Выстава “Напалеон Орда (1807-1883). Ілюстраваная Энцыклапедыя Краіны”
Выстава будзе важнай і надзвычай прэстыжнай культурнай падзеяй. Гэта – першая настолькі комплексная прэзентацыя прац мастака, падрыхтаваная Фондам культурнай спадчыны ў супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеем у Кракаве і Польскім Інстытутам у Мінску. Арганізацыя выставы прац Напалеона Орды будзе не толькі папулярызацыяй даробку мастака, але таксама спробай павышэння чуйнасці беларускай аўдыторыі да пытанняў захавання і абароны аб’ектаў культурнай спадчыны Рэчы Паспалітай у Беларусі, усё часцей вызначаных праз катэгорыю супольнай спадчыны.
Гродна, панарама гораду, 1860-1877, Гродзенская папка. Аловак, акварэль, папера, 19,2 × 52,2 см
У яго творчым даробку многа краявідаў, у якіх знайшлі адлюстраванне месцы, гістарычна і эмацыянальна важныя як для палякаў, так і для беларусаў. Мастак не абмяжоўваўся толькі сакральнай, рэпрэзентатыўнай архітэктурай ці маляўнічымі руінамі, але ўвекавечваў таксама – што на той час было поўнай супярэчнасцей навінкай – прамысловыя аб’екты: фабрыкі, цукраварні ці млыны і валюшы.
Мір. Руіны замка Радзівілаў – выгляд з боку ракі Міранка, 1864-1876. Мінская папка. Аловак, акварэль, папера, 20,9 × 30,5 см
Выстава пакажа таксама ўжо зніклыя месцы, помнікі архітэктуры і іх страчанае хараство, дасць магчымасць непаўторнай сентыментальнай вандроўкі ў мінуўшчыну і, адпаведна, пазнаёміць з нашай супольнай гісторыяй.
Выбар прац на выставе не будзе абмежаваны агульна асацыяванымі з творчасцю Напалеона Орды краявідамі маёнткаў, экспазіцыю ўзбагацяць менш вядомыя віды гарадоў памежных тэрыторый, тамтэйшых фабрык, вакзалаў, могілак, школьных будынкаў, фальваркаў.
Полацк. Манастыр на Верхнім замку і сабор Св. Сафіі – выгляд з боку ракі Дзвіны,
1875-1876. Віцебская папка. Аловак, акварэль, папера, 20,4х27,5 см