23.05.2019 Музыка, Падзея

КАНЦЭРТ да 200-годдзя Станіслава Манюшкі ,

Дырыжор - АНТОНІ ВІТ
23 мая 2019 г. у Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца 
КАНЦЭРТ да 200-годдзя Станіслава Манюшкі  
ў межах святкавання  Года Станіслава Манюшкі 2019. 

У канцэрце прымаюць удзел Дзяржаўны акадэмічны СІМФАНІЧНЫ АРКЕСТР Рэспублікі Беларусь, галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў
Дырыжор – Антоні ВІТ (Польшча)


У праграме канцэрта:

аддзяленне:

Станіслаў Манюшка

Уверцюра з оперы «Парыя»
Арыя Стэфана з оперы “Страшны двор”
Балетная музыка з оперы «Графіня»
Рэчытатыў і арыя Галькі з оперы «Галька»
Арыя Ёнтэка з оперы «Галька»

Салісты:

Ірына КРЫКУНОВА сапрана

Рафал БАРТМІНЬСКІ тэнар (Польшча)

II аддзяленне:

Людвіг ван Бетховен.
Сімфонія №7 ля мажор, ор. 92

1. Poco sostenuto. Vivace
2. Allegretto
3. Presto
4. Allegro con brio


5 мая 2019 года спаўняецца 200 год з дня нараджэння СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ – выдатнага кампазітара-рамантыка ХІХ стагоддзя, аўтара песень, аперэт, опер і балетаў. Юбілей кампазітара адзначаюць сёлета ў розных краінах свету, а Сенат Польшчы 2019 год абвясціў Годам Станіслава Манюшкі.

Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель Мінскай губерніі. Музыцы юны Станіслаў вучыўся ў маці (праўнучкі Яна Маджарскага – стваральніка вытворчасці слуцкіх паясоў). Пазней Станіслаў навучаўся ў школе піяраў у Варшаве, браў урокі ігры на фартэпіяна і аргане ў Аўгуста Фрэйера. Удасканальваў сваю музычную адукацыю ў Дамініка Стэфановіча (кампазіцыя) у Мінску і ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена (кампазіцыя, харавое дырыжыраванне) у Берліне. У 1836-58 гг. жыў у Вільні. Пасля атрымання адукацыі працаваў арганістам у касцёле Святых Янаў, а для дадатковага заробку даваў прыватныя ўрокі. Але ўсё гэта відавочна не адпавядала амбіцыям Манюшкі.

Сваё першае сачыненне ён напісаў у 1838 г. – «Тры песні» на словы Адама Міцкевіча. За сваё жыццё Манюшка напісаў больш за 400 кампазіцый на словы польскіх паэтаў, якія заклалі асновы польскай нацыянальнай песні. Ён сабраў дванаццаць песенных зборнікаў пад агульнай назвай «Хатні спеўнік». Шэсць спеўнікаў было выдадзена пры жыцці кампазітара, і шэсць пасля яго смерці.

У 1849 і 1856 гг. у Санкт-Пецярбургу даваў аўтарскія канцэрты. Быў знаёмы з рускімі кампазітарамі М.Глінкай, А. Даргамыжскім, А. Сяровым, якія высока цанілі яго творчасць. З 1850 г. Манюшка дырыжыраваў опернымі спектаклямі ў Віленскім гарадскім тэатры. Менавіта ў Вільні ў 1848 г. з поспехам была прадстаўлена першая двухактовая версія оперы «Галька».

Станіслаў Манюшка меў дачыненне да станаўлення беларускай музычнай культуры. У сваёй творчасці актыўна супрацоўнічаў з беларускім пісьменнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Дзякуючы іх сумеснай творчасці паўстала опера «Сельская ідылія» цалкам на беларускай мове, прэм’ера якой адбылася ў 1852 г. у Мінскім гарадскім тэатры, што знаходзіўся на месцы сённяшняй гасцініцы «Еўропа». Акрамя таго, сумесна былі напісаны опера «Цудоўная вада» і аперэты «Рэкруцкі набор», «Барацьба музыкаў».

Пасля трыумфальнай прэм’еры новай чатырохактовай версіі оперы “Галька”, якая адбылася 1 студзеня 1858 года ў Варшаве, Станіслаў Манюшка адбыў гастраліраваў па Германіі і Францыі, а пасля вяртання 1 жніўня 1858 года быў прызначаны галоўным дырыжорам Польскай Оперы ў Вялікім тэатры ў Варшаве. На працягу амаль пятнаццаці гадоў працы на гэтай пасадзе ён падрыхтаваў і паставіў амаль усе свае пазнейшыя оперы – “Графіня”, “Verbum nobile”, “Страшны двор”, “Парыя” ды іншыя.
Адначасова, з 1864 года С. Манюшка працаваў выкладчыкам у Інстытуце Музыкі ў Варшаве.

Памёр Станіслаў Манюшка ў 1872 годзе ад сардэчнага прыступу. Пахаванне кампазітара, у якім удзельнічала ад 60 да 100 тысяч чалавек, стала ў Польшчы нацыянальнай маніфестацыяй. Станіслаў Манюшка пахаваны на Павонзкіх могілках у Варшаве.

У Мінску на будынку гімназіі, у якой вучыўся Станіслаў Манюшка, і ў Вільні на доме Мюлера, у якім жыў кампазітар, устаноўлены памятныя шыльды. Помнікі Станіславу Манюшку ўсталяваны ў Варшаве, Катавіцах, Познані, Лодзі, Торуні, Мінску і Вільні. У гонар Манюшкі названыя вуліцы ў многіх гарадах Польшчы, у Вільні, Мінску, а таксама ў Гродне, Крывым Рогу і Харкаве. 5 студзеня 2019 года імем Станіслава Манюшкі названы Цэнтральны чыгуначны вакзал у Варшаве.

Антоні Віт – адзін з самых заслужаных дырыжораў Польшчы і майстар польскай музыкі. Уладальнік вышэйшай узнагароды Міжнароднага конкурсу дырыжораў ім. Герберта фон Караяна (1971). Генеральны і мастацкі дырэктар Варшаўскай філармоніі (2001-13). Музычны дырэктар Сімфанічнага аркестра Наварры (Іспанія, 2013-18), ганаровы дырыжор Кракаўскай філармоніі ў Польшчы. Узнагароджаны ордэнам Французскага Ганаровага легіёна (2015).

Сяміразовы намінант на прэмію Грэмі. Уладальнік «Залатога камертона» і Гран-пры Акадэміі музыкі «La Nouvelle Académie du Disque». У 1985 г. атрымаў узнагароду «Альбом года» ад брытанскай гуказапісваючай кампаніі «EMI» за выкананне «Стабат Матэр» К. Шыманоўскага; у 2012 – узнагароду Канскага фестывалю класічнай музыкі за запіс «Турангаліла-сімфоніі» французскага кампазітара Аліўе Месіяна.

У 2012 г. сусветная прэм’ера Канцэрта-кантаты Х. Гурэцкага Варшаўскай філармоніі пад кіраўніцтвам Антонія Віта, выдадзенага гуказапісваючай кампаніяй «Naxos», атрымала прэмію «Choc Award». Дыскі з яго выкананнем твораў К. Пэндэрэцкага – «Фанаграмы», «Канцэрта для духавых інструментаў», «Парціты», «Абуджэння Якаба і Анакласіса», выдадзеныя «Naxos», атрымалі прэмію “Грэмі” ў 2013 годзе.

Антоні Віт актыўна гастралюе і супрацоўнічае з нацыянальнымі, сімфанічнымі і філарманічнымі аркестрамі Варшавы, Кракава, Берліна, Будапешта, Прагі, Сеула, Страсбурга, Каталоніі, Лос-Анджэлеса, Буэнас-Айрэса, Заграба, Санкт-Пецярбурга, Токіа, Сафіі, Кейптаўна, Наварры і інш.

Scheduled Музыка Падзея