Што гэта за хлопец з поглядам шчасным
Поруч са стройнай дзяўчынай
Крочыць павольна пад месяцам ясным
Берагам Свіцязі сіняй?
“Свіцязянка” – балада Адама Міцкевіча, упершыню апублікаваная ў зборніку “Балады і рамансы”, выдадзеным у 1822 годзе ў Вільні.
Свіцязянкамі называлі русалак, вадзяных німфаў. Многія чытачы думаюць, што галоўная гераіня балады – Свіцязянка – атрымала сваё імя ад назвы беларускага возера Свіцязь. Аднак усё было наадварот. Возера назвалі Свіцяззю, бо яго засялялі свіцязянкі.
У “Рукапісе, знойдзеным у пячоры цмока. Кампендыум ведаў на тэму фантастычнай літаратуры” Анджэй Сапкоўскі даводзіць, што русалкі- свіцязянкі засялялі многія іншыя вадаёмы. Німфы хітравалі, сваволілі і зваблівалі да сябе наіўных юнакоў, каб скампраметаваць іх і загубіць. У “Баладах і рамансах”, у творы пад назвай “Свіцязь”, Міцкевіч паказвае таксама іншую русалку, смелую дачку князя Тугана. Яна зрабіла выключэнне і злітавалася над бедаком маладзёнам, які рызыкнуў выйсці на лодцы ў неспакойныя воды возера. Іншым хлопцам пашанцавала менш. Яны паміралі гвалтоўнай смерцю, а ў лепшым выпадку ўцякалі ў жаху і распавядалі такія гісторыі, што слухачы задумваліся, ці не страцілі апавядальнікі рэшткі здаровага сэнсу.
Балада “Cвіцязянка” расказвае пра выпрабаванне, зладжанае русалкай-свіцязянкай, якая спачатку з’яўляецца нам у вобразе звычайнай дзяўчыны, закаханаму ў яе юнаку. Хлопец прысягае, што ніколі не здрадзіць, але забывае пра свае клятвы, зачараваны прыгажосцю незнаёмкі. Крыху пазней выяўляецца, што яго дзяўчына і падступная свіцязянка – адна і тая ж асоба.
Балада была напісана ў часы, калі паэт быў закаханы ў Марылю Верашачку, што жыла тады ў Тугановічах на беразе Свіцязі. У жніўні 1821 года з нагоды імянін каханай Міцкевіч і напісаў “Свіцязянку”. Акрамя таго, Верашчака была адрасаткай верша “Да М***”, увекавечаная ў “Баладах і рамансах” (у вершы “Да сяброў”, баладзе “Люблю я”) і ў IV частцы “Дзядоў”.
“Свіцязянка” – узор рамантычнай паэзіі, які засведчыў уплыў фальклору на творчасць Адама Міцкевіча.
Балада “Свіцязянка” на польскай мове і ў беларускім перакладзе Алеся Зарыцкага.
“Свіцязянка” ў аўдыёверсіі.
Ілюстрацыя: Казімір Альхімовіч “Свіцязянка”, 1898-1900