай вайны і былі санітаркамі. Яны часта плацілі за гэта высокую цану – катаванні, турмы і нават смерць.

 

Год 1918

Дыпламатычныя аперацыі і ўзброеная барацьба прынеслі Польшчы вяртанне на палітычную мапу свету ў 1918 годзе. Вялізная праца па стварэнні структур Польскай Рэспублікі на тэрыторыях ранейшых трох уладанняў азначала, сярод іншага, шматлікія няпростыя адміністрацыйныя і палітычныя дзеянні. Адным з іх было прызначэнне першых свабодных і дэмакратычных выбараў у Сейм Другой Польскай Рэспублікі.

У лістападзе 1918 года на польскіх землях існавала некалькі цэнтраў улады. Рэгенцкая рада ў Варшаве, перш чым перадаць уладу Юзафу Пілсудскаму, які вярнуўся з Магдэбурга, не планавала надаваць выбарчыя правы жанчынам. 7 лістапада Люблінскі ўрад на чале з Ігнатам Дашыньскім абвясціў палітычнае раўнапраўе жанчын.

У такой сітуацыі ў верасні і лістападзе 1918 года актывісткі і палітычныя дзяячкі арганізавалі мноства мітынгаў і з’ездаў жанчын пад лозунгамі раўнапраўя ў свабоднай польскай дзяржаве. У іх прымалі ўдзел розныя жаночыя арганізацыі, якія прадстаўлялі землеўласніц, інтэлігенцыю, хрысціянскае асяроддзе і сацыялістак. ZRKP выпусціў агітацыйныя паштоўкі з лозунгам: “Усеагульнае галасаванне магчымае толькі тады, калі і жанчыны галасуюць!”. Адбылася мабілізацыя ўсіх актыўных жаночых колаў, якія звярталіся да палітыкаў вышэйшага ўзроўню ў пошуках падтрымкі для ўстанаўлення раўнапраўя.

Podwójnie_wolne-BY (87)
Podwójnie_wolne-BY (99)
Podwójnie_wolne-BY (105)
previous arrowprevious arrow
next arrownext arrow

28 лістапада быў прыняты дэкрэт аб выбарах ва Устаноўчы сейм. Выбаршчыкамі сталі ўсе грамадзяне краіны, якія дасягнулі 21-гадовага ўзросту. Згодна з артыкулам 7 “выбаршчыкамі ў Сейм з’яўляюцца ўсе грамадзяне(кі) дзяржавы, якія маюць дзейнае выбарчае права”. У сярэдзіне зімы 1919 года жанчыны ўпершыню пайшлі да выбарчых скрыняў у якасці паўнапраўных грамадзянак Польскай Рэспублікі. Першымі дэпутаткамі ў гісторыі польскага парламентарызму сталі Ядвіга Дзюбіньска, Ірэна Касмоўска, Габрыэля Баліцка, Зоф’я Сакальніцка, Марыя Мачыдлоўска, Францішка Вільчковяк, Зоф’я Марачэўска і Анна Пясецка.

 

Спрэчкі пра эмансіпацыю

Працэс эмансіпацыі жанчын, нягледзячы на цяжкасці ў сувязі з падзеламі краіны і немагчымасцю самавызначэння, шмат у чым працякаў гэтак жа, як і ў іншых краінах. Вырашаліся аналагічныя пытанні: падзел сацыяльных роляў жанчын і мужчын, праблемы цывілізацыі, доступ да адукацыі, заработная плата, выбарчыя правы. Падобна актыўныя полькі дзейнічалі ў фемінісцкіх і хрысціянска-дэмакратычных рухах.

Podwójnie_wolne-BY (100)
Podwójnie_wolne-BY (94)
previous arrowprevious arrow
next arrownext arrow

Абодва бакі спрэчкі за раўнапраўе жанчын у дэбатах, якія доўжыліся амаль паўстагоддзя, у сваёй аргументацыі спасылаліся на розныя каштоўнасці: справядлівасць, роўнасць, свабоду. Гэта знайшло адлюстраванне ў публіцыстыцы і літаратуры. Для сацыялістаў арыенцірамі маглі быць роўнасць (Ігнат Дашыньскі), імкненне да свабоды (Казімеж Келес-Краўз) або справядлівасці (Юзаф Пілсудскі). Лідар нацыяналістаў Раман Дмоўскі змагаўся з ідэяй раўнапраўя, але іншыя члены партыі захоўвалі нейтралітэт або прыхільнасць у адносінах да лозунгу роўных правоў. Здаралася, што лібералы згаджаліся з пастулатам роўнасці жанчын у грамадзянскім праве, аднак скептычна ставіліся да пытанняў выбарчых правоў (Баляслаў Прус). Некаторыя творцы, такія як Габрыэля Запольская, якая ў сваіх драмах па-майстэрску агаляла “падвойную мараль” і крыўду простых жанчын (“Мараль пані Дульскай”), былі праціўнікамі раўнапраўя. Каталіцкія біскупы асцерагаліся эмансіпацыі жанчын, у той час як парафіяльныя святары і манахі былі прыхільнікамі раўнапраўя на глебе сацыяльнага вучэння каталіцкага касцёла і супрацоўнічалі з актывістамі ZKZ.

Прадастаўленне жанчынам палітычных правоў у 1918 годзе было звязана з многімі прычынамі. Полькі на працягу ўсяго перыяду акупацыі былі асноўнымі носьбітам польскага культурнага кода, перадаванага новым пакаленням. Самае маладое пакаленне жанчын, якія змагаліся на фронце Першай сусветнай вайны, імкнулася выконваць ролю суб’екта гісторыі. Лозунг “гераічнага подзвігу”, высунуты Марыяй Дамброўскай у перыяд вайны, таксама дапамог пераадолець стыгму паразы паўстання 1863-1864 гадоў, сведкамі ці актыўнымі ўдзельніцамі якога былі іх бабулі. Дэкрэт 1918 года выказваў волю Пілсудскага, які ўсведамляў заслугі жанчын у галіне культуры і грамадскай дзейнасці, а таксама патрыятычнай адданасці ў гады вайны. Такім чынам, вяртанне Польшчы на палітычную мапу Еўропы было звязана з нараджэннем усведамляючых свае правы польскіх грамадзянак.


Выстава “Двойчы свабодныя. Палітычныя правы жанчын 1918” падрыхтаваная Інстытутам Пілецкага.

Канцэпцыя: праф. Магдалена Гавін

Куратарскае супрацоўніцтва: Ганна Радзеёўска

Апрацоўка біяграфій: д-р Марцін Панэцкі

Кіраўнік вытворчасці: д-р Агнешка Конік

Рэдагаванне: Ёанна Адамчык

Дызайн: майстэрня “Zespół wespół”, Бэата Дэйнаровіч

Лічбавая адаптацыя выставы: Кшыштаф Пэўка, Аляксандра Керэта, Наталля Радульска

Падбор матэрыялаў: Паўліна Вісьнеўска

Інстытут Пілецкагагэта навукова-даследчы інстытут, створаны для міждысцыплінарнай і міжнароднай рэфлексіі над ключавымі пытаннямі гісторыі XX стагоддзя: Другой сусветнай вайной і досведам таталітарызмаў –нямецкага і савецкага, а таксама наступствамі іх дзеянняў. Інстытут збірае і адкрывае доступ да дакументаў, якія паказваюць аблічча XX стагоддзя, падтрымлівае навуковыя даследаванні і, дзякуючы адукацыйным праектам і культурным падзеям, пашырае веды пра мінулае стагоддзе.

from to
Scheduled Гісторыя Навіны Падзея