9 лістапада 2017 года а 18-ай гадзіне ў Доме Ваньковічаў у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя кнігі ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі “З тайгі пад Акропаль. Успаміны з 1848–1866 гадоў” у перакладзе з польскай на беларускую мову.
Кніга ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі “З тайгі пад Акропаль” ў перакладзе на беларускую мову, здзейсненым Марынай Запартыка, выйшла ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” y выдавецтве “Лімарыус” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Мемуары выпраўляюць чытача ў далёкае дзевятнаццатае стагоддзе, дзе ўслед за аўтарам можна прайсці трывожнымі сцежкамі паўстанцаў, перажыць неверагодныя выпрабаванні і прыгоды з пагрозамі, уцёкамі, неспадзяванымі сустрэчамі, адчуць веліч патрыятычнага духу, мужнасць і трагедыю пакалення той эпохі.
У прэзентацыі возьмуць удзел гісторыкі і літаратуразнаўцы, перакладчыца Марына Запартыка.
Вядоўца – паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч
Музычнае афармленне – трыа “Вытокі”.
Зыгмунт Мінейка (1840 – 1925), ваенны і грамадскі дзеяч, навуковец, інжынер, мемуарыст. Нарадзіўся ў вёсцы Балванішкі Віленскай губерні (цяпер в. Зялёны Бор Гродзенскай вобл.) у шляхетнай заможнай сям’і Цэцыліі і Станіслава Мінейка. Матэрыяльнае становішча сям’і дазваляла забяспечыць будучаму герою паўстання бліскучую кар’еру і ён у 1858 г. паступіў у адну з самых прэстыжных навучальных устаноў Расійскай імперыі – Мікалаеўскую вайсковую акадэмію генеральнага штабу. Але патрыятычныя настроі, выхаваныя з маленства якія панавалі і сярод студэнцкага зямляцтва ў Пецярбургу, далучылі Зыгмунта Мінейку да актыўнага вызвольнага руху. Хутка ён вымушаны быў вярнуцца ў родныя мясціны, а пасля выехаць у Італію, дзе ад 1861 г. выкладаў правілы фартыфікацыі ў Вайсковай школе ў Генуі, якую заснаваў Джузэпэ Гарыбальдзі. З пачаткам паўстання 1863 г. скіраваўся на тэрыторыі падзеленай трыма захопнікамі Рэчы Паспалітай і ў сакавіку таго ж года ўзяў удзел у бітве пад Грахавіскамі. Праз Прусію вярнуўся на Ашмяншчыну, дзе арганізаваў аддзел з 28 партызан. 3 чэрвеня 1863 г. у бітве з рэгулярным расійскім войскам яго атрад пацярпеў паразу, а Зыгмунт Мінейка быў арыштаваны і ў хуткім часе асуджаны на смяротнае пакаранне. Дзякуючы сваёй маці Цэцыліі, якая вялікімі грашамі падкупіла ўплывовых асобаў, яму замянілі смяротны вырак на 12 гадоў катаргі ў Сібіры. Нялёгкі шлях ляжаў да Табольска, пасля Томска. Далей змена прозвішча і ўцёкі з Сібіры. Пакуты беспрытульнага падарожжа, пастаянная небяспека не спынілі адважнага юнака. Нарэшце Еўропа – спачатку Галандыя, пасля Францыя. Яго жыццё і тут віравала ў самых рашучых падзеях: у 1870 г. прыняў удзел у франка-прускай вайне, змагаўся на баку камунараў у час Парыжскуай камуны. Пасля быў пераезд у Турцыю, пазней у Грэцыю. Займаўся археалогіяй і знайшоў храм Зеўса ў Дадоне, будаваў алімпійскія аб’екты, прымаў удзел у грэка-турэцкіх войнах. У 1910 г. грэцкі парламент надаў яму званне ганаровага грамадзяніна краіны. Здзейснілася і даўняя мара Зыгмунта Мінейкі: у 1921 і 1922 гг. ён пабываў на радзіме. Пра ўсе гэтыя і многія іншыя падзеі, з вобразным апісаннем прыроды, гарадоў, традыцый краін, якія былі на яго доўгім жыццёвым шляху, і раказвае кніга ўспамінаў “З тайгі пад Акропаль”.
УВАХОД ВОЛЬНЫ
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!