19 лістапада 2019 года а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) адбудзецца ЮБІЛЕЙНЫ КАНЦЭРТ, прысвечаны тром юбілеям: 80-годдзю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, 60-годдзю кампазітара, даследчыка, публіцыста, музыканта-асветніка Яўгена Паплаўскага і 25-годдзю Польскага інстытута ў Мінску.
У праграме канцэрта прагучаць творы кампазітара і мастака Напалеона Орды (у выкананні Народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава) і Яўгена Паплаўскага.
Музычная сустрэча з Яўгенам Паплаўскім — гэта не толькі філасофскае разважанне над творчымі пожнямі, але і погляд у бязмежную перспектыву. Музыка кампазітара напоўнена лірычнай экспрэсіяй і паэтычнасцю вобразаў, гэта свет чалавечых пачуццяў і духоўны неабсяжны космас. У канцэрце прагучаць камерна-інструментальныя і харавыя творы кампазітара. Сярод іх опусы, якія ўжо з’яўляюцца высокамастацкімі ўзорамі сучаснай музыкі, але прагучаць таксама і прэм’ерныя выканнані яго твораў.
Падчас канцэрта будуць выстаўлены карціны Язэпа Драздовіча «Прарок» і Пётры Сергіевіча «Партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага», падараваныя кампазітарам Яўгенам Паплаўскім Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь у 1989 годзе, а таксама малюнкі Напалеона Орды з фондаў музея.
80-годдзе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — значная культурная падзея ў музейным жыцці краіны. 80 гадоў, імклівых і яркіх, часам цяжкіх і марудных. Увесь гэты перыяд быў падпарадкаваны адной мэце — узбагачэнню той усенароднай скарбонкі, якая носіць гучную назву — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску, які ў сезоне 2019-2020 адзначае 25-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. Гэта ўстанова з дыпламатычным статусам, якая займаецца папулярызацыяй дасягненняў польскай культуры, гісторыі і навукі, прэзентацыяй і захаваннем польскай культурнай спадчыны, наладжваннем і развіццём кантактаў, абменам вопытам і падтрымкай дыялогу паміж Польшчай і Беларуссю.
У якасці ганаровага госця і дырыжора запрошаны рэктар Кракаўскай акадэміі музыкі, прафесар Станіслаў Краўчыньскі (Польшча). Салісты канцэрта — Аляксандра Іванова (альт), Алена Луферчык (альт), Элеанора Тумас (фартэпіяна). Сярод калектываў — Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная Харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы (галоўны дырыжор — Вольга Янум, хормайстар — Дзмітрый Хлявіч), Канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор — Аляксей Снітко), Камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік — Пётр Вандзілоўскі).
Цікавы нюанс юбілейнай музычнай імпрэзы — магчымасць пачуць твор Яўгена Паплаўскага на ўнікальным інструменце (альт), які быў выраблены таленавітым беларускім майстрам Уладзімірам Пузыняй спецыяльна для салісткі канцэрта Алены Луферчык.