28.04.2020 Літаратура, Падзея

Віслава Шымборска ў беларускіх перакладах

“САНАТОРЫЙ ПАД КЛЕПСІДРАЙ”

анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску

“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі,
а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.

Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”

Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.

Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Падчас другой сустрэчы Андрэй Хадановіч раскажа пра геніяльную паэтку, перакладчыцу і эсэістку, лаўрэатку Нобелеўскай прэміі Віславу Шымборску (1923-2012).

Што вылучае яе з шэрагу іншых найлепшых польскіх аўтараў ХХ ст.? Чаму ў выбітнай пісьменніцы так няшмат кніжак – і толькі трэцюю яна назаве сваім сапраўдным паэтычным дэбютам? Як стаць улюбёнай паэткай у свеце, дзе толькі “некаторыя любяць паэзію”? У чым памыляўся Эклезіяст і як перавыдумаць свет? Чаму чалавеку далёка да цыбуліны і што адчувае “кот у пустой кватэры”? Урэшце, як творы Шымборскай ішлі да беларускага чытача: ад перакладаў Максіма Танка і Ніны Мацяш – да сучаснага амаль поўнага збору вершаў?

Адказы – у размове пра Віславу Шымброску і чытанні яе твораў 28 красавіка а 17-ай гадзіне ў прамым эфіры.

Scheduled Літаратура Падзея