16.11.2018 - 9.12.2018 Мастацтва, Падзея

Выстава “Кракаўскія калядныя батлейкі”

16 лістапада а 17-й гадзіне ў Музеі беларускага Палесся адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Кракаўскія калядныя батлейкі”. Выстаўка падрыхтавана Гістарычным музеем горада Кракава, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Брэсце і Польскім Інстытутам у Мінску.
 

Напярэдадні зімовых святаў музей запрашае дзяцей і дарослых здзейсніць падарожжа ў дзівосны свет гісторыі кракаўскіх батлеек. Наведвальнікаў чакае святочны настрой ад набліжэння непаўторнага часу, атмасфера цеплыні і радасці ад знаёмства з прыгожым.

Кракаўскія батлейкі (ад польскага – Betleem — назва г. Віфлеема) – гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэння з архітэктурнай спасылкай на адметнасці Кракава. Стылёвая разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхнення. Гэта форма батлейкі сфармавалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца дагэтуль, з’яўляючыся правобразам сучасных батлеек.

Гістарычны музей Кракава з 1946 года ладзіць штогадовыя конкурсы і выставы батлеек, якія вылучаюцца надзвычайнай рэлігійнай, мастацкай, патрыятычнай і гістарычнай каштоўнасцю. Рэгламент на роўных правах дапускае да ўдзелу ў конкурсе працы прафесіяналаў (архітэктараў, мастакоў) і мастакоў-аматараў. На дадзенай выставе прадстаўлены батлейкі з фондаў Гістарычнага музея горада Кракава, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды. Адметнасцю кракаўскіх батлеек з’яўляюцца сцэны з персанажамі гістарычнымі (каралямі, нацыянальнымі героямі, заслужанымі і вялікімі палякамі) і легендарнымі (напр., Трубачом, панам Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць сучасныя і складаныя механізмы, а таксама ўбудаваныя музычныя рашэнні, з якіх гучаць кракаўскія мелодыі або найбольш папулярныя калядкі.

Выстава будзе працаваць да 9 снежня 2018 года.

from to
Scheduled Мастацтва Падзея