18.08.2019 Музыка, Падзея

Канцэрт “ДА ЦЯБЕ, БОЖА”

Канцэрт вакальнай і арганнай музыкі “Да Цябе, Божа”  у межах цыклу мерапрыемстваў да сёлетняга  200-гадовага юбілею кампазітара Станіслава Манюшкі. 

18 жніўня у Кафедральным касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве адбудзецца канцэрт вакальнай і арганнай музыкі “Да Цябе, Божа”  у межах цыклу мерапрыемстваў да сёлетняга  200-гадовага юбілею кампазітара Станіслава Манюшкі.  У канцэрце слухачы пазнаёмяцца з малавядомай іпастассю кампазітара: як літургічнага арганіста і аўтара духоўных твораў. Праграма прагучыць у выкананні саліста Вялікага Тэатра оперы і балета Беларусі  Юрыя Гарадзецкага (тэнар)і музыказнаўцы-беларусіста, арганісткі Святлены Немагай. Вакальная музыка Манюшкі прагучыць у трох мовах: польскай, лацінскай і беларускай. Пераклады на беларускую былі зроблены спецыяльна для дадзенай праграмы Святленай Немагай з мэтай наблізіць творчасць кампазітара да сёняшняга слухача. Канцэрт будзе суправаджацца чытаннем успамінаў родных і сучаснікаў Манюшкі, а таксама выказваннямі самога кампазітара аб рэлігійнай музыцы.
Пачатак канцэрта а 17.00

Юры Гарадзецкі – спявак (тэнар), саліст Вялікага тэатра Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Нарадзіўся ў Магілёве ў 1983 г. У 2002 г. скончыў Магілёўскае музычнае вучылішча па класе харавога дырыжыравання, а ў 2007 г. — Беларускую акадэмію музыкі  У 2006 г. стаў салістам Вялікага тэатра Беларусі. У 2008-м спеваку была прысуджана Гранд-прэмія Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Юры Гарадзецкі — лаўрэат і дыпламант шматлікіх міжнародных конкурсаў: Міжнароднага конкурсу вакалістаў ім. Л. П. Александроўскай (Мінск, Беларусь, 2004), 3-га адкрытага Усерасійскага конкурсу вакальна-фартэпіянных дуэтаў (Санкт-Пецярбург, Расія, 2006), 44-га Міжнароднага конкурсу вакалістаў ім. Ф.Віньяса (Барселона, Іспанія, 2007), II Міжнароднага конкурсу камерных спевакоў ім. Р.Яхіна (Казань, Расія, 2007),
У 2008 г. стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу ім. Каралевы Лізаветы (Брусэль, Бельгія), а ў 2010 г. — VII Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі (Варшава, Польшча).
У 2012 г. Юры Гарадзецкі — фіналіст Міжнароднага музычнага конкурсу ў Манрэалі (Канада), у наступным годзе — Міжнароднага конкурсу вакалістаў BBC (Кардыф, Уэльс).
У 2012-2014 гг. спявак удзельнічаў у Моладзевай опернай праграме Вашынгтонскай нацыянальнай оперы.
Асаблівую папулярнасць Юрыю Гарадзецкаму прынес удзел у расійскім тэлепраекце “Большая опера” у 2016 годзе, дзе ён стаў адным з фіналістаў.У цяперашні час Юры Гарадзецкі вядзе актыўную гастрольную дзейнасць, супрацоўнічаючы з філармоніямі ў Варшаве, Кракаве, Познані, з оперным тэарам г. Вроцлава.

Святлена Немагай – музыказнаўца-беларусіст, кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. З 2008 г. — намеснік мастацкага кіраўніка Творчага аб’яднання “Беларуская капэла” пры Вялікім тэатры Беларусі. Аўтар манаграфіі “Жыццё і творчасць М. К.  Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя” (2007), адзначанай узнагародамі Акадэміі Навук Беларусі і Пасольства Рэспублікі Польшча. Аўтар, перакладчык і складальнік кнігі “М. К.  Агінскі. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя” (2018). Выступае ў беларускіх і замежных выданнях з артыкуламі, прысвечанымі музычнай культуры даўняй Рэчы Паспалітай. Другой сферай творчых інтарэсаў з’яўляецца арганнае выканальніцтва. З 1995 г. — арганістка касцёла св. Роха на Залатой Горцы ў Мінску. У 1998-1999 гг. стажыравалася ў Акадэміі музыкі імя І.Я. Падэрэўскага ў Познані, у 2007 г. атрымала адукацыю ў БДАМ па спецыялізацыі “Арган”. Аўтарка шэрагу мес, літаній і многіх папулярных рэлігійных песень (“Малітва да Багародзіцы”, “Да Будслаўскай Маці Божай”, “Малітва да св. Роха” і г.д.). Як арганістка выступае ў Беларусі, Польшчы, Літве, Бельгіі, у т. л. на канцэртах фестываляў “Магутны Божа” (Магілёў), “Залатагорская ліра” і “Калядныя вечары на Залатой горцы” (Мінск), Міжнародным фестывалі Станіслава Манюшкі ў Кудове-Здруй (2018, 2019), Міжнародным фестывалі “Манюшка і яго час” (Радамь, Сталёва Воля, Люблін, 2019). З 2002 г. вядзе курс гісторыі арганнага мастацтва на штогадовых “Тыднях касцёльнай музыкі” у Полацку і Мінску.

 
Scheduled Музыка Падзея