1 сакавіка 2018 года ў 17:30 на Польскім стэндзе ў выставачным павільёне БелЭкспа (Мінск, пр. Пераможцаў, 14) у рамках XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца сустрэча з польскім пісьменнікам Славамірам Коперам і прэзентацыя беларускамоўнага перакладу яго кнігі “Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай”.
У канцы 2017 года кніга “Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай” выйшла ў выдавецтве “Галіяфы” пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску, пераклад з польскай мовы здзейснілі Галіна Пальянава і Ірына Пальянава.
Славамір Копер – аўтар гістарычных кніг, публіцыст. Яго кнігі цікавыя тым, што Копер распавядае гісторыю праз факты – малавядомыя, забытыя ці праігнараваныя ў «афіцыйных» манаграфіях, – а герояў выяўляе ў кантэксце штодзённага жыцця, бо лічыць, што «прыватнае жыццё з усімі яго складнікамі з’яўляецца неадымнай часткай біяграфіі кожнага. А палітык ці мастак, які паказаны ў халаце і тэпціках, толькі набірае сапраўднасці». Славамір Копер лічыцца адным з самых папулярных гістарычных пісьменнікаў Польшчы: у 2016 годзе продаж яго кніг дасягнуў 800 000 асобнікаў.