24 лістапада а 19-ай гадзіне ў Галерэі ТУТ.БАЙ адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу кнігі караля рэпартажнай журналістыкі Рышарда Капусцінскага “Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка”.
Народжаны ў беларускім Пінску, Рышард Капусцінскі – легенда польскай рэпартажнай журналістыкі, вандраўнік і пісьменнік, вядомы ва ўсім свеце. Час, апісаны ў гэтай кнізе, – пераломны для асэнсавання свайго шляху і ўласнага месца ў жыцці чалавецтва. Кніга пра крывавыя рэвалюцыі, выпадковыя перамогі і паразы, расавы антаганізм, голад, эпідэміі, карупцыю, галечу. І пра невымоўную прагу жыцця.
Заплюшчыце вочы і ўявіце Афрыку. Які малюнак паўстае перад унутраным зрокам? Бясконцая залатая савана, ганарлівыя ільвы, велічныя сланы? Чародка худзюткіх дзяцей з вялізнымі вачыма, поўнымі надзеі? Прыгожыя жанчыны з даўгімі шыямі ў металічных бранзалетах? У вашых руках кніга “Чорнае дрэва” – самае сэрца Афрыкі. Ключ ад далёкага, таямнічага кантынента, поўнага магіі, любові і смерці. Кніга пра афрыканскі космас, усё яшчэ не дарэшты зведаны і зразумелы еўрапейцам. Там велічная прыгажосць прыроды суседнічае з дзікай галечай, дзе цень і вада каштоўнейшыя за ўсе скарбы свету.
Кніга выйшла ў выдавецтве “Логвінаў” пры фінансавай падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Прэзентацыя адбудзецца з удзелам перакладчыка Яўгена Салейчука і асабістага сакратара Капусцінскага Бажэны Дудко. Мадэратар – Андрэй Хадановіч.
Надасць вечару адпаведны настрой выступ беларускага гурта “НАГУАЛЬ”з праграмай, якая складаецца з аўтарскіх кампазіцый на стыку беларускага і афрыканскага фальклору, а таксама з мноствам іншых стылістычных элементаў. Акрамя аўтарскага матэрыялу, будуць выкананы дзве народныя беларускія песні “Талака” і “Яблынь Мая “з выкарыстаннем афрыканскіх інструментаў балафона, джамбея і дарбукі.
Літаратурна-музычны вечар пад назваю “Афрыканская ліхаманка. Тут.бай” стане заключнай сустрэчай у рамках “Месяца польскай літаратуры -2016”.
УВАХОД ВОЛЬНЫ