12.02.2017 Літаратура, Падзея

Аўтограф-сесія пісьменніка-фантаста Яраслава Гжэндовіча

Мінскі міжнародны кніжны кірмаш
12 лютага 2017 года а 13-ай гадзіне на Польскім стэндзе выставачнага павільёна (Мінск, пр.Пераможцаў, 14) у рамках XXIV Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца аўтограф-сесія знакамітага польскага пісьменнікаа-фантастаа Яраслава Гжэндовіча.
УВАХОД ВОЛЬНЫ
 
 
У чатырохгадовым узросце хацеў стаць аператарам смеццявоза. Пазней, пасля цудоўных вакацый у леснічоўцы – лесніком, што піша фантастыку. Хацеў быць як Тоні Халік, Томэк Вільмоўскі, Жак-Іў Кусто і Сімон Тэмплар, але адначасова і пісьменнікам-фантастам. У наступным дзесяцігоддзі хацеў стаць біёлагам і фантастам. З усіх юнацкіх намераў яму ўдалося рэалізаваць толькі адзін.
А можа ажно адзін?

Яраслаў Гжэндовіч нарадзіўся ў 1965 годзе ва Ўроцлаве. Польскі пісьменнік-фантаст, журналіст, літаратурны крытык, выдавец і перакладчык, адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў польскай фантастыкі “пакалення 80-х”.

Пісьменніцкі дэбют адбыўся ў 1982 годзе публікацыяй апавядання “Azyl dla starych pilotów” (“Прытулак для старых пілотаў”), у гэтым жа годзе з’явілася апавяданне “Twierdza Trzech Studni” (“Крэпасць трох калодзежаў”), якое, на думку многіх крытыкаў, з’яўляецца першым польскім апавяданнем у жанры фэнтэзі. Ужо ў ім вызначыўся асноўны творчы метад пачынаючага пісьменніка: арганічны сінтэз двух жанравых напрамкаў – навуковай фантастыкі і фэнтэзі, які пазней стаў характэрны для ўсёй польскай фантастыкі ў цэлым.

Быў адным з заснавальнікаў і рэдактарам часопіса “Фенікс”, пісаў фельетоны, перакладаў коміксы.

Прафесійная пісьменніцкая кар’ера Гжэндовіча пачалася ў 2003 разам з выхадам зборніка апавяданняў “Księga jesiennych demonów” (“Кніга восеньскіх дэманаў”), які атрымаў захопленыя водгукі чытачоў.

У далейшым крытыкі сталі называць Яраслава Гжэндовіча «збіральнікам узнагарод». У 2005 годзе пісьменнік быў, нарэшце, уганараваны прэміяй «SFinks» за аповед «Buran wieje z tamtej strony». У тым жа 2005 годзе ён упершыню ў гісторыі польскай фантастыкі стаў лаўрэатам адразу дзвюх прэмій ім. Януша А. Зайдэля ў дзвюх розных намінацыях: за «Pan Lodowego Ogrodu: Tom 1» (“Уладыка ледзянога саду”) – як лепшы раман і за «Wilcza zamieć» – як лепшае апавяданне года. У гэтым жа годзе раман «Pan Lodowego Ogrodu: Tom 1» быў прызнаны лепшым фантастычным раманам года і па апытаннях чытачоў, атрымаўшы яшчэ і прэмію «Nautilus», а сам Гжэндовіч стаў яшчэ і лаўрэатам прэміі аматараў фантастыкі «Śląkfа» ў катэгорыі “Пісьменнік года”.

У 2006 годзе «Pan Lodowego Ogrodu: Tom 1» як лепшы раман года атрымаў і ўзнагароду «SFinks». Другая кніга рамана зрабіла аўтара адным з самых папулярных пісьменнікаў-фантастаў Польшчы. Трэці том прынёс аўтару ў 2009 годзе яшчэ адну прэмію «SFinks» і «Nautilus». Трылогія ўдала спалучае ў сабе элементы навуковай фантастыкі і фэнтэзі, а яе дзеянне адбываецца на далёкай планеце, якая стаіць на больш нізкім узроўні развіцця, чым Зямля.

На думку крытыкаў, на сённяшні дзень у літаратурным плане, па стылістыцы і мове, з творамі Гжэндовіча ў польскай фантастыцы могуць канкурыраваць толькі творы Анджэя Сапкоўскага, а яго апавяданне-антыўтопія «Przespać piekło» (1991) уключана ў спіс 100 лепшых польскіх фантастычных апавяданняў.
 
Scheduled Літаратура Падзея