Адбылася сустрэча з цыкла “Польска-беларускі дыялог гісторыкаў па складаных пытаннях”
6 снежня на гістарычным факультэце БДУ прайшла чацвёртая сустрэча з цыкла “Польска-беларускі дыялог гісторыкаў па складаных пытаннях”. У круглым стале пад назвай “450-годдзе Люблінскай уніі. Спадчына Люблінскай уніі ў традыцыі беларускай і польскай палітычнай думкі ў XVIII – XXI ст.” прынялі ўзел гісторыкі з найбуйнейшых універсітэтаў Польшчы і Беларусі.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі закраналі розныя аспекты ў гісторыі Беларусі і Польшчы, звязаныя з падпісаннем Люблінскай уніі. Гэта перш за ўсё уплыў гэтага пагаднення на шляхі развіцця беларускіх зямель у XVI-XVIII ст., яго роля ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Прысутныя адзначалі існаванне альбо адсутнасць традыцый Люблінскай уніі ў гісторыі Беларусі і Польшчы ў ХХ – XXI ст. Размова шла пра традыцыі сеймікавання ў дзейнасці дваранскіх дэпутатскіх сходаў беларускіх губерній Расійскай імперыі, бачанне польска-літоўскіх уній беларускімі і польскімі нацыянальнымі дзеячамі ў пачатку ХХ ст., давалася характарыстыка польскай палітыцы федэралізму ў 1918-1920 гг., аналізавалася нацыянальная палітыка польскага ўраду ў эміграцыі і польскага руху супраціўлення ў гады Другой сусветнай вайны. Прысутныя звярнулі ўвагу і на сучасныя ацэнкі Люблінскай уніі і яе наступстваў у беларускім і польскім грамадстве і гістарычнай палітыцы дзвюх краін.
Арганізатарамі беларуска-польскага дыялогу выступаюць гістарычны факультэт БДУ, гістарычна-сацыялагічны факультэт Універсітэта ў Беластоку і Польскі інстытут ў Мінску. Мэтаю беларуска-польскага дыялогу гісторыкаў з’яўляецца арганізацыя сістэматычнага навуковага дыялогу, падчас якога было б магчыма не толькі абмеркаваць розныя ацэнкі пэўных складаных і спрэчных гістарычных праблем, але і зблізіць навуковыя падыходы.