4 сакавіка а 18-й гадзіне ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Эрык Ліпіньскі – Карыкатура” з калекцыі Варшаўскага Музея Карыкатуры(Польшча), арганізаваная сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску.
Эрык Ліпіньскі (12.07.1908 – 27.09.1991) – аўтар плакатаў, кніжных ілюстрацый, карыкатурыст, сатырык, заснавальнік Варшаўскага музея карыкатуры.
Бацька Эрыка, таксама мастак, зрабіў свой унёсак у ранні дэбют сына:
“Яшчэ да таго, як я навучыўся чытаць і пісаць, я ўжо ўмеў упраўляцца з прыладамі для жывапісу” , – прызнаваўся малодшы Ліпіньскі.
Першую ўзнагароду за плакат ён атрымаў у шасцігадовым узросце. Гэта была работа для маскоўскага конкурсу на тэму становішча польскіх прызыўнікоў, якія ваююць адзін супраць аднаго ў захопніцкіх войсках. Менавіта бацька прыклаў эскіз маленькага Эрыка да ўласнай заяўкі. На малюнку малога былі выяўлены тры прызыўнікі ў розных мундзірах. Ліпіньскія занялі першае (бацька) і трэцяе (Эрык) месца. Графіку Эрыку выкладаў Вацлаў Вансовіч, потым было навучанне ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў (жывапіс, графічны дызайн і сцэнаграфія).
Афіцыйны дэбют Ліпіньскага адбыўся ў 1928 г. (штотыднёвік “Pobudka”). З 1934 г. ён працаваў для выдання “Tygodnik Robotnika”, у якім эпізадычна вёў сатырычную калонку. Гэтая калонка стала пачаткам часопіса “Szpilkі”, які ён заснаваў у 1935 г. разам са Збігневам Міцнерам. У часопісе “Szpilkі” Ліпіньскі быў галоўным рэдактарам у 1935-1937 і ў 1946-1953 гг. З 1934 г. Ліпіньскі быў пастаянна звязаны з прэсай: супрацоўнічаў з такімі выданнямі як “Przekrój”, “Przegląd Kulturalny”, “Trybuna Ludu”, “Panorama”, “Zwierciadło”, “Express Wieczorny”. Ён стварыў серыі малюнкаў для “Przekrój” (“Отэк”, “Чалавек стварае самога сябе”), “Literaturа” (“Партрэты польскіх пісьменнікаў”), “Szpilkі” (“Рысы палякаў”, “Прыказкі” “Сем смяротных грахоў”, “Зефірка гісторыі”). Акрамя таго ён распрацаваў віньеткі для часопісаў “Szpilkі” (у друк памылкова трапіў эскіз праекта, і гэтая форма выкарыстоўвалася цягам некалькіх дзясяткаў гадоў), “Świerszczyka”, “Przyjaciel”.
Распрацоўкай рэкламных аб’яў Ліпіньскі стаў займацца выпадкова: выдатны графічны тандэм Яна Левіта і Ежы Хіма, з’язджаючы ў Вялікабрытанію, перадаў сваіх колішніх кліентаў Ліпіньскаму. Так пачалося афармленне дробных формаў для братоў Яблкоўскіх, потым для кампаніі “Pluton”. Ён распрацоўваў лагатыпы (AZS, Tobis, Pepeo, Ваенны навукова-даследчы інстытут, Ліга жанчын, група мастакоў “Czapka Frygijska”, Турнір на званне майстра Варшавы і іншыя), канверты для кружэлак, вокладкі, афармленне выставачных стэндаў.
“У 1945 г. мая стрыечная сястра Ганна Тамашэўска працавала ў аддзеле рэкламы Польскай кінастудыі ў Лодзі. Аднойчы яна прапанавала мне і Генрыку Тамашэўскаму распрацаваць некалькі постараў для кіно. Мы не ўспрынялі гэтую прапанову сур’ёзна, нават пажартавалі, што Тамашэўска, народжаная Ліпіньска, звярнулася да нас толькі з-за супадзення прозвішчаў. Мы, вядома, адхілілі прапанову, бо кінаплакаты лічыліся прадукцыяй другога класа і графічны дызайнер, які сябе паважае, за такую працу не возьмецца. Аднак гэтая думка прарасла, бо праз некалькі дзён Генрык вярнуўся да справы і вырашыў, што можна прыняць прапанову кінастудыі, але пры ўмове, што нашы плакаты не будуць – як былі яны дагэтуль – адлюстроўваць акцёраў, што граюць у дадзеным фільме, а стануць графічнай кампазіцыяй, натхнёнай зместам карціны. Ідэя мне спадабалася, спадабалася і начальніцы маёй сястры Марыне Сакорскай, якая цалкам яе прыняла, ігнаруючы пратэсты прафесійных рэжысёраў”, – так Эрык Ліпіньскі згадвае легендарныя падзеі, якія далі пачатак феномену Польскай школы плаката, да якой сам мастак актыўна спрычыніўся.
Плакаты Ліпіньскага вызначаюцца спецыфічным кантрастам якасці матэрыі. З аднаго боку, ён збольшага выкарыстоўваў майстэрства жывапісу і графікі, змяншаў паўтоны, што разгладжвала, спрашчала і павялічвала паверхню, карыстаўся простымі тэхнікамі выцінанкі, балансаваў паміж жахам і гратэскам, а з іншага боку, ён уводзіў складаныя, блізкія да дэкаратыўных ініцыялаў шрыфты, стыльны сецэсійны арнамент, уплятаў цытаты з гісторыі жывапісу. Сярод іншых, Ліпіньскі супрацоўнічаў з Багданам Бацяноўскім (Міжнародная футравая выстава ў Вільні), Генрыкам Тамашэўскім (рэкламны плакат для печы “Herzweld Victorius”) , з Богданам Касінськім (бровар “Książęcy Tychy” – плакат узнагароджаны і рэпрадукаваны), з Тадэвушам Трапкоўскім і Аляксандрам Бернацыньскім (яшчэ ў Варшаве, 1945 г. ), Станіславам Замэчнікам (плакат на выставе польскага плаката ў Празе), з дачкой Зузаннай (плакат для тэатра “Syrena” і для фестывалю песні ў Аполі). У 1972 г. ён прапанаваў выданню “Trybuna Ludu” плакат для штогадовага фестывалю гэтай газеты. Плакат так спадабаўся, што пасля перакампаноўкі ён выкарыстоўваўся штогод. Апекунамі плакаціста Ліпіньскага былі Саюзнае выдавецтва Цэнтральнай рады прафсаюзаў, Мастацка-графічнае выдавецтва, Польская кінастудыя.
Плакатная творчасць Ліпіньскага прынесла яму прэміі і ўзнагароды. У 1945 годзе ён перамог у конкурсе на антыгітлераўскі плакат (праект Ліпіньскага “Знішчым фашызм да рэшты” быў зацверджаны для друку). У 1948 г. ён атрымаў першую ўзнагароду за плакат “Вясна нацый” (рэпрадукцыя плаката з’явілася толькі з нагоды святкавання гадавіны рэвалюцыі 1905 года – тады твор быў перакампанаваны і прыстасаваны да новай тэмы) і цэлых сем узнагарод на Міжнароднай выставе плаката у Вене. Іншыя прызы: 1955 г. – Агульнапольская выстава ілюстрацыі, плаката і малых формаў у Варшаве, 1956 г. – прэмія Цэнтральнага ўпраўлення кінематаграфіі на Выставе кінаплакатаў у Варшаве, 1961 г. – адзнака на Выставе плаката з серыі “Польскія мастацкія творы ў 15-годдзе Польскай Народнай Рэспублікі”, 1963 г. – Узнагарода года ў конкурсе на “Найлепшы плакат Варшавы”, 1965 г. – Міжнародная выстава кінаплаката ў Вене. Акрамя плакатных узнагарод Ліпіньскі ўшанаваны “Залатой шпількай” (1966 г.) і “Залатой лаўровай шпількай” (1972 г.).
Ён быў важнай фігурай Міжнароднага біенале плаката ў Варшаве – ініцыятарам, удзельнікам і куратарам першага конкурсу. У 1978 г. ён заснаваў у Варшаве музей карыкатуры, дзе займаў пасаду дырэктара да самой смерці, а яго ўласныя зборы сталі падмуркам гэтага музея. Ён таксама ініцыяваў стварэнне Асацыяцыі польскіх мастакоў карыкатуры, прэзідэнтам якой ён стаў, а ў 1980 г. – Сацыяльнага камітэта па догляду за могілкамі і помнікамі габрэйскай культуры ў Польшчы. Узнагароджаны Залатым крыжам заслуг за мастацкую дзейнасць. У 1991 г. атрымаў званне Праведніка народаў свету.
На выставе будуць прадстаўлены ўсе напрамкі творчасці мастака: карыкатуры, кінаплакаты, вокладкі для часопісаў.
Выстава працягнецца да 18 сакавіка 2020 года.