Згадваючы Віславу Шымборску
Ужо сёння, 28 красавіка а 17:00, Андрэй Хадановіч раскажа пра творчасць геніяльнай паэткі, перакладчыцы і эсэісткі, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Віславы Шымборскай. Бібліятэка анлайн прапануе крыху падрыхтавацца да гэтай сустрэчы, згадаць асноўныя даты з біяграфіі паэткі і зірнуць на тыя матэрыялы, якія даступныя кожнаму без неабходнасці выходзіць з дома.
Марыя Віслава Анна Шымборска нарадзілася ў 1923 годзе ў фальварку Правэнт ля Курніцкага возера, што на захадзе Польшчы. Потым сям’я пераехала ў Торунь, а ў 1931 годзе — у Кракаў, дзе Віслава Шымборска скончыла пачатковую школу і паступіла ў гімназію. Падчас Другой сусветнай вайны яна працягвала навучанне ў падпольнай школе, а ў 1943 годзе пачала працаваць на чыгунцы, каб пазбегнуць высылкі на прымусовыя працы ў нацыскуцю Германію. У 1945 годзе Віслава Шымборска паступіла на аддзяленне польскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта, пасля перавялася на аддзяленне сацыялогіі, аднак неўзабаве матэрыяльныя праблемы прымусілі яе спыніць навучанне. Ужо ва ўніверсітэцкія часы яна пачала прымаць актыўны ўдзел у літаратурным жыцці Кракава. Тады, паводле яе ўласнага прызнання, найбольшае ўражанне на яе зрабіў Чэслаў Мілаш.
Першы верш Віславы Шымборскай пад назвай “Шукаю слова” (Szukam słowa) быў апублікаваны ў 1945 годзе, а ў 1949 годзе першая паэтычная кніга Шымборскай пад назвай “Вершы” была забароненая для друку, бо “не адпавядала сацыялістычным патрабаванням”. Кніжным дэбютам лічыцца зборнік “Таму жывем” (Dlatego żyjemy) выйшаў у 1952 годзе. Пазней паэтка адзначала, што сацыялістычная тэматыка і стыль першых дзвюх кніг былі яе “грахом маладосці”.
Да такіх любімых чытачамі верлібраў паэтка пачала звяртацца ў кнізе “Гуканне Еці” („Wołanie do Yeti”, 1957). З пазнейшых кніг варта згадаць: “Соль” („Sól”, 1962), “Канец і пачатак” („Koniec i początek”, 1993), “Імгненне” („Chwila”, 2002), “Дзвюхкроп’е” („Dwukropek”, 2005), “Тут” („Tutaj”, 2009), “Дастаткова” („Wystarczy”, 2012).
У васьмідзесятыя паэтка далучылася да руху “Салідарнасць” і супрацоўнічала з Ежы Гедройцам і парыжскім часопісам “Культура”, была сябрам польскага ПЭН Клуба.
У 1996 годзе Віслава Шымборска стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры: “за паэзію, якая з іранічнай дакладнасцю адлюстроўвае ў фрагментах чалавечай рэальнасці гістарычны і біялагічны кантэкст”.
Віслава Шымборска шмат малявала, стварала ілюстрацыі для кніг, іранічныя калажы і вынаходзіла новыя жартаўлівыя жанры (маскалікі, ліпеі, адвудкі і алтрулікі). Перапіска Віславы Шымборскай і спадарожніка яе жыцця пісьменніка Карнэля Філіповіча – узор неверагоднай пяшчоты і самаіроніі.
Памерла Віслава Шымборска 1 лютага 2012 года.
Вашай увазе мы прапануем наступныя спасылкі:
- Перапіска Віславы Шымборскай і Карнэля Філіповіча з кнігі “Найлепш у жыцці ўладкаваўся твой кот” у форме аўдыёкнігі. Лісты паэткі – выключны прыклад эпісталярнага жанру: лірычныя і забаўныя, поўныя пачуцця гумару і мудрай самаіроніі. “Думаю пра цябе заўсёдна і кахаю цябе безустанку (перапынкі толькі абедзенныя)”.
- Чарнавікі і чыставікі Віславы Шымборскай з 1954-1993 гг. – даступныя тут. Выдатная магчымасць разгледзець почырк і малюнкі на палях.
- Цудоўныя праекты Фонда Шымборскай на час каранціна з анлайн-чытаннямі вершаў самой паэткі і не толькі – на старонцы Фонда.
- Невялічкі кліп-фотаальбом на верш “Непрысутнасць”. Цудоўная магчымасць зірнуць на цёплыя кадры з жыцця паэткі.
- Cустрэча з Андрэем Хадановічам з цыкла “Санаторый пад клепсідрай”, прысвечаная Віславе Шымборскай і беларускім перакладам яе твораў, адбудзецца 28 красавіка а 17:00 на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў сетцы Facebook.