06-05-2021 Навіны

II Міжнародны конкурс польскай музыкі імя Станіслава Манюшкі 2021

Да 31 траўня можна падаць заяўку на Міжнародны конкурс польскай музыкі імя Станіслава Манюшкі. Конкурс пройдзе ў другі раз, з 11 па 18 верасня 2021 года ў Падкарпацкай філармоніі імя Артура Маляўскага ў Жэшуве.
Удзельнікі будуць спаборнічаць у двух катэгорыях – фартэпіяннай і камерных калектываў. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Інстытут музыкі і танца, а фундатарам галоўных фінансавых прэмій – Міністэрства культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту. – Конкурс пройдзе ў другі раз, і мы чакаем шматлікіх заявак ад удзельнікаў як з Польшчы, так і з-за мяжы. Цяпер усё ў руках музыкаў, якія павінны прыняць рашэнне аб сваім удзеле ў конкурсе. Мы спадзяемся, што выкладчыкі музычных ВНУ сыграюць тут важную ролю і намовяць сваіх падапечных прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве, – гаворыць Кацярына Мейснер, дырэктар IMiT.

Палажэнне аб конкурсе, рамачны графік конкурсу, формы заявак, інфармацыя пра кампазітараў, рэпертуар і ноты, а таксама ўсе навіны пра мерапрыемства размешчаны на сайце:

Выканаўцы змогуць прадставіць у конкурсе творы 56 польскіх кампазітараў, галоўным чынам, XIX і XX стагоддзяў. Удзельнікі самі рыхтуюць свае праграмы, выбіраючы творы для асобных этапаў конкурсу. Поруч з такімі вядомымі кампазітарамі, як Шапэн, Падарэўскі, Гурэцкі або Пендэрэцкі, мы прапануем звярнуцца і да менш вядомых прадстаўнікоў розных стыляў і музычных эпох, такіх як Антоні Контскі, Эўгеньюш Панкевіч і Тадэвуш Пацяркевіч. Не менш важнае месца займаюць польскія кампазітаркі: Марыя Шыманоўска і Гражына Бацэвіч. Да ўдзелу запрашаюцца музыканты-інструменталісты, якія выступаюць індывідуальна і ў складзе камерных калектываў – ад дуэтаў да дванаццаці чалавек. Абмежаванняў па ўзросце і грамадзянстве ўдзельнікаў няма. Журы абедзвюх катэгорый конкурсу складаецца з выбітных польскіх і замежных музыкаў і дзеячаў музычнага жыцця. 

Старшынствуюць сёлета: фартэпіяннае журы – Яраслаў Джэвецкі, журы ў катэгорыі камерных калектываў – Анджэй Татарскі. Музыкі, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, таксама маюць магчымасць атрымаць мноства дадатковых узнагарод: ад фінансавых прэмій да выступаў у вядучых канцэртных залах Польшчы і на асобных фестывалях. Сярод іншага, плануецца ўручэнне ўзнагароды ў памеры 500 еўра за найлепшае выкананне ў конкурсе фартэпіяннай санаты або камернай кампазіцыі Мілаша Магіна, заснаванай дачкой кампазітара Марго Магін, а таксама ўзнагарода Жэнеўскага таварыства Фрэдэрыка Шапэна ў форме выступу на Шапэнаўскім фестывалі ў Жэневе ў 2021 годзе. Акрамя таго, Польскія інстытуты, якія супрацоўнічаюць з конкурсам, фінансуюць адзначаным лаўрэатам канцэрты ў гарадах свайго размяшчэння: у Браціславе, Санкт-Пецярбургу і Вене. Такім чынам, пераможцы конкурсу атрымліваюць ад арганізатараў магчымасць прадэманстраваць свае ўменні і сваю аўтарскую праграму польскай музыкі як у Польшчы, так і за мяжой. Яшчэ адным сюрпрызам для ўдзельнікаў з’яўляецца магчымасць жывога запісу выбраных твораў, якія трапяць у некалькі частак аўдыёвыдання – хронікі конкурсу. Здараецца, што такім чынам адбываюцца сусветныя фанаграфічныя прэм’еры гэтых твораў. Упершыню конкурс адбыўся ў 2019 годзе. Мерапрыемства сабрала 81 удзельніка з 6 краін. Пераможцам у катэгорыі піяністаў стаў прадстаўнік Расіі – Павел Дамброўскі, а ў катэгорыі камерных калектываў трыумфаваў дуэт скрыпачоў – Марта Гідашэўска і Роберт Лагуняк, якія цяпер выступаюць пад назвай Polish Violin Duo. Умовы, рамачная праграма конкурсу, формы заявак, інфармацыя аб рэпертуары, кампазітарах і нотных матэрыялах, а таксама ўсе навіны пра мерапрыемства даступныя на старонцы: www.konkursmuzykipolskiej.pl.