7.02.2019 Літаратура, Музыка, Падзея

Прэзентацыя кнігі-альбома “ЧЭСЛАЎ НЕМЭН”

Да 80-годдзя легенды польскай музыкі ХХ стагоддзя ЧЭСЛАВА НЕМЭНА

 

Да 80-годдзя легенды польскай музыкі ХХ стагоддзя ЧЭСЛАВА НЕМЭНА

7 лютага 2019 года ў 17:30 на Польскім стэндзе ў выставачным павільёне БелЭкспа (Мінск, пр. Пераможцаў, 14) у рамках XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца прэзентацыя кнігі-альбома “ЧЭСЛАЎ НЕМЭН”. Выданне падрыхтавана да 80-годдзя вялікага артыста.
 

У кнізе прадстаўлены багаты фотаматэрыял з архіваў Дома-Музея Чэслава Немэна ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У ёй распавядаецца пра гады жыцця музыканта ў Беларусі, сабраны ўспаміны Чэслава пра гэты перыяд і ўспаміны яго аднавяскоўцаў пра яго, гаворыцца пра станаўленне Немэна як музыканта ўжо ў Польшчы і яго знакамітым канцэрце ў мінскім Палацы спорту ў 1976 годзе. У кнігу ўвайшлі таксама апісанні 500-гадовага Фарнага касцёла ў Старых Васілішках і яго ўнікальнага аргана, а таксама матэрыялы пра заснаванне і дзейнасць Дома-музея Чэслава Немэна ў Старых Васілішках.

Чэслаў Немэн – выбітны самародак, геній рок-музыкі, кумір пакаленняў, кампазітар, вакаліст, паэт, мультыінструменталіст, які стварыў свой непаўторны музычны свет і стаў сімвалам цэлай эпохі ў гісторыі музыкі.

Чэслаў Юліюш Выджыцкі (творчы псеўданім Немэн) нарадзіўся ў вёсцы Старыя Васілішкі 16 лютага 1939 г., тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. У 2010 годзе ў Старых Васілішках адкрыўся музей Чэслава Немэна – адзіны ў свеце музей рок-музыканта, створаны ў яго родным доме. У гэтым доме сям’я Выджыцкіх жыла да ад’езду ў Польшчу ў 1958 годзе.

Кнігу прадставяць аўтары выдання:

Вера Савіна – кінасцэнарыст, журналіст, куратар мастацкіх выстаў. Член Саюза журналістаў, Саюза кінематаграфістаў, Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь. Аўтар звыш 30 сцэнарыяў дакументальных фільмаў. У 1992 годзе – член журы фестывалю тэлевізійных праграм у Канах (Францыя) «FIPA». У 2012 годзе ўзнагароджана дзяржаўнай узнагародай «Медаль Францыска Скарыны».

Віталь Раковіч (“Студыя R2”) – фатограф, дызайнер, у актыве якога больш за сорак персанальных выстаў. Арганізатар, куратар і ўдзельнік дзясяткаў сумесных выставачных фотапраектаў. Фотаздымкі захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, Доме Беларусі ў Варшаве, Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, ЗША і Ізраіля.

Scheduled Літаратура Музыка Падзея