4.03.2018 Літаратура, Падзея

“Польская кухня. Адчуй смак традыцый” – прэзентацыя кулінарнай кнігі з дэгустацыяй

XXV Міжнародная кніжная выстава-кірмаш
 
 
4 сакавіка 2018 года а 12-ай гадзіне ў кавярні “Меркурый” (Будынак выставачнага павільёна БелЭкспа, Мінск, пр.Пераможцаў, 14) у рамках XXV Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу адбудзецца прэзентацыя кулінарнай кнігі Яанны Фургаліньскай “Польская кухня. Адчуй смак традыцый”  з дэгустацыяй.
 
 

“Польская кухня. Адчуй смак традыцый” — гэта ілюстраваная азбука польскіх традыцыйных страў. Прадстаўленыя ў кнізе 115 рэцэптаў пададзены арыгінальным спосабам — у выглядзе малюнкаў і сціслага пакрокавага апісання. Дзякуючы гэтаму атрымаўся наглядны дапаможнік, па якім кожны зможа з лёгкасцю дакрануцца да глыбокіх і блізкіх кулінарных традыцый Польшчы і адчуць іх смак.

“У вулічнай апытанцы, праведзенай у адным з польскіх гарадоў, у адказ на пытанне пра тыповыя стравы маладыя людзі найчасцей называлі піцу, бульбу фры, кебаб і спагеці. Падобнае ўражанне можа скласціся ў замежных турыстаў, якія беспаспяхова шукаюць у польскай правінцыі рэстаран з традыцыйнымі стравамі. Відаць, у пагоні за кулінарнай модай мы забыліся на нашу шматвяковую традыцыю”, — так тлумачыць ідэю кнігі яе аўтарка і ілюстратарка Яанна Фургаліньска.

Безумоўна, некаторыя стравы, тыя ж дранікі, клёцкі, суп са шчаўя ці галубцы, знаёмыя і беларусам, праўда, некаторыя, маюць свой каларыт. Але, канечне, ёсць і адметныя стравы польскай кухні – флякі па-варшаўску ці сілезскія клёцкі, бігас ці суп з памідораў – і дзякуючы гэтаму дапаможніку нават самы неабазнаны ў кулінарным майстэрстве зможа прыгатаваць і пакаштаваць іх на хатняй кухні. Для зручнасці рэцэпты аб’яднаныя ў сем раздзелаў: супы, стравы з мукі і бульбы, мясныя стравы, рыбныя стравы, гародніна, ласункі, напоі і дадаткі. У канцы кнігі змешчаны алфавітны паказальнік страў і сістэма вагі і мераў.
 
 
Кніга выйшла па-беларуску ў выдавецтве “Янушкевіч” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
 
На прэзентацыі мы распавядзем пра традыцыі польскай кухні, яе адметнасці і блізкасць да кухні беларускай, і пакаштуем некалькі традыцыйных страў. Таксама ўдзельнікаў чакаюць віктарына і конкурсы.
Прыходзьце, будзе цікава і смачна!

Уваход вольны

Колькасць месцаў абмежаваная
 
Scheduled Літаратура Падзея