17.11.2017 - 18.11.2017 Гісторыя, Падзея

Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях

Міжнародная навуковая канферэнцыя
 
Канферэнцыю супольна ладзяць: МГА «ГІСТОРЫКА» (Мінск), Беларускі архіў вуснай гісторыі (Мінск), Інстытут славістыкі ПАН (Варшава), Польскі інстытут у Мінску і Лятучы ўніверсітэт (Мінск).

Напрыканцы мінулага стагоддзя камуністычныя або савецкія рэпрэсіі 1930-1950-х гадоў знаходзіліся ў эпіцэнтры ўвагі гісторыкаў, але паступова ў выніку перамен у гістарычнай палітыцы многіх краін постсавецкага рэгіёну яны апынуліся на перыферыі гістарыяграфіі. Між тым многія пытанні яшчэ чакаюць адказаў з боку даследчыкаў. У прыватнасці, гэта пытанні пра вытокі рэпрэсій і іх маштаб, пра стан тагачаснага грамадства, падзеленага на карнікаў і ахвяраў, пра сацыяльныя і палітычныя наступствы згаданага падзелу і самых рэпрэсій. Асобнай увагі заслугоўваюць пытанні, звязаныя з феноменам памяці/забыцця гэтай трагедыі і яе адлюстраваннем у калектыўнай памяці (Maurice Halbwachs).

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні патрабуюць аналізу ўсяго комплексу гістарычных крыніц. Але адразу паўстаюць пэўныя праблемы. У прыватнасці, для гісторыкаў Беларусі і Расіі — гэта праблема недаступнасці матэрыялаў архіваў НКУС/МДБ, а для іншых — праблема пэўнай аднатыпнасці крыніц, што захаваліся ў афіцыйных архівах. Даследчыкам часам варта выходзіць па-за сцены архіваў і звяртацца да вусных успамінаў сведкаў гісторыі.

У цэнтры ўвагі канферэнцыі знаходзіцца не толькі канкрэтна-гістарычны аспект у рамках пэўнай гістарычнай традыцыі, але таксама праблематыка калектыўнай памяці ў праекцыі вуснай гісторыі. Апошняя дазваляе аднавіць той вобраз рэпрэсій, які захавала памяць сведкаў, адчуць эмацыйны стан тагачаснага грамадства.
 
from to
Scheduled Гісторыя Падзея