СВЯТОЧНЫ ГАЛА-КАНЦЭРТ, прысвечаны 200-годдзю з Дня нараджэння СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ.
У канцэрце прымуць удзел сапраўдныя зоркі оперы і балета Вялікага тэатра Беларусі, а таксама выбітная польская спявачка Івона Хоса, салістка Нацыянальнай оперы ў Варшаве. Падчас канцэрта за дырыжорскім пультам выступяць тры выбітныя дырыжоры: Іван Касцяхін і Алег Лясун з Беларусі і Раман Рэваковіч з Польшчы.
Канцэрт арганізаваны пры садзейнічанні Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута Адама Міцкевіча ў межах праграмы POLSKA MUSIC.
2019-ы быў абвешчаны ЮНЕСКА Годам Станіслава Манюшкі. У гонар геніяльнага кампазітара, 200-гадовы юбілей якога адзначаецца 5 мая, Вялікі тэатр Беларусі падрыхтаваў спецыяльную праграму, якая складаецца з самых вядомых і папулярных твораў С. Манюшкі.
Станіслаў Манюшка быў выбітным кампазітарам, дырыжорам, педагогам, арганістам, дырэктарам Вялікага Тэатра ў Варшаве. Яго называюць бацькам “польскай нацыянальнай оперы”. Нарадзіўся 5 мая 1819 г. у Убелі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ён вырас у шматкультурным асяроддзі сярод палякаў, рускіх, літоўцаў, габрэяў, русінаў і татар.
Ён з’яўляецца аўтарам больш за 268 песень, вялікай колькасці опер, аперэтак, балетаў і касцёльнай музыкі. Яго самымі вядомымі творамі з’яўляюцца оперы “Галька”, “Страшны двор” і “Парыя”.