Выстава “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”.
Выстава падрыхтавана Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча, Фондам “Цэнтр Архітэктуры”, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Брэсце і Польскім Інстытутам у Мінску.
Назва выставы “Вечнасць і момант” натхнёная прамовай Леха Немаеўскага (1894-1952), вядомага польскага архітэктара, прапагандыста мадэрнізму, а таксама пільнага даследчыка польскай старажытнай архітэктуры. Словы Немаеўскага трапна акрэсліваюць патэнцыял і стабільнасць незалежнай Другой Польскай Рэспублікі, а таксама той кароткі перыяд, калі ўвасаблялася амбіцыйнае бачанне сучаснай, дынамічнай дзяржавы. Высокая планка польскай архітэктуры перыяду 1918-1939 – гэта не толькі інавацыйныя, высокатэхналагічныя будынкі, але і ўнікальная рэкламная стратэгія, якая выкарыстоўвала макеты, фотаздымкі і фотамантаж. Выбар аб’ектаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца падсумаваннем спосабаў прэзентацыі дзяржавы, адроджанай пасля 123 гадоў няволі, з гледзішча мадэрнісцкай архітэктуры. Бо нельга казаць аб архітэктуры міжваеннага дваццацігоддзя без яе фатаграфічнай дакументацыі, выкананай найлепшымі польскімі фатографамі. Будаўнічае мастацтва не існуе без урбаністыкі, а добрая ўрбаністыка – гэта, у сваю чаргу, сучасная эканоміка. Сабраныя ў экспазіцыі прыклады толькі ў некаторай ступені даюць уяўленне пра архітэктурную тапаграфію Другой Польскай Рэспублікі, і гэта ўсяго некалькі кропак на густа запоўненай архімапе. Уверцюра да сімфоніі наватарскіх ідэй і паспяхова рэалізаваных далёкасяжных планаў.
Выстава працуе да 18.12.2018
Уваход вольны