2.05.2020 Гісторыя, Падзея

ПОЛЬСКІ СЦЯГ – 5 ФАКТАЎ У ДЗЕНЬ СЦЯГА

Кожны паляк і кожная полька ведаюць, што белы і чырвоны – гэта колеры іх краіны, якія можна сустрэць паўсюль: на афіцыйных будынках, на вуліцах, на спартыўных спаборніцтвах… Аднак выяўляецца, не кожны сцяг – гэта сцяг. Як такое магчыма? З нагоды Дня Сцяга Рэспублікі Польшча, які адзначаецца 2 траўня, мы прадстаўляем пяць фактаў пра польскі сцяг.

ПОЛЬСКІЯ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КОЛЕРЫ

Якога колеру польскі сцяг? Белы і чырвоны, гэта відавочна. А вось удакладненне адценняў – гэта сапраўдны выклік. На дапамогу прыходзіць “Закон ад 31 студзеня 1980 года аб гербе, колерах і гімне Рэспублікі Польшча і аб дзяржаўных пячатках”. Правільныя колеры прадстаўлены ў выглядзе трыхраматычных каардынатаў. З іх вынікае, што белы – не чыста беласнежны, а чырвоны – гэта кармазын, то-бок цёмна-чырвоны колер. Цікава, што так было не заўсёды, хоць першае апісанне сцяга з 1921 года і ўводзіла кармазын (з адценнем крыху святлейшым, чым цяпер), але з 1927 года цягам амаль 50 гадоў ужываўся колер “цынобра”, то-бок, чырвона-аранжавы.

 

РАЗМЯШЧЭННЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ КОЛЕРАЎ

Выбар колераў сцяга – гэта адлюстраванне колераў польскай харугвы, белага арла на чырвоным фоне, афіцыйнага дзяржаўнага сімвала яшчэ з часоў Сярэднявечча. Знак на гербе, г.зн. арол, з’яўляецца больш важнай яго часткай, чым фон, таму белы колер знаходзіцца зверху, а чырвоны – унізе (і таму правільна казаць, што сцяг бела-чырвоны). Калі адценні падвешаныя ў вертыкальным становішчы, то белы змяшчаецца злева ад плоскасці, прэзентаванай спераду. А вось, у разетках, то-бок у г.зв. катыльёнах, белы павінен быць унутры, а чырвоны звонку.

ПРАПОРЦЫІ ПОЛЬСКАГА СЦЯГА

Даўжыні бакоў сцягу павінны знаходзіцца ў суадносінах 5:8. Гэтыя суадносіны вызначыў “Закон ад 1 жніўня 1919 г. аб гербах і колерах Рэспублікі Польшча”, яны дзейнічаюць па сённяшні дзень. Напрыклад, калі вышыня сцяга складае 1 метр, яго шырыня павінна складаць 1,6 метра. Калі гэта не так, то белы і чырвоны – гэта нацыянальныя колеры, але сцягам яны не з’яўляюцца. Больш за тое, у адпаведнасці з законам, каб быць сцягам, прастакутнік павінен быць размешчаны на флагштоку.

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КОЛЕРЫ І ІХ АХОВА

Сёння кожны мае права выкарыстоўваць колеры Рэспублікі Польшча, у прыватнасці, каб падкрэсліць важнасць урачыстасцяў, свят або іншых падзей, пры ўмове захавання належнай павагі. Хоць забаронаў, як у часы ПНР, няма, але на бела-чырвоных сцягах нельга размяшчаць надпісы, напрыклад, з назвамі населеных пунктаў. Крымінальны кодэкс змяшчае палажэнні аб абароне нацыянальных сімвалаў. За публічную абразу, пашкоджанне або выдаленне сцяга або эмблемы пагражае штраф, абмежаванне або пазбаўленне волі.

СЦЯГІ СВЕТУ

Кожная дзяржава, прызнаная на міжнароднай арэне або не, мае свой уласны сцяг, што дае нам сотні спалучэнняў. Больш за ўсё падобныя на польскі сцяг сімвалы Інданезіі і Манака, яны маюць чырвона-белую гаму. Больш за 50 краін свету адзначаюць свята ў гонар сваіх нацыянальных колераў (Польшча – з 2004 года). Існуе таксама спецыяльная навука, якая займаецца сцягамі, ваеннымі, тэрытарыяльнымі знакамі і да т.п. Яна называецца вексілалогія (ад лацінскага vexillum, то-бок, штандар, харугва) і лічыцца дапаможнай дысцыплінай гісторыі, звязанай з геральдыкай.

Хоць польскі сцяг і здаецца простым, але ён выяўляецца даволі складанай справай у тэхнічным вымярэнні. Важнейшае, аднак, тое, што для ўсёй нацыі гэтыя дзве паласы з’яўляюцца магутным сімвалам аб’яднання. Пад гэтымі нацыянальнымі колерамі змагаліся салдаты і паўстанцы, іх услаўлялі мастакі і паэты. Белы і чырвоны – наша супольная спадчына, пра якую мы клапоцімся з самага ранняга ўзросту.

Усім палякам, вялікім і малым, з нагоды Дня Сцяга Рэспублікі Польшча, мы шлём найлепшыя пажаданні!

Матэрыял узяты з сайта https://niepodlegla.gov.pl

Scheduled Гісторыя Падзея