Вельмі шмат гаворыцца пра тое, што культура можа быць прасторай, дзе пераадольванне гэтых нябачных межаў робіцца магчымым. Але сёння можна ўпэўнена канстатаваць: за апошнія дзесяцігоддзі Беларусь для суседніх краін — Літвы, Польшчы, Украіны — стала, хутчэй, яшчэ больш «незнаёмай» і «далёкай». Тое самае можна сказаць і пра зацікаўленасць беларусаў у іншых культурах, якая збольшага грунтуецца на стэрэатыпах і спажывецтве.
З гэтай перспектывы літаратура можа быць адной са стратэгій для таго, каб рабіць нашы культуры больш бачнымі і адкрытымі адна да адной. Пра гэта шмат гаварылі падчас дыскусій на нашых мінулых фестывалях, калі стала зразумела, што мы дрэнна ведаем адно аднаго нават унутры літаратурнай і інтэлектуальнай прасторы. Канцэптуальную ролю ў гэтым сэнсе адыгрывае пераклад — як адзін з асноўных інструментаў пераадолення разрыву паміж рознымі культурамі. Сёння літаратурны пераклад набывае моцнае этычнае і палітычнае вымярэнне. Але не толькі краіны і культуры маюць уласныя межы. Асоба аўтара або аўтаркі, што, з аднаго боку, складае ідэнтычнасць, але з другога — абмяжоўвае, таксама служыць тэмай для літаратурных дыскусій.
Таму сёлета мы вырашылі, акрамя ўласна літаратараў, запрасіць выдаўцоў і перакладчыкаў з розных краін, каб стварыць агульную літаратурную прастору, дзе магчымая рэалізацыя адной з утопій — прасторы без межаў.
***
Мяжа — адзін з тых феноменаў чалавечага быцця, што выклікаюць шмат розных і часам нават супрацьлеглых адчуванняў: стабільнасць і замкнёнасць, упэўненасць і адгароджанасць, абароненасць і ізаляванасць.
Пайсці на кантакт, ці то міжчалавечы, ці то міжкультурны, азначае перакрочыць мяжу. А з тым, што за мяжою, могуць быць звязаныя страх і недавер, разгубленасць і напружанасць, але таксама цікаўнасць і прадчуванне прыгод, радасць новага.
Сёння мы часта бачым, што за-межнае ўспрымаецца як варожае і страшнае. У сваім страху шмат хто шукае сховішча ў стэрэатыпах ды абагульненнях, што засцяць вочы, не даючы разгледзець рэчаіснасць, якой яна ёсць тут і цяпер, ад чаго страх толькі большае. А рэчаіснасць, калі ўгледзецца ў яе як след, нязменна аказваецца разнастайнейшай за агульныя разважанні і дапушчэнні.
Праўда, каб утрымацца ў гэтай разнастайнай рэчаіснасці, не саслізнуць у стэрэатыпы і клішэ, неабходныя чуйнасць, пільнасць, а таксама мужнасць апынуцца па той бок ды ўбачыць тое, што раней было нябачным. Тут ніяк не абысціся без літаратуры — прасторы ўважлівага глядзення, прасторы індывідуальнага, адметнага, непадобнага, прасторы, дзе легітымна выяўляць уласны страх і збянтэжанасць, прасторы, якая паказвае нам, што не такія мы ўжо і розныя. Напрыклад, абсалютна кожны з нас мае свой досвед межаў.
Падчас сёлетняга фестывалю гэты досвед будзе разглядацца ў самых розных кантэкстах: межы тэксту і межы аўтара ды аўтаркі, межы краін і межы рэгіёнаў, межы прыроды і ўрбанізаванага грамадства, межы паэзіі ды шматлікія іншыя.
Асаблівую ўвагу звернем на пераклад — галіну літаратуры, якая адмыслова шукае кантакту з за-межным і ўмее арганізаваць гэты кантакт. Ці не знойдзецца ў перакладчыцкіх майстэрнях інструментаў, якія могуць дапамагчы плённа ўзаемадзейнічаць з межамі і за-межным?
І гэта толькі тыя тэмы, якія плануецца абмеркаваць у рамках праграмы, а калі дадаць да іх мноства прыватных размоў у вузкіх ды шырокіх колах, з упэўненасцю можна сказаць, што арт-вёска Каптаруны на працягу двух фестывальных дзён будзе прасторай, дзе можна пераканацца ў бязмежнасці перажывання межаў.
Ірына Герасімовіч
Ідэя і рэалізацыя: Таня Арцімовіч, Артур Клінаў
Куратарская група: Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Ірына Герасімовіч
Удзельнікі і ўдзельніцы:
Юлія Фядорчук (Польшча), Марыюс Бурокас, Юргіта Яспанітэ (Літва), Мэхдзі Марадпур (Берлін), Махмуд Хасэйні Сад (Іран), Святаслаў Памяранцаў (Meridian Czernowitz), Астап Слівінскі (Украіна), Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Ірына Герасімовіч, Артур Клінаў, Ігар Логвінаў, Павал Касцюкевіч, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута (Беларусь).