10.06.2019 Падзея

Фестываль “Дзень Польшчы”

 
 
15 чэрвеня 2019 года ў Верхнім горадзе развернецца ФЭСТ «ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ Ў МІНСКУ». У гэты дзень жыхары і госці беларускай сталіцы будуць мець магчымасць наблізіцца да традыцый, легенд, гукаў і смакаў краіны-суседкі Польшчы. Арганізатары з польскага і беларускага бакоў падрыхтавалі мноства разнастайных мерапрыемстваў, цікавых і займальных актыўнасцей, які прыйдуцца даспадобы публіцы розных узростаў і зацікаўленасцей. УСІХ САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Ля мінскай Ратушы і на тэрыторыі Верхняга Горада цягам дня будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі. На музычнай пляцоўцы на галоўнай сцэне выступяць хэдлайнеры з Польшчы – легендарны польскі гурт GOLDEN LIFE, які прэзентуе свае найлепшыя хіты на мяжы поп і рок-музыкі, рэпа і кантры. Іх музычныя дасягненні – гэта 12 выпушчаных альбомаў, запіс саўндтрэкаў да папулярных польскіх фільмаў і аншлагавыя канцэрты для самых розных пакаленняў слухачоў. “GOLDEN LIFE” заваяваў Гран-пры на фестывалі MTV Pop Song Bregens у Аўстрыі, абышоўшы каля 30 канкурэнтаў з усяго свету! Гурт выступаў на адной сцэне з Radiohead”, Джо Кокерам і Rammstein”.

5 мая 2019 года споўнілася 200 год з дня нараджэння СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ выдатнага кампазітара-рамантыка ХІХ стагоддзя, аўтара песень, аперэт, опер і балетаў, які нарадзіўся непадалёк Мінска і стаў бацькам польскай оперы. Юбілей кампазітара адзначаюць сёлета ў розных краінах свету, а Сенат Польшчы абвясціў 2019 год – Годам Станіслава Манюшкі. З гэтай нагоды з канцэртнай праграмай «Да 200-годдзя Станіслава Манюшкі» выступяць сімфанічны аркестр “Capella Academia”, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, салісты Вялікага тэатра Беларусі, мастацкі кіраўнік і дырыжор А. Фралоў. Прагучаць знакавыя творы Станіслава Манюшкі: арыі з опер “Галька” і “Страшны двор”, уверцюра да оперы “Казка” і харавыя творы кампазітара, а таксама найлепшыя песні са знакамітага цыкла кампазітара “Хатні спеўнік”.

Народную творчасць прадставяць вакальныя і танцавальныя калектывы польскай дыяспары ў Беларусі. А да 80-годдзя легенды польскай музыкі ХХ стагоддзя ЧЭСЛАВА НЕМЭНА калектыў Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці выступіць з прэзентацыяй найлепшых твораў музыканта. Чэслаў Немэн – выбітны самародак, геній рок-музыкі, кумір пакаленняў, кампазітар, вакаліст, паэт, мультыінструменталіст, які стварыў свой непаўторны музычны свет і стаў сімвалам цэлай эпохі ў гісторыі музыкі. Яго творчасць не толькі з’яўляецца канонам польскай песні і вечным натхненнем для маладых артыстаў, яна ўзвяла папулярную музыку ў ранг сапраўднага мастацтва і ўрасла ў польскую поп-культуру.

На фестывалі будуць працаваць адначасова некалькі надзвычай цікавых выставачных пляцовак.

У ГЗЦ “Галерэя Мінск” будуць працаваць дзве інфармацыйныя выставы. Выстава “15 год Польшчы ў Еўрасаюзе”, падрыхтаваная адмыслова да гэтай падзеі, рассказвае пра перавагі членства Польшчы ў ЕС. Рост таваразвароту з краінамі ЕС, прыток новых тэхналогій і інавацыйных рашэнняў, ліквідацыя межаў, павелічэнне дынамікі інвестыцый, спажывання і экспарту – усё гэта сведчаць пра тое, што з эканамічнага гледзішча Польшча развіваецца найдзвычай добра. Экспазіцыя наглядна распавядае пра праграмы ЕС па ахове навакольнага асяроддзя, удзел Польшчы ў місіях і аперацыях ЕС і праграму “Польская дапамога”, якая існуе з 2004 года і з’яўляецца часткай абавязацельстваў у Еўрапейскім Саюзе, рэалізуе праекты таксама і ў Беларусі.

Пра турыстычныя атракцыі і вартасці Польшчы можна даведацца на стэндавай выставе“Польшча. Вам тут рады!”.

У галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца мастацкая выстава «Спорт у польскім плакаце» са збораў Dydo Poster Collection (Кракаў) прысвечана ІІ Еўрапейскім гульням-2019. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены 40 плакатаў найбольш вядомых і шанаваных мастакоў з “Польскай школы плаката”. Цэлая плеяда выбітных дызайнераў візуалізуе футбол, баскетбол, тэніс, веласпорт, хакей і іншыя віды спорту. Заўзеем за мастацтва разам!

Вулічная выстава «Кракаўскі Лайконік» пазнаёміць з гісторыяй аднаго з сімвалаў Кракава. Лайконік – татарскі вершнік ва ўсходнім строі, спічастым цюрбане і з булавой у руцэ. Ён нагадвае пра вызваленне Кракава ад захопнікаў, а таксама танцуе і забаўляе гледачоў. Шэсце Лайконіка ўнесена ў польскі нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Ім апякуецца гарадская Рада і Кракаўскі гістарычны музей.

Ад дворыка мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, дзе будзе экспанавацца выстава, і пачне сваё карнавальнае шэсце Кракаўскі Лайконік. Збігнеў Глёнэк грае Лайконіка ўжо 31 год, а да гэтага 17 год хадзіў у працэсіі плытагонам. Яго ўбранне важыць 30 кг! Разам са світай і гуртом “Мляскоты” шэсце ўрачыста пройдзе па прылягаючых да Верхняга горада вуліцах і затанчыць на плошчы ля гарадской Ратушы. Лічыцца, што ўдар булавой Лайконіка спрыяе дабрабыту на ўвесь наступны год.

На забаўляльную пляцоўку дзетак і дарослых запросіць “КАЛЯРОВЫ ЦЫРК”. Гледачоў чакае цудоўная інтэрактыўная забава ў выкананні вясёлых клоўнаў і хадулістаў, якія з дапамогай тэатралізаваных гульняў паказваюць чароўны і надзвычай цікавы свет цыркавога мастацтва. Праграма прадугледжвае выступленне хадулістаў, скачкі цераз гіганцкую скакалку, акрабатычныя трукі на баланс-бордзе, шоу мыльных бурбалак. Удзельнікі майстар-класаў змогуць авалодаць рознымі цікавымі цыркавымі і акрабатычнымі ўменнямі: навучыцца хадзіць на хадулях, жангліраваць, граць на бубнах ці правільна грыміравацца.

Ужо традыцыйна, для самых маленькіх гасцей працуе дзіцячая гульнявая пляцоўка ад фабрыкі цацак “Палессе”.

На тэатральнай пляцоўцы выступіць кракаўскі вулічны тэатр “Сцэна калейдаскоп”. Гэта мастацкая група, якую заснаваў у 1999 годзе акцёр і рэжысёр Пётр Кульчык. Калектыў займаецца пастаноўкай тэатральных спектакляў, а таксама вулічных выступленняў, спалучаючы цыркавое, балетнае і аўдыёвізуальнае мастацтва. Мінскай публіцы акцёры пакажуць спектакль «Сэрца Дон Жуана ў агні». Захапляльнае тэатральна-цыркавое відовішча па матывах сумна вядомай гісторыі Дон Жуана – нявернага каханка, які сваімі любоўнымі прыгодамі здзіўляў, выклікаў абурэнне і рэўнасць. У спектаклі мы бачым яго як поўнага запалу чалавека, які знаходзіцца ў пошуках сапраўднага пачуцця. Відошча насычана спецэфектамі: рукапашны бой, дымавая заслона, паходні. У спектаклі мы зможам убачыць майстэрства хадулістаў. Прыгожая класічная музыка ад першай да апошняй секунды правядзе гледача праз перыпетыі жарсці чалавечай душы. Сардэчна запрашаем на сапраўдную забаву для ўсёй сям’і!

Цягам дня на моўна-адукацыйным кірмашы ўсе, каго цікавіць вывучэнне польскай мовы, адукацыю і стажыроўкі ў Польшчы, змогуць атрымаць інфармацыю пра курсы і адукацыйныя праграмы ў Мінску. Свае прапановы прадставяць студыя польскай мовы Pan Profesor, школа замежных моў Streamline, цэнтр “Студыя-Мовія”. Беларускія партнёры школы замежных моў GLOSSA (Кракаў) распавядуць пра анлайн-курсы па польскай мове і падручнікі з серыі POLSKI krok po kroku, якія таксама будуць даступныя для набыцця. Наведвальнікаў чакаюць цікавыя прэзентацыі, моўна-літаратурныя конкурсы і забавы.

Кнігарня “Акадэмкніга” прадставіць шырокі спектр польскай мастацкай літаратуры розных жанраў у перакладзе на беларускую і рускую мовы.

На літаратурнай пляцоўцы адбудзецца творчая сустрэча са знакамітым польскім пісьменнікам і навукоўцам ЯНУШАМ ЛЕОНАМ ВІШНЕЎСКІМ. Яго дэбютны раман “Адзінота ў сеціве” тры гады не знікаў са спісаў бестселераў, быў перакладзены амаль на ўсе асноўныя мовы свету і прынёс аўтару шырокую вядомасць. Януш Вішнеўскі піша, сярод іншага, пра каханне, здраду, вернасць, адзіноту, смерць, амбіцыі і незлічоную колькасць іншых эмоцый, якія суправаджаюць кожнага з нас у штодзённым жыцці. Ён стварае партрэты людзей, якіх мы сустракаем на вуліцы, на працы, людзей, з якімі мы ніколі не сустрэнемся, адлюстраванні нас саміх.

Падчас сустрэчы будзе ісці размова пра творчасць, найноўшыя творы аўтара і пісьменніцкія планы. Удзельнікі сустрэчы будуць мець магчымасць задаць пытанні пісьменніку і атрымаць аўтограф. Сустрэчу правядзе паэтка і тэлевядучая Валярына Кустава.

На тэрыторыі фестывалю будуць працаваць інфармацыйныя пляцоўкі Польскага Інстытута ў Мінску, Польскай турыстычнай арганізацыі (POT) і Нацыянальных інстытутаў культуры Еўрапейскага Саюза (EUNIC), а таксама фудкорт.
 
 
Арганізатары мерапрыемства: Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску.
Спонсары: ТАА “Унія-Усход”, ЗТАА “ХАРДЫ Тулс”, Асацыяцыя польскага бізнесу ў Беларусі, УПГПП “Кварц”.
 
Інфармацыя для медыя: Аркадзіюш Клэмбэк arkadiusz.klebek@msz.gov.pl, тэл. +375 17 388 52 00.

Інтэрв ю з выканаўцамі: +375 17 200 9581, 200 6378: minsk@instytutpolski.org

Scheduled Падзея