9.02.2019 Літаратура, Падзея

С.Пясецкі “НІХТО ДАБРОМ НЕ ДАСЦЬ ЗБАЎЛЕННЯ”. Прэзентацыя перакладу

Кніжны кірмаш

МЕНСКАЯ ТРЫЛОГІЯ: ПОЎНЫ КАМПЛЕКТ!

9 лютага 2019 года а 16-ай гадзіне на Польскім стэндзе ў выставачным павільёне БелЭкспа (Мінск, пр.Пераможцаў, 14) у рамках XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу “Менскай трылогіі” выбітнага польска-беларускага пісьменніка Сяргея Пясецкага, і ў першую чаргу – трэцяга тома “Ніхто дабром не дасць збаўлення”. У прэзентацыі возьмуць удзел: унучка Сяргея Пясецкага, даследчыца яго творчасці Эва Тамашэвіч, перакладчыкі Віктар Шукеловіч і Марыя Пушкінарэдактарка перакладу трылогіі Марына Казлоўская, а таксама адмысловы госць – суаўтар “Народнага альбому” Лявон Вольскі з кантрабандысцкімі песнямі.
 

“Ніхто дабром не дасць збаўлення” – трэцяя кніга з “Менскай трылогіі” Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Мы працягваем сачыць за лёсамі ўжо знаёмых нам герояў – менскіх зладзеяў Аліка Барана, Яся Нацэвіча і Філіпа Лысага. У апошнім рамане трылогіі апісваюцца падзеі 1919 года, калі з Менска сышлі германскія войскі і сталі гаспадарыць бальшавіцкія камісары. Якія змены наступілі для фраераў і блатных? Што прынеслі з сабою новыя ўлады? І чым тады выславілася Камароўка? “Ніхто дабром не дасць збаўлення” – кніга, у якой пульсуе жыццё і віруюць жарсці. Аўтар захапляльна распавядае пра таямнічы і закрыты свет ліхадзеяў, поўны прыгодаў і авантур, небяспекі, вясёлых і трагічных неспадзяванак, а таксама моцных пачуццяў ды шчырага кахання.

Раман “Ніхто дабром не дасць збаўлення”, як і папярэднія часткі трылогіі “Яблычак” і “Гляну я ў аконца…”, выйшаў у выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута кнігі ў Кракаве, пераклаў твор тэлевядоўца і філолаг Віктар Шукеловіч.

“Гэта мой першы візіт у Беларусь і я вельмі хвалююся, – кажа Эва Тамашэвіч. – Я колісь планавала пабачыць усе месцы, звязаныя з маім дзедам, і спадзяюся, зараз я свой план выканаю. Мінск, Ракаў ды іншыя гарады былі не толькі часткай яго твораў, але таксама і жыцця, гэтыя мясціны сфармавалі яго як асобу і пісьменніка. Ён тут нарадзіўся, яго маці была беларуска, ён змагаўся ў беларускім анты-бальшавіцкім атрадзе ў 1918-1919 гг. Вельмі не церпіцца патрапіць у горад, які ён намаляваў у “Менскай трылогіі”, месцы, дзе ён жыў пасля таго як уцёк з дому і школы, і дзе навучыўся, паводле яго словаў, самым каштоўным рэчам у сваім жыцці ад настаўнікаў, якія, можа, і не ўмелі чытаць і пісаць, але давалі яму навуку пра найважнейшыя аспекты чалавечага жыцця і прыроды”.

Сяргей Пясецкі – польска-беларускі пісьменнік, які нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах. Яго жыццё поўнілася экстрэмальнымі прыгодамі і незвычайнымі авантурамі, сярод якіх значацца шпіянаж і кантрабандысцкая дзейнасць на савецка-польскай мяжы ў раёне Ракава. У 1926 годзе Сяргея Пясецкага за бандыцкі налёт прысудзілі да смяротнага пакарання, але потым замянілі вырак на 15 гадоў турмы. За кратамі ў Пясецкага праявіўся літаратурны талент, а яго творы прынеслі славутасць і дапамаглі раней вызваліцца з турмы. Пасля Другой сусветнай вайны Пясецкі эміграваў на Захад, дзе жыў у вельмі сціплых умовах, хоць меў еўрапейскую літаратурную славу. Памёр у 1964 годзе ў Вялікабрытаніі. Дзякуючы авантурніцкай тэматыцы і тутэйшым рэаліям творчасць Пясецкага зрабіла моцны ўплыў на беларускую папулярную культуру.

Scheduled Літаратура Падзея