3.11.2016 Літаратура, Падзея

Ці ёсць тут Знахар?

МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

3 лістапада а 19-ай гадзіне Польскі Інстытут у Мінску і Літаратурны Дом Логвінаў запрашаюць на ўрачыстае адкрыццё “Месяца польскай літаратуры”.

Распачне цыкл літаратурных сустрэч тэатралізаваная прэзентацыя кнігі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча “Знахар”, у якой возьмуць удзел перакладчыцы Марыя ПушкінаМарына Шода і Марына Казлоўская, а таксама акторы Купалаўскага тэатру. Вядоўца – Андрэй Хадановіч.
 
 
“Знахар” — польскі бестселер 1937 года. Меладраматычны раман Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча апавядае пра выбітнага варшаўскага хірурга, прафесара Рафала Вільчура, які пасля страты памяці і шматгадовых бадзянняў пад іменем Антонія Касібы трапляе парабкам на млын у мястэчку на Браслаўшчыне, дзе нечакана выяўляе ў сябе невытлумачальную здольнасць лячыць людзей.
 
Уваход – вольны
 

Тадэвуш ДАЛЭНГА-МАСТОВІЧ (польск.: Tadeusz Dołęga-Mostowicz, псеўданім: Т.М.; 10 жніўня 1898, хут. Акунёва, цяпер Глыбоцкі раён — верасень 1939) — пісьменнік, журналіст.

Бацька Тадэвуша — Стэфан, арандаваў маёнтак, дзе вёў узорную гаспадарку, якая лічылася адной з лепшых у акрузе. Успаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў атмасферы дабрабыту і спакою, і пра асяроддзе, у якім жыла мясцовая шляхта, ляжаць у аснове многіх аповесцяў Т. Далэнгі-Мастовіча. Пазней сям’я перабралася ў Глыбокае.

Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1915 г. Падчас вучобы ў гімназіі ўдзельнічаў у нелегальных патрыятычных арганізацыях. Падчас вучобы ў Кіеўскім універсітэце быў членам польскай ваеннай арганізацыі. Падчас Грамадзянскай вайны, у 1919 годзе Т. Далэнга-Мастовіч добраахвотнікам пайшоў у польскую армію, дзе служыў да 1922 года. З 1922 жыў у Варшаве, у 1922-1926 супрацоўнік, а потым рэдактар газеты «Rzeczpospolita», займаўся літаратурнай творчасцю. Ужо пачынаючы з 1925 г. на старонках гэтай газеты з’яўляюцца артыкулы і фельетоны, падпісаныя псеўданімам Т.М. У тым жа 1925 з’яўляюцца і першыя апавяданні. У 1926 пісаў пад новым псеўданімам – Далэнга. У гэты час пачынаецца яго кар’ера як журналіста, фельетаніста, пісьменніка. Т. Далэнга-Мастовіч актыўна выступаў супраць рэжыму Ю. Пілсудскага, у з’едлівых гумарэсках выкрываў антыдэмакратычную дзейнасць уладаў, за што аднойчы быў схоплены на вуліцы і жорстка збіты.

Падчас 2-й сусветнай вайны Т. Далэнга-Мастовіч паблізу румынскай граніцы арганізаваў міліцыю, якая ў адсутнасць улады забяспечвала грамадскі парадак і бяспеку жыхароў мястэчка Куты. Трагічна загінуў у верасні 1939 г. пры невядомых акалічнасцях. Па адной з версій, пры выездзе з мястэчка ён быў ва ўпор расстраляны савецкім салдатам. Па іншай версіі, ён загінуў пад Львовам ад шалёнай кулі.

Пісаў Т. Далэнга-Мастовіч на польскай мове. У 1924 пачаў пісаць вялікія творы. Вядомасць прынёс першы раман — «Кар’ера Ныкадыма Дызмы» — вострая сатыра на грамадска-палітычнае жыццё Польшчы часоў рэжыму Ю. Пілсудскага, падзеі рамана адбываюцца ў Заходняй Беларусі. У 1932 г. надрукаваныя аповесці «Ківоны», «Чэкі без аплаты», «Пракурор Аліцыя Горн» — у творах дадзена характарыстыка палітычных з’яў тагачаснай Польшчы, жыцця мяшчанскага асяроддзя. Аўтар раманаў «Браты Дальч і Ко» (1933), «Свет пані Маліноўскай» (1934), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» і «Дзённік пані Ганкі» (1939) і інш.

У 1934 г. пачынаецца супрацоўніцтва Т. Далэнгі-Мастовіча з кінематографам. Да 1939 года з 16 яго твораў было экранізавана 8. Найбольш папулярныя творы-сцэнарыі для фільмаў: «Іх дзіця», «Тры сэрцы», «Прафесар Вільчур». Беларускім гледачам найбольш вядомы фільм «Знахар».
 
па матэрыялах Вікіпедыі
Scheduled Літаратура Падзея