У гэтым годзе акцыя пад дэвізам “Літаратура без межаў” атрымала падназву “Класіка польскай навелы”, а для чытання былі абраны 8 навел знакамітых польскіх аўтараў:
Эліза Ажэшка «Добрая пані» (Dobra pani),
Марыя Канапніцкая «Дым» (Dym),
Баляслаў Прус «Шарманка» (Katarynka),
Генрык Сянкевіч «Сахем» (Sachem),
Бруна Шульц «Мой бацька ідзе ў пажарнікі» (Mój ojciec wstępuje do strażaków),
Уладзіслаў Рэймант «Ворыва» (Orka),
Стэфан Жаромскі «Раздзяўбуць нас крумкачы, вароны…» (Rozdzióbią nas kruki, wrony…),
Генрык Жавускі «Сава» (Sawa).
У чытанні ўзялі ўдзел польскія дыпламаты, беларускія літаратары і культурныя дзеячы, прадстаўнікі польскай меншасці, настаўнікі і выкладчыкі польскай мовы, вучні, студэнты і слухачы курсаў польскай мовы, а таксама беларусы, якія захапляюцца польскай культурай. Удзельнікі чыталі ўрыўкі з твораў на польскай мове або ў перакладзе на беларускую.
Музычна-тэатралізаваную частку стваралі: рэжысёр Андрэй Саўчанка, “Тутэйшы тэатр”, Лабараторыя акцёрскіх курсаў “Арт-Фактар”, музыка — Канстанцін Яськоў, Пафнуцій Кузюкян, сцэнаграфія і касцюмы — Наста Шастак; харэаграфія — Ірына Шырокая.
Нагадваем, што акцыя “Нацыянальнае чытанне” з 2012 года праходзіць пад патранатам прэзідэнта Польшчы. Яе асноўнай мэтай з’яўляецца распаўсюджванне багацця польскай літаратуры і папулярызацыя чытання.