9.04.2020 Аб`явы Iнстытута

ПАМЁР АНДЖЭЙ СТРУМІЛА

9 красавіка 2020 г. у Сувалках памёр прафесар АНДЖЭЙ СТРУМІЛА (Andrzej Strumiłło) – сусветна вядомы польскі мастак, ілюстратар, фатограф, скульптар, графік, паэт і вандроўнік. Яму было 93 гады.
 
 
Анджэй Струміла неаднаразова наведваў Беларусь, яго бацька і дзед былі родам з Мінска. Мастак цесна сябраваў з беларускім творчым асяроддзем, асабіста прымаў удзел у шматлікіх мерапрыемствах, арганізаваных Польскім Інстытутам сумесна з беларускімі партнёрамі. Тут можна ўзгадаць некалькі праектаў апошніх гадоў: прэзентацыя “Вялікай кнігі Вялікага Княства Літоўскага” у Купалаўскім тэатры, сааўтарам якой быў сам Струміла; выстава “Анджэй Струміла. Жывапіс” у Мінску, Гомелі і Брэсце; выстава сцэнаграфічных прац Анджэя Струмілы “Тэатраліі” ў Мінску і Полацку; лекцыя Анджэя Струмілы, прысвечаная Уладзіславу Стшэмінскаму, для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
 
 
Нагадаем яшчэ пра фільм польска-беларускай вытворчасці «Сума» («Summa», 2018 г.) беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы пра Анджэя Струмілу, які быў прызнаны найлепшай сярэднеметражнай стужкай на адным з самых прэстыжных у Еўропе фестываляў дакументальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме, а таксама лепшым дакументальным фільмам Нацыянальнага конкурсу на МКФ “Лістапад-2019”.
 
 
Светлая памяць, Пан Прафесар! Вялікі дзякуй за Вашу шматгранную спадчыну, адданасць мастацтву і шчырае сяброўства!
 
Фота – з архіва Польскага Інстытута ў Мінску
Scheduled Аб`явы Iнстытута