19.08.2017 Музыка, Падзея

I, CULTURE Orchestra

Міжнародны моладзевы аркестр у межах фестывалю «КЛАСІКА ЛЯ РАТУШЫ»

19 жніўня ў межах 7-ага канцэртнага турнэ пад назвай “Сапраўдныя эмоцыі натхняюць” Мінск наведае міжнародны моладзевы аркестр ICULTURE Orchestra. 96 таленавітых маладых музыкаў пад кіраўніцтвам сусветна вядомага дырыжора Андрэя Барэйка выступяць у рамках Міжнароднага мінскага фестывалю «Класіка ля Ратушы». 
Арганізатарамі канцэрта выступілі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Польскі Інстытут у Мінску, кампанія Velcom, агенцтва «Эквилибриум Артс».

Міжнародны моладзевы аркестр I, CULTURE Orchestra”

Дырыжор: Андрэй БАРЭЙКА

У праграме:

Гектар Берліёз. Фантастычная сімфонія, op. 14

Станіслаў Манюшка. Мазур з оперы “Страшны двор”


“I, CULTURE Orchestra” – гэта ансамбль адораных маладых музыкаў з Польшчы, а таксама краін Усходняга партнёрства – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы
і Украіны, створаны ў 2011 годзе па ініцыятыве Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве.

У цяперашні час “I, CULTURE Orchestra” з’яўляецца адным з найбольш цікавых і актыўных моладзевых аркестраў у свеце. Майстэрства гэтай міжнароднай каманды маладых музыкаў цэняць меламаны, журналісты, эксперты і выбітныя салісты. Стварэнню аркестра спадарожнічала ідэя салідарнасці і прынцып пабудовы мастоў без культурных ці палітычных падзелаў.

На працягу шасці гадоў свайго існавання “I, CULTURE Orchestra” сыграў 36 канцэртаў у 24 гарадах свету, выступаў у самых прэстыжных канцэртных залах і на вядомых фестывалях у Вялікабрытаніі, Германіі, Бельгіі, Іспаніі, Францыі, Швецыі, Ісландыі, Даніі, Літве, Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне. У жніўні 2012 года «I, CULTURE Orchestra» выступіў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску.

Эва Богуш-Мур, дырэктар аркестра: «У свеце ёсць шмат выдатных аркестраў, якія дасканала выконваюць складаны рэпертуар. Тое, што захапляе гледачоў на канцэртах маладых калектываў, што стварае ўнікальную магію гэтых канцэртаў, гэта ні з чым не параўнальныя моцныя эмоцыі. Маладыя музыканты дораць гледачам не толькі музычнае майстэрства найвышэйшага гатунку, але і непрыхаваную радасць ад ігры і ўсхваляваныя слёзы ў адказ на авацыі. Менавіта таму назва турнэ ў гэтым годзе гаворыць пра эмоцыі і адносіны паміж музыкамі аркестра і іх слухачамі. Пачуцці і ўражанні музыкаў, пачынаючы з першых праслухоўванняў, майстар-класаў, а таксама сумесныя выступленні на канцэртах, і з’яўляюцца галоўнымі складнікамі сёлятняга канцэртнага турнэ, якое матывуе музыкаў і натхняе гледачоў. Яны будуюць адносіны, якія працягваюцца значна даўжэй, чым канцэртны тур”.

Склад аркестра, як і штогод, быў адабраны ў выніку двух этапаў праслухоўванняў. Для цяперашняга тура ICO падалі заяўкі больш за 600 маладых музыкаў (18-28 гадоў). Самыя таленавітыя з іх, пад кіраўніцтвам выдатных прафесараў з вядучых еўрапейскіх аркестраў і маэстра Андрэя Барэйка, падрыхтуюць падчас рэпетыцыйнай рэзідэнцыі ў Гданьску праграму канцэртнага турнэ “I, CULTURE Orchestra” 2017 г.

У гэтым годзе маршрут “I, CULTURE Orchestra” пачнецца 13 жніўня канцэртам у Варшаўскай Філармоніі, які будзе праходзіць пад патранатам першай ледзі Рэспублікі Польшча Агаты Корнхаўзер-Дуды, у рамках фэсту “Шапэн і яго Еўропа”. Затым ICO выступіць на значных міжнародных фестывалях – “Класіка ля Ратушы” ў Мінску», “Young Euro Classic” у Берліне, “Dobbiaco Alta Adige” ў Італіі і Нацыянальнай оперы ў Кіеве.

У гэтым годзе аркестрам кіруе дырыжор з сусветным імем Андрэй Барэйка, выдатны музыкант з вялікім сімфанічным рэпертуарам, які з задавальненнем папулярызуе таксама і менш вядомыя творы. Маэстра А. Барэйка кіраваў Лонданскім філарманічным аркестрам, а таксама Аркестрам філармоніі ў Лос-Анджэлес. З 2012 г. Андрэй Барэйка з’яўляецца мастацкім кіраўніком Нацыянальнага аркестра Бельгіі, а з 2014 г. – музычным дырэктарам Naples Philharmonic ў Фларыдзе. Ён таксама выконвае ролю першага запрошанага дырыжора “Orquesta Sinfónica de Euskadi”.

I, CULTURE Orchestra гэта:

● 7 канцэртных тураў

● 36 канцэртаў

● 80 000 гледачоў

● больш за 90 гадзін выступленняў

● 15 краін

● 24 горада

● амаль 38 000 км канцэртных трас

● 4 шлюбы

● 2 дзяцей

Scheduled Музыка Падзея