5.05.2021 Музыка, Навіны, Падзея

202 гады з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

Сёння, 5 траўня, споўнілася 202 гады з дня нараджэння СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ – выдатнага кампазітара-рамантыка ХІХ стагоддзя, аўтара песень, аперэт, опер і балетаў.

З гэтай нагоды сардэчна запрашаем Вас на анлайн-прэм’еру канцэрта “Манюшка з 1000 і адной ночы” ў выкананні выдатнага калектыву “Марыя Памяноўска і сябры”.
Пачатак канцэрта: 5 таўня 2021 г. а 20:00 па беларускім часе.
Канцэрт арганізаваны Вялікім тэатрам-Нацыянальнай операй у Варшаве на платформе VOD.teatrwielki.pl.

Станіслаў Манюшка – аўтар больш за 268 песень, шматлікіх опер (найбольш вядомыя – Галька, Страшны Двор і Парыя), аперэт, балетаў і духоўнай музыкі. Ён нарадзіўся 5 мая 1819 г. у Убелі, недалёка ад Мінска, на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яго бацька Чэслаў Манюшка, гербу Кшыдвы, быў землеўладальнікам, служыў капітанам у напалеонаўскай арміі, а маці Эльжбета Маджарская паходзіла з венгерска-армянскай сям’і, і менавіта яна дала сыну першыя ўрокі музыкі. 

Пазней Станіслаў навучаўся ў школе піяраў у Варшаве, браў урокі ігры на фартэпіяна і аргане ў Аўгуста Фрэйера. Удасканальваў сваю музычную адукацыю ў Дамініка Стэфановіча ў Мінску і ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена ў Берліне. У 1836-58 гг. жыў у Вільні. Пасля атрымання адукацыі працаваў арганістам у касцёле Святых Янаў. Пасля трыумфальнай прэм’еры новай чатырохактовай версіі оперы “Галька”, якая адбылася 1 студзеня 1858 года ў Варшаве, Станіслаў Манюшка гастраліраваў па Германіі і Францыі, а пасля вяртання 1 жніўня 1858 года быў прызначаны галоўным дырыжорам Польскай Оперы ў Вялікім тэатры ў Варшаве. На працягу амаль пятнаццаці гадоў працы на гэтай пасадзе ён падрыхтаваў і паставіў амаль усе свае пазнейшыя оперы. Адначасова, з 1864 года С. Манюшка працаваў выкладчыкам у Інстытуце Музыкі ў Варшаве.
Станіслаў Манюшка раптоўна памёр 4 чэрвеня 1872 г. ва ўзросце 53 гадоў у Варшаве. Пахаванне кампазітара, у якім удзельнічала ад 60 да 100 тысяч чалавек, стала ў Польшчы нацыянальнай маніфестацыяй. Станіслаў Манюшка пахаваны на Павонзкіх могілках у Варшаве.

Scheduled Музыка >Навіны >Падзея