4 лютага мы адзначаем 275-ую гадавіну з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі (1746-1817). Ён з’яўляецца нацыянальным героем Польшчы, Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровым грамадзянінам рэвалюцыйнай Францыі, адным з найбольш вядомых сыноў Рэчы Паспалітай ва ўсім свеце.
Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 г. у фальварку Мерачоўшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (у цяперашні час тэрыторыя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Рэспублікі Беларусь). Быў выпускніком Рыцарскай школы ў Варшаве і Версальскай вайсковай акадэміі пад Парыжам. У 1776 г., праз месяц пасля абвяшчэння Дэкларацыі аб незалежнасці, Касцюшка прыехаў у Амерыку, дзе быў прызначаны інжынерам амерыканскай арміі ў званні палкоўніка. У знак прызнання яго інжынерных уменняў Джордж Вашынгтон даручыў яму будаўніцтва крэпасці Вэст-Пойнт, аднак пасля больш чым двухгадовага перыяду захацеў пакінуць крэпасць і далучыцца да аддзелаў на лініі фронту, імкнучыся да славы на полі бою. У знак прызнання заслуг, 13 кастрыніка 1783 г. згодна з пастановай Кангрэса ў Касцюшка быў узведзены ў званне генерала брыгады амерыканскай арміі. Ён атрымаў значную колькасць зямлі і фінансавых сродкаў, якія выдаткаваў на выкуп афраамерыканскіх нявольнікаў і іх адукацыю.
Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую Касцюшка ўдзельнічаў у вайне ў абарону Канстытуцыі 3 траўня, пасля адправіўся ў палітычную эміграцыю. Падчас эміграцыі падрыхтаваў канцэпцыю нацыянальнага паўстання. 24 сакавіка 1794 г. на кракаўскім рынку Касцюшка прынёс народу ўрачыстую прысягу і прыняў фармальнае кіраўніцтва паўстаннем як вярхоўны галоўнакамандуючы нацыянальнымі ўзброенымі сіламі. Касцюшка ўзначаліў паўстанне, якое працягвалася два гады. Паранены 10 кастрычніка 1794 г. у бітве пад Мацеёвіцамі, ён быў зняволены ў Пецярбургскай турме, а пазней выпушчаны пасля прынясення прысягі цару. У 1798 – 1815 гг. жыў у Францыі, дзе прымаў удзел у стварэнні Польскіх легіёнаў.
Тадэвуш Касцюшка памёр 15 кастрычніка 1817 г. у Залатурне, Швейцарыя. Пахаваны ў мясцовым былым езуіцкім касцёле, а праз год астанкі героя былі перавезены ў Кракаў у каралеўскі склеп кафедральнага сабора на Вавелі.
Цікавыя матэрыялы пра Тадэвуша Касцюшку:
Дакументальны фільм “Касцюшка: Чалавек, які апярэдзіў свой час”.
Працягласць: 53 хв.
Дакументальны фільм Алякса Старажыньскага па матывах яго кнігі “Касцюшка, князь сялян” знаёміць з асобай, жыццём і шматлікімі заслугамі выдатнага чалавека – Тадэвуша Касцюшкі. Ён утрымлівае выказванні прафесараў Джэймса С. Пула, Гэры Нэша, Збігнева Бжэзіньскага і Януша Макуха.
Фільм багата ілюстраваны іканаграфіяй, архіўнымі матэрыяламі і пастаноўкамі.
Інфармацыя пра жыццё і дасягненні Т. Касцюшкі таксама на сайце Музея гісторыі Польшчы.
А таксама ў дакументальным фільме “Летуценнікі. Касцюшка ў Кракаве”. Працягласць 23 хв.
Фільм быў створаны ў рамках дакументальнага цыкла Сільвестра Шэрэфа і Пятра Лягутка, рэалізаванага з нагоды 100-ай гадавіны аднаўлення незалежнасці. Цыкл знаёміць гледачоў з постацямі палякаў, якія ўдзельнічале ў барацьбе за свабоду Радзімы. Кракаў стаў для справы вызвалення ўнікальным месцам.