30 лістапада 2017 года а 19-ай гадзіне ў кнігарні “Сон Гогаля” (вул. Леніна, 15) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя зборніка выбраных вершаў Баляслава Лесьмяна ў перакладзе на беларускую мову.
Выхад тома вершаў знакамітага польскага паэта ў перакладзе на беларускую мову быў прымеркаваны да сёлетняй падвойнай гадавіны: 140 гадоў з дня нараджэння паэта і 80 гадоў з дня яго смерці.
У імпрэзе возьмуць удзел:
– перакладчыцы вершаў Лесьмяна Марыя Мартысевіч, Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута,
– выдавец серыі “Паэты планеты” Зміцер Колас,
– спецыяльны госць: польскі перакладчык, кіраўнік польска-беларускіх перакладчыцкіх семінараў Адам Паморскі.
Вядоўца – Андрэй Хадановіч.
Баляслаў Лесьмян (1877–1937) – адзін з самых значных польскіх паэтаў міжваеннага перыяду, аўтар зборнікаў вершаў “Сад на раздарожжы” (Sad rozstajny), “Луг” (Łąka), “Цяністы напой” (Napój cienisty), “Лясная дзея” (Dziejba leśna, пасмяротны). Паэзія Лесьмяна – гэта своеасаблівы фантастычны свет са сваёй уласнай міфалогіяй і філасофіяй; яе крыніцамі былі і згадкі паэта пра ўкраінскую прыроду, і польскі фальклор, і ўласнае бачанне рэчаіснасці. “…Што б ні сказалі пра паэзію – усё памылка. І мы ахвотна спавядаемся ў гэтай памылцы і прызнаем сваю няздольнасць разгадаць таямніцу глыбінь, з якіх паўстае новы твор. Мы ведаем толькі тое, што цэлы шэраг маладых талентаў здабывае з навакольнага змроку святло, без якога жыццё робіцца невыносным цяжарам”.
Серыя “Паэты планеты” прадстаўляе беларускаму чытачу шэдэўры сусветнай паэзіі на беларускай мове. На сённяшні дзень серыя ўлучае 29 выданняў і пастаянна папаўняецца. Сярод выдадзеных кніг – зборнікі Сапфо, Катула, Шэкспіра, Гётэ, Рыльке, Петраркі, Лоркі, Гайнэ, По, Апалінэра, Барадуліна, Каханоўскага і інш.