15.03.2019 - 31.03.2019 Мастацтва, Падзея

Выстава сакральнага жывапісу Анны Макаць ʺBiblia pauperumʺ

Выстава сакральнага жывапісу Анны Макаць ʺBiblia pauperumʺ

15 – 31 сакавiка 2019МАСТАЦТВА
Месца: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, вул. К. Маркса, 12
 

15 сакавіка 2019 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы сакральнага жывапісу Анны Макаць ʺBiblia pauperumʺ.
 

 

„Мастацтвам стварэння ікон я зацікавілася падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў. Да іканапісу мяне падрыхтавалі заняткі па тэхніцы жывапісу і залачэння, а таксама дыпломная праца па рэстаўрацыі іконы Святога Георгія мяжы XVIII і XIX стагоддзя. Тады я вучылася рамяству, а з тэалогіяй пазнаёмілася нашмат пазней.

Спачатку, як кожны пачатковец, я рабіла копіі, даказваючы сабе, што таксама так магу. Тады іканапіс быў не такі папулярны, як цяпер. Не было матэрыялаў і кніг з рэпрадукцыямі. Мне ўдалося знайсці толькі расійскія альбомы. Таму спачатку я рабіла копіі расійскіх ікон. Не было таксама інтэрнэту, які рабіў магчымым кантактаваць з іншымі мастакамі. Я доўга думала, што я адна ў свеце займаюся стварэннем такіх работ.

І толькі напрыканцы дзевяностых гадоў я пачала прывозіць з Берліна альбомы з іконамі іншых школ, напрыклад, эфіопскімі або копцкімі. Прыкладна ў 2011 годзе я адкрыла для сябе мастакоў Львоўскай школы, а разам з імі майстар-класы іканапісу ў Навіцы. Упершыню я ўдзельнічала ў іх у 2013 годзе. Праграмныя прынцыпы навіцкіх майстар-класаў мне вельмі падыходзяць, асабліва стварэнне сакральнага мастацтва з дапамогай сучасных сродкаў выражэння.

З аднаго боку я пішу іконы ў адпаведнасці з канонам, які, нягледзячы на вызначэнне пэўных рамак, дазваляе захаваць свой уласны стыль. З іншага – у мяне ёсць работы, проста натхнёныя іконамі і падобныя да іх з тэхнічнага гледзішча. Гэта мае ўласныя інтэрпрэтацыі рэлігійных тэм, такіх як святыя, Маці Божая, анёлы. Я выкарыстоўваю ў сваёй творчасці вядомыя матывы.

Мяне натхняе мастацтва памежжа праваслаўнага свету – месцаў, у якіх класічныя іканаграфічныя схемы пераплятаюцца з народным мастацтвам, як у Грузіі, Эфіопіі, Заходняй Украіне, Румыніі, а таксама народнае рэлігійнае мастацтва. Акрамя гэтага, раманскае скульптуры, рэлігійнае каланіяльнае мастацтва Мексікі і Перу. Братнюю мастацкую душу я знайшла ў Адаме Сталёны-Дабжаньскім, які памёр у 1985 годзе, гэта праваслаўны мастак, стваральнік вітражоў і поліхрамій. Ён па-майстэрску спалучаў класічны іканаграфічны канон з сучасным уласным стылем. Мне блізкая таксама менш сур’ёзная паэтыка дзіцячай ілюстрацыі.

Работы, якія я прадстаўляю на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, паўсталі поруч з асноўнай плынню маёй творчасці – з патрэбы сэрца, як хатнія іконы, прызначаныя для прыватнага культу і непадпарадкаваныя жорсткім правілам. Некаторыя з іх – частка рыцарскага цыклу, у якім прадстаўленыя святыя на розных жывёлах. Размешчаныя на працах лацінскія надпісы адсылаюць да традыцый сярэднявечных ватыўных карцін з цудамі святых. Сёння можна сказаць, што яны чытаюцца як комікс. Адначасова гэта свайго кшталту ʺBiblia pauperumʺ, г.зн. Біблія ў малюнках для людзей, якія не вельмі сябруюць з лацінай. Прадстаўлены рэлігійны змест пададзены простым і адназначным спосабам”.

from to
Scheduled Мастацтва Падзея