Нацыянальны цэнтр культуры ў Варшаве чарговы раз узбагаціў прастору Варшавы важным культурным зместам і эстэтычнымі вартасцямі. У цэнтры сталіцы, на плошчы каля станцыі метро «Цэнтр» была створана новая вулічная праца, якая прадстаўляе светачаў польскай літаратуры: Габрыэлю Запольскую, Станіслава Лема, Тадэвуша Ружэвіча і Цыпрыяна Каміля Норвіда. Спадары літаратары – па рашэнні Сейма РП, які такім чынам адзначыў іх круглыя юбілеі з дня нараджэння, – сталі літаратурнымі апекунамі 2021 года. Габрыэла Запольская, у сваю чаргу, з’яўляецца гераіняй прэзідэнцкай акцыі «Нацыянальнае чытанне» ў гэтым годзе.
Партрэты майстроў слова з’яўляліся на мурале кожны тыдзень. Першым героем, чый вобраз пабачыў свет, быў Цыпрыян Каміль Норвід –выбітны і хіба найбольш цытаваны польскі пісьменнік, паэт, графік, мастак, скульптар, філосаф. Двухсотгоддзе з дня яго нараджэння мы будзем адзначаць 24 верасня.
На другім этапе з’явіўся вобраз Тадэвуша Ружэвіча, аднаго з самых выбітных польскіх паэтаў і драматургаў XX стагоддзя, а таксама сцэнарыста і ініцыятара тэатра абсурду. У гэтым годзе, 9 кастрычніка, мы адзначаем стагоддзе з дня яго нараджэння.
Габрыэля Запольская – актрыса, аўтарка п’ес і раманаў, публіцыстка, тэатральны і мастацкі крытык, памерла сто гадоў таму – 21 снежня 1921 года. Творам юбілейнай дзясятай акцыі «Нацыянальнае чытанне» стане „Мараль пані Дульскай ” – самы вядомы твор гэтай выбітнай аўтаркі, у якім высмейваецца маральная крывадушнасць мяшчанства.
Кульмінацыяй стытарту стаў вобраз Станіслава Лема – аднаго з найвыбітнейшых польскіх і еўрапейскіх пісьменнікаў, эсэістаў, футуролагаў і філосафаў XX стагоддзя, чые раманы перакладзены на больш чым 40 моў і выдадзены агульным накладам больш за 30 мільёнаў асобнікаў. 12 верасня 2021 года спаўняецца 100 гадоў з дня яго нараджэння.
Аўтарка працы Марыя Гарцаж – кракаўская ілюстратарка, якая малюе лічбавымі тэхнікамі. Яна стварае ілюстрацыі для дзіцячых кніг, вокладак кніг, газет і віншавальных паштовак.
Фота: Michał Dziurkowski (Good Looking Studio)
Крыніца: www.nck.pl