Станіслаў Лем «Непераможны» – сустрэча з перакладчыкам Анатолем Бутэвічам
10 лютага з 15-ай да 16-ай гадзіны на Польскім стэндзе на XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы адбудзецца сустрэча і аўтограф-сесія з Анатолем Бутэвічам – аўтарам перакладу на беларускую мову рамана «Непераможны» польскага пісьменніка-фантаста Станіслава Лема.
Раман Станіслава Лема «Непераможны» прысвечаны разгадцы таямніц жыцця на далёкіх ад нас планетах і суаднесенасці з сіламі прыроды чалавечых магчымасцяў. Касмічны крэйсер “Непераможны” ажыццявіў пасадку на пустынную і безжыццёвую планету Рэгіс-ІІІ. Яго экіпаж павінен знайсці сляды экспедыцыі крэйсера «Кандор», які прапаў год таму. Дынамічны сюжэт, захапляльная фабула дазваляюць чытачу з неаслабнай увагай сачыць за ўсімі перыпетыямі, што адбываюцца на планеце, разам з аўтарам шукаць адказы на галоўныя пытанні – ці адзінокі чалавек у сусвеце, як суадносяцца маральныя крытэрыі зямлян з тымі, якія спавядаюць іншапланетныя цывілізацыі, ці можа чалавек адэкватна зразумець тое, што адбываецца на далёкіх ад яго планетах.
|
БУТЭВІЧ Анатоль Іванавіч (літаратурны псеўданім Максім Валошка), нарадзіўся 15 чэрвеня 1948 года на хутары Язавец Нясвіжскага раёна. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Працуе ў сферы дзіцячай літаратуры, гістарычнай тэматыкі, публіцыстыкі, крытыкі, у галіне перакладу. Друкавацца пачаў у 1969 годзе. Выйшла каля 30 ягоных кніг. Аўтар кніг для дзяцей, серыі кніг “Сем цудаў Беларусі”, выйшлі кнігі “Таямніцы Мірскага замка”, “Таямніцы Нясвіжскага замка”, “Таямніцы Крэўскага замка”. Аўтар рамана пра караля польскага Ягайлу і яго чацвёртую жонку Соф’ю Гальшанскую “Каралева не здраджвала каралю”, а таксама дакументальнага працягу рамана “Паміж Княствам і Каронай”.
Перакладае з польскай, рускай, украінскай моў на беларускую. У перакладзе з польскай выйшлі кнігі С. Лема “Прыгоды Піркса”, “Салярыс” і “Непераможны”, Элізы Ажэшкі “Над Нёманам”, навела пра паўстанцаў 1863 года “Gloria victis”, кнігі Рышарда Курыльчыка “Славянскі світанак” і “Нязломны з Назарэта”, “Аўтабіяграфія” Багуслава Радзівіла.