Выстава фатаграфіі
Галерэя «Ў», Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня
Архіў «Страчаныя тэрыторыі» складаецца з некалькіх тысяч фатаграфіяў, знятых у 2008–2016 гадах у былых савецкіх рэспубліках групаю Sputnik Photos – гэта фатографы, якія працуюць разам: Андрэй Балка, Ян Брыкчыньскі, Андрэй Лянкевіч, Міхал Лучак, Рафал Мілях, Адам Паньчук і Агнешка Райс. Фатаграфіі гэтага архіву падпісаныя калектыўна, і серыя працуе як канцэптуальная «мадэль зборкі» ды прэзентуецца ў разнастайных канфігурацыях на выставах, лекцыях або ў кнігах. Самыя апошнія публікацыі, звязаныя з архівам, уключаюць ілюстраваны лексікон, названы Lost Territories: Wordbook («Страчаныя тэрыторыі: Слоўнік», 2016) і фотакнігу з назвай Fruit Garden («Пладовы сад», 2017).
Велічэзныя фотаархівы, што складаюць калекцыю Sputnik Photos, маюць патэнцыял бясконцага інтэрпрэтавання – яны лёгка змяняюць канфігурацыю, ператасоўваюцца, і іх сэнс змяняецца. Фота, выбраныя для выставы «Новы канец», якую ладзіць галерэя «Арсенал», стварылі падмурак для наратыву з выразна асцярожным, экалагічна-палітычным тонам. Прынятая футуралагічная перспектыва бярэ за адлік геалагічны час (у сэнсе працэсаў фармавання горнай пароды) і, як вынік, адмаўляе канцэпцыю часу, што вымяраецца індывідуальным чалавечым жыццём. Такое практыкаванне ва ўяўленні – разглядаць фатаграфічны архіў ды ствараць карціны таго, што магло б здарыцца ў будучыні, праз некалькі соцень або нават тысяч гадоў, – ператварае калекцыю ў прадказанне; яе можна разглядаць скрозь прызму катастрофы, што марудна насоўваецца і няўмольна скрышыць чалавечую расу, якая эксплуатуе прыродныя рэсурсы, шкодзіць асяроддзю і вынішчае больш і больш відаў (сябе ў тым ліку). Гэта набор гіпатэтычных «паштовак», дасланых нам з эры, якая надыдзе пасля антрапацэну, або геалагічнай эпохі, што характарызуецца масіўнай экспансіяй гома сапіенса.
З калекцыі некалькіх тысяч фота, што захоўваюцца ў архіве «Sputnik Photos», выбрана і выстаўлена на агляд трохі больш за сотню. Здымкі згрупаваныя тэматычна, у тры раздзелы. Першы – краявіды, змененыя індустрыялізацыяй, горнымі працамі або ваеннымі дзеяннямі. Гэтыя творы выглядаюць адпаведнымі традыцыям пейзажнай фатаграфіі; фармальна яны таксама дужа падобныя да класічнага дакументавання земляных працаў у 1970-я гады (абодва выпадкі прадугледжваюць масіўнае ўмяшанне ў ландшафт) або навуковую калекцыю амерыканскага Цэнтру інтэрпрэтацыі землекарыстання. Другі раздзел (слайд-шоу) канцэнтруецца на рамантычным і апакаліптычным матывах руінаў: сляды чалавечай дзейнасці чытаюцца ў закінутай архітэктуры, аддадзенай на волю энтрапіі, у будаўнічых матэрыялах, агароджах, мастах, электрычных цягавых сістэмах, капальнях, дарожных інфраструктурах ды іншым. Апошняя група фотаздымкаў прысвечаная аб’ектам (пратэзам, мадэлям, цацкам, навучальнаму абсталяванню, рэквізіту), якія разглядаюцца як «сведчанне» чалавечых дзеянняў, што напэўна акажуцца больш ці менш неспасцігальнымі ў будучыні, – такія, як хірургічныя аперацыі, танец, навучанне, скульптура ды іншае. Сярод іншага ў гэтую катэгорыю ўваходзіць серыя фатаграфіяў, датычная даследаванняў у галіне радыеактыўнасці ды ядравых выпрабаванняў, што ладзіліся ў Казахстане. Іншую выяву – адукацыйную мадэль шахматнай школы Цэнтру Гэйдара Аліева ў Хырдалане (Азербайджан) – можна пабачыць у будынку Беластоцкага ўніверсітэту.
Апошняя фатаграфія – кшталту фінальнай рэмаркі, што завяршае выставу (або erratum, спіс памылак – з увагі на тое, што вобразы людзей амаль цалкам адсутнічаюць у наратыве экспазіцыі), – зробленая ў цэнтры ўцекачоў у Паўднёвай Асеціі ў 2013-м, і яна змяшчаецца па-за галерэяй, на білбордзе. Фота ёсць своеасаблівым каментаром да расісцкіх і нацыяналісцкіх інцыдэнтаў у грамадскай прасторы Беластоку, якая ўсё больш робіцца брунатнакашульнай, фашысцкай.
Назва «Новы канец» дорыць некалькі падказак да магчымых інтэрпрэтацыяў серыі фота з архіву Sputnik’а. Яна прарочыць апакаліпсіс – аднак гэты апакаліпсіс не ёсць абсалютным і поўным: усяго толькі невялічкая катастрофа. Мы часта з спадзевам кажам аб новым пачатку, але «новы фінал» гучыць як штосьці смеху вартае; гэта стан нявызначанасці, заўсёдна адкрыты феномен. Ці будзе ўвогуле канец свету, як мы яго ўяўляем, успрыняты з гледзішча далёкага рэгіёну ў Віцебску або з анкалагічнага цэнтру ў Семеі (Казахстан)? Ці не перажылі мы ўжо папярэдні канец свету? Ці шмат такіх фіналаў ужо здзейснілася? Зусім не дзівіць, што фатаграфіі з архіву «Sputnik Photos», знятыя выключна ў былых рэспубліках Савецкага Саюзу, хвалююць палітычнае ўяўленне – асабліва ў нашыя дні, калі дэманы халоднай вайны абудзіліся і «факты» ствараюцца інтэрнэт-тролямі, якія гуляюцца з фантазіямі аб аднаўленні савецкай імперыі. Не так даўно мы сказалі «бывай» гісторыі ды адсвяткавалі яе скон. Давайце зноў яе прывітаем: у трымценні ад прадбачання новага канца давайце будзем сузіраць руіны старых парадкаў.
Сэбаст’ян Ціхоцкі