13.02.2020 Reportaże z projektów, Літаратура, Рэпартажы з мерапрыемстваў, Рэпартажы з мерапрыемстваў

Польскі стэнд завяршыў працу на кніжным кірмашы

З 5 да 9 лютага ў Мінску праходзіла Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Вялікая колькасць наведвальнікаў выставы яскрава сведчыць пра цікаўнасць беларусаў да літаратуры і культурных падзей.

Традыцыйна выстава суправаджалася мноствам прэзентацый кніжных навінак, сустрэч з беларускімі і замежнымі аўтарамі, перакладчыкамі і выдаўцамі, аўтограф-сесіямі і разнастайнымі актыўнасцямі.

На Польскім стэндзе ў продажы было прадстаўлена звыш 600 кніжных пазіцый  – у арыгінале па-польску і ў перакладах на беларускую і рускую мовы. У выставачнай частцы стэнда наведвальнікі знаёміліся з самымі цікавымі кнігамі з Бібліятэкі Польскага Інстытута і выданнямі, што выйшлі з падтрымкай Польскага Інстытута.

У рамках выстаўкі на нашым стэндзе адбыўся шэраг прэзентацый і сустрэч.  

5 лютага паланістка, выкладчыца польскай мовы Інэса Кур’ян прэзентавала свой падручнік “Польская мова. Графіка. Арфаграфія. Вымаўленне. Фанетыка (тэарэтычна-практычны курс)”. Дапаможнік прадстаўляе падрабязны аналіз фанетычных асаблівасцяў польскай мовы, іх параўнанне з беларускай, месцамі і рускай мовай, а таксама праекцыю на правілы сучаснай польскай арфаграфіі. Адзін экзэмпляр быў перададзены ў дар Бібліятэцы Польскага Інстытута.

6 лютага адбылася прэзентацыя рамана Сяргея Пясецкага “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” – культавы раман упершыню перакладзены з аўтарскай версіі, дапоўненай і папраўленай Сяргеем Пясецкім у 1964 годзе. У прэзентацыі бралі ўдзел перакладчыца Марыя Пушкіна, рэдактар кнігі, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік Павал Касцюкевіч, акцёры Раман Падаляка і Міхаіл Зуй.

Чытаюць акцёры Міхаіл Зуй і Раман Падаляка

7 лютага выдавец Андрэй Янушкевіч  і перакладчыца Ганна Янкута прадставілі  раман Януша Леона Вішнеўскага “Канец адзіноты” – ўперпершы твор пісьменніка вы. Януш Вішнеўскі павітаў беларускіх чытачоў з Аўстраліі.

Відэазварот Януша Леона Вішнеўскага да беларускіх чытачоў

Увечары перакладчыцы, рэдактары і ўкладальнік – Марына Шода, Марына Казлоўская, Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч, а таксама акцёр  Раман Падаляка прэзентавалі двухтомны збор перакладаў выбраных твораў Збігнева Герберта:  “Пасланне Пана Когіта. Выбраныя вершы і п’есы” і  “Варвар у садзе” – кніга, якую склалі 15 эсэ класіка.

8 лютага адбылася прэзентацыя кнігі “Лапуховае поле” з удзелам пісьменніцы Катажыны Рырых і ілюстратаркі Гражыны Рыгаль.

У сваіх кнігах аўтарка закранае важныя тэмы: адзінота, расстанне, заблытаныя складаныя сітуацыі, абмежаваныя фізічныя магчымасці, нетыповыя сямейныя адносіны, складаны працэс сталення – але робіць гэта простай, зразумелай мовай, не без долі чорнага гумару навучаючы адказнасці, уменню рабіць правільны выбар, талерантнасці і радасці жыцця ў любых абставінах. Кнігі Катажыны Рырых вучаць і заклікаюць да павагі да іншага чалавека, адкрытага мыслення, крытычнай ацэнкі свету і здаровай самаацэнкі, любові да навакольнага асяроддзя і каштоўнасцяў, якімі павінен кіравацца чалавек, незалежна ад узросту.

Мастачка Гражына Рыгаль распавяла па сваю працу над стварэннем ілюстрацый да кніг, паказала некаторыя эскізы.

За дапамогу ў правядзенні прэзентацый, а таксама за падтрымку перакладаў польскай літаратуры на беларускую мову шчыра дзякуем Інстытуту кнігі ў Кракаве, а нашым партнёрам “Ars Polona” і “Акадэмкніга” дзякуем за прадастаўленую чытачам магчымасць набыць кнігі польскіх аўтараў.

Дзякуй усім, хто цікавіцца польскай літаратурай і да новых сустрэч на чарговых мерапрыемствах!

Scheduled Reportaże z projektów Літаратура Рэпартажы з мерапрыемстваў Рэпартажы з мерапрыемстваў