9.03.2017 - 11.03.2017 Падзея, Тэатр

ЦЕЛА / РУХ / ГОЛАС

АДУКАЦЫЙНЫ ПРАЕКТ У СФЕРЫ СУЧАСНЫХ ТЭАТРАЛЬНЫХ ПРАКТЫК І ПЕРФОРМАНСУ «ТЭАТР+ ЦЕЛА»

ЦЕЛА / РУХ / ГОЛАС

Тэатральныя майстар-класы Тэатра ХОРЭА / CHOREA (Лодзь, Польшча)

Майстар-класы праводзяць:

Томаш Радовіч – акцёр, рэжысёр, заснавальнік і дырэктар тэатра

Адам Беджыцкі – акцёр тэатра

9 сакавіка, 13.00-17.00

10 сакавіка, 10.00-14.00

11 сакавіка, 10.00-14.00

Месца правядзення: Беларуская Дзяржаўная Акадэмія Мастацтваў
 

Тэатральныя майстар-класы Тэатру ХОРЭА (CHOREA)

ЦЕЛА / РУХ / ГОЛАС

Майстар-класы разлічаныя на акцёраў, танцораў, музыкаў.

Майстар-класы Тэатру Хорэа – гэта інтэнсіўны акцёрскі трэнінг. Яны канцэнтруюцца на тым, каб разбудзіць “арганічнасць” акцёра праз працу з целам, рухам, голасам, рытмам і музыкай, а таксама каб аб’яднаць ўсе гэтыя формы экспрэсіі ў адзін завершаны мастацкі акт. Майстар-клас засяроджаны таксама на інтэнсіўнай працы з партнёрам і мнагамернай працы з групай – калектыўным акцёрам.

Метад працы ХОРЭІ мае два важныя моманты: інтэнсіўнасць і рызыка – як фізічныя, так і тыя, якія вынікаюць з неабхадносці зламаць уласныя абмежаванні і перакрочыць уласныя магчымасці. Майстар-класы ХОРЭІ выходзяць за рамкі прэзентацыі і выкладання тэхнік. Яны імкнуцца да таго, каб задзейнічаць крэатыўнасць кожнага з удзельнікаў, і каб стварыць аўтэнтычную дынамічную мастацкую ідэю.

Праграма майстар-класаў ХОРЭІ

Праца з целам:

– інтэнсіўны фізічны трэнінг з элементамі акрабатыкі, баявых мастацтваў і сучасных форм танца;

– праца з партнёрам і прасторай, навучанне, як падтрымліваць адзін аднаго і як быць уважлівым да партнёра;

– праца над усведамленнем уласнага цела і ўсведамленнем працы ў групе;

– праца над дынамікай і экспресіяй руху, уменнем канцэнтрацыі і імправізацыі;

– вывучэнне харэаграфічных элементаў, натхнёных антычнай іконаграфіяй і іконаграфіяй сучасных культурных міфаў, звязанае з інтэнсіўнай працай з рытмам і музычнасцю.

Праца з голасам:

– развіццё натуральных вакальных магчымасцяў, навучанне свабоднаму кіраванню голасам;

– вывучэнне асноўных тэхнік вакальных і дыхальных практыкаванняў;

– задзейнічанне рэзанатараў, праца над індывідуальным тэмбрам, галасавымі феноменамі і арнамэнтыкай;

– стварэнне складаных гарманічных сугуччаў, праца з паўтанамі;

– вывучэнне поліфанічных песняў з розных традыцый у аранжыроўцы музыкаў ХОРЭІ.

Праца з рытмам:

– праца з няцотнымі рытмамі;

– задзейнічанне музычнасці ўсяго цела і музычнасці групы;

– распрацоўка агульнага рытму і пульсу групы ў дзеянні;

– праца са складанымі каардынацыйна-рытмічнымі практыкаваннямі, стварэнне на іх падставе рухавых сістэм пры адначасовым выкананні песні.
 

Томаш Радовіч – філосаф, акцёр, музыка, рэжысёр. Удзельнічаў у паратэатральных прадстаўленнях Ежы Гратоўскага ў тэатры Laboratorium; адзін з заснавальнікаў тэатра «Гардзеніцы», дзе выступаў бесперапынна з 2004, з’яўляючыся адным з лідэраў калектыву. Быў таксама адказным за гардзеніцкі праект «Антычная аркестра», у межах якога былі рэканструяваныя антычныя музычныя інструменты і зроблена

 спроба агучвання старажытнай музыкі. Вынікам працы над праектам стала стварэнне новага тэатральнага калектыву. У сакавіку 2004 Томаш Радович сышоў з «Гардзеніц» і заснаваў тэатральнае аб’яднанне Chorea ў Лодзі. У 2007 з рэжысёрам Паўлам Пасіні заснаваў у Срэбнай Гуры першы ў Еўропе інтэрнэт-тэатр neTTheatre.

Адам Беджыцкі – акцёр, танцоўшчык, харэограф, педагог. Выпускнік Гуманітарнага факультэта па спецыялізацыі «Культуралогія, фалькларыстыка і этналогія, тэатралогія і кіназнаўства» Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне. Выпускнік факультэта Упраўлення культурай Інстытута тэорыі літаратуры, тэатра і аўдыёвізуальных мастацтваў у Лодзі. Адзін з заснавальнікаў і ўдзельнік тэатра Chorea. Супрацоўнічаў з Асацыяцыяй грамадскай

інтэграцыі пры правядзенні тэрапеўтычных трэнінгаў; ўдзельнік курса «Педагог ў тэатры», арганізаванага Інстытутам тэатральным ім. Збігнева Рашэўскага ў Варшаве. Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны (2010) і Гарадскога кіравання Лодзі (2013). Стваральнік праекта «Бачачы» і «Бачачы. Працяг» – цыкла майстар-класаў, які скончыўся спектаклем з удзелам сляпых і людзей са слабым зрокам.

У межах праекта таксама адбудзецца ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ПАДРУЧНІКА «ФІЗІЧНЫ ТРЭНІНГ АКЦЁРА – АД ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ДЗЕЯННЯЎ ДА КАМАНДЫ» (аўтары – Томаш Радовіч, Малгаджата Яблоньска, Эліна Тонева, Адрыян Бартчак, Адам Беджыцкі).

11 сакавіка ў 15.00 творчая сустрэча з Томашам Радовічам і Адамам Беджыцкім,

прэзентацыя падручніка «ФІЗІЧНЫ ТРЭНІНГ АКЦЁРА», створанага тэатрам Хорэа ў супрацоўніцтве з Дзяржаўнай вышэйшай школай кіно, тэлебачання і тэатра iмя Леона Шылера ў Лодзі пры падтрымцы Інстытута музыкі і танца ў Варшаве.

Пра кнігу

Сучасная мова тэатра патрабуе ад акцёра дзеючага, усвядомленага і мыслячага цела. Цела ў сучасным тэатры – гэта не інструмент, аб’ект, носьбіт, саюзнік або антаганіст. Калі мы не аддзяляемся ад сябе, а атаясамліваемся з самімі сабой, тады цела і думка становяцца адным цэлым, і мы атрымліваем доступ да ўсебаковага авалодання творчым працэсам.

Падручнік «Фізічны трэнінг акцёра – ад індывідуальных дзеянняў да каманды» заснаваны на досведзе яго аўтараў – акцёраў тэатра Chorea, педагогаў, танцоўшчыкаў, тэатролагаў і іх чатырохгадовага супрацоўніцтва са студэнтамі акцёрскага факультэта ў кінашколе ў Лодзі. У кнізе падрабязна выкладаецца трэнінг, які можа практыкавацца як прасунутымі, так і маладымі акцёрамі і тэатральнымі калектывамі. Паслядоўнае ўскладненне апісаных у падручніку практыкаванняў, падрабязныя інструкцыі па іх выкананні і шматлікія фота- і відэа-ілюстрацыі, дазволяць любому, хто аддае перавагу сістэматычнай працы са сваім целам, паглыбіцца ў займальны працэс вывучэння магчымасцяў пабудовы сцэнічнай камунікацыі праз фізічнае дзеянне.

Фізічны трэнінг, апісаны ў кнізе, прызначаны не толькі для акцёраў, але таксама для танцоўшчыкаў і перформераў, якія выкарыстоўваюць сваё цела ў выканальніцкай практыцы. Ён накіраваны на абуджэнне і актывізацыю цела. Прадстаўленыя практыкаванні садзейнічаюць пашырэнню магчымасцяў акцёра/танцоўшчыка/перформера ў авалоданні і выкарыстанні цела на сцэне і ў творчым працэсе (індывідуальным і групавым) падчас працы над спектаклем.

Месца правядзення: Беларуская Дзяржаўная Акадэмія Мастацтваў

from to
Scheduled Падзея Тэатр