Калекцыя твораў Элізы Ажэшкі ў бясплатным доступе на polona.pl
6 чэрвеня споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння Элізы Ажэшкі – найвыбітнейшай раманісткі канца XIX стагоддзя. Яна пакінула па сабе велізарны літаратурны даробак: раманы, навэлы, публіцыстыку, карэспандэнцыю, а таксама сваю незвычайную біяграфію і легенду. Да юбілею Нацыянальная Бібліятэка Польшчы і партал polona.pl падрыхтавалі калекцыю твораў пісьменніцы.
Творы Элізы Ажэшкі (1841-1910) ужо больш за сто гадоў уваходзяць у канон чытання палякаў, а створаныя ёю персанажы – у канон польскай культуры. Яе самыя вядомыя раманы – “Над Нёманам” і “Хам” – дачакаліся ўжо некалькіх экранізацый, самыя першыя з якіх датуюцца перыядам міжваеннага дваццацігоддзя. У 1905 і 1909 гадах яе імя згадвалася сярод самых сур’ёзных прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, але адзін раз яе кандыдатура прайграла Генрыку Сянкевічу, а другі раз – Сэльме Лагерлёф. Яскравы творчы партрэт Элізы Ажэшкі прадставіў Януш Джэвуцкі на партале polona.pl у тэксце “Эліза Ажэшка, майстра рамана”.
З 1869 года пісьменніца жыла ў Гродне, дзе памерла, цяжка захварэўшы на сэрца, 18 траўня 1910 года. У тым жа годзе выйшла яе апошняя кніга, зборнік апавяданняў “Gloria victis” (больш падрабязна пра яго ў нашай Бібліятэцы анлайн). У лік найбольш каштоўных рукапісаў Ажэшкі, што знаходзяцца ў зборах Аддзела рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы ўваходзяць тры чарнавікі рамана “Над Нёманам”, а таксама рукапісы такіх твораў, як: “Перліна шчасця”, “Звялы ліст”, “Дзіўная гісторыя”, “Тры лілеі”, “Жменя афарызмаў”. Акрамя таго, у Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца перапіска пісьменніцы са Стэфанам Жаромскім і лісты сябрам і знаёмым: Луцыне Катарбіньскай, Антаніне Натансон, Марыі Астрамэнцкай, Юліі Цярпілоўскай, Юзэфе Туханоўскай.
З творамі пісьменніцы і даследаваннямі яе жыцця і творчасці, можна азнаёміцца на партале polona.pl. Калекцыю аздабляе раман “Над Нёманам” у форме рукапісу і аўдыёкнігі.
Крыніца: www.bn.org.pl