1.05.2020 - 10.05.2020 Гісторыя, Мастацтва, Падзея

Ян Матэйка „Канстытуцыя 3 траўня 1791 года”

Пераклад інфармацыі з фільма
 
Карціна “Канстытуцыя 3 траўня 1791 года” паўстала роўна праз 100 гадоў пасля прыняцця ўрадавага закона. Гэта перадапошняе вялікае гістарычнае палатно Матэйкі. Жывапіснае майстэрства мастака абапіраецца на глыбокія і шчырыя эмоцыі самога аўтара. Любоў да Радзімы, яе людзей і спраў у спалучэнні з працавітасцю і размахам прымушаюць нас нават сёння, у эпоху кіно, спецэфектаў і гістарычных рэканструкцый, думаць і ўяўляць нашу гісторыю так, як думаў і ўяўляў яе сабе Матэйка. Аўтар “Грунвальдскай бітвы” і “Стэфана Баторыя пад Псковам” свядома выбіраў найважнейшыя сацыяльныя тэмы. Ён умеў расказваць гісторыю з размахам і імпэтам, не забываючы пра дэталі. Кампануючы персанажаў і жэсты з колерам і святлом, ён перадаваў гледачам універсальнае і пазачасовае – эмоцыі: радасць, гнеў, няўпэўненасць, страх, мужнасць. У карціне, прызначанай майстрам для Залы пасяджэнняў Каралеўскага замку ў Варшаве, мы знаходзім складаную гісторыю, адлюстраваную ў амаль кінематаграфічным кадры. Закаханы ў польскую гісторыю Матэйка прадставіў яе аўтарскую інтэрпрэтацыю, стварыўшы захапляльны аповед пра змены ў імя свабоды, пра трыумф розуму, пра мужнасць і страх, любоў, веру і надзею. Давайце пазнаёмімся з героямі гэтага аповеду.

Позні пасляабедзенны час, аўторак, 3 траўня 1791 года. Нашы героі толькі што прайшлі з Каралеўскага замка, дзе ўрадавы закон быў прыведзены да прысягі ў першы раз. Паслы ў суправаджэнні радаснага натоўпу ідуць па вуліцы Свентаяньскай да Варшаўскай катэдры пад канвоем каралеўскіх грэнадзёраў. Трыумфуючы Станіслаў Малахоўскі, маршал Вялікага сейма, другі маршал ліцвін Казімір Нестар Сапега, кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, архітэктары ўрадавага закона Гуга Калантай, Ігнацы Патоцкі, Адам Казімір Чартарыйскі, яе зацятыя праціўнікі, будучыя таргавічане Францішак Ксаверы Браніцкі і Антоні Палікарп Златніцкі, пасол Ян Сухажэўскі з сынам, інфлянцкі пасол Станіслаў Кубліцкі, героі нашай гісторыі Ян Кіліньскі, Тадэвуш Касцюшка, Юзаф Панятоўскі, Юльян Урсын Нямцэвіч і Станіслаў Сташыц. Прадстаўнікі саслоўяў і канфесій Рэчы Паспалітай: селянін, шляхціц, мешчанін, каталіцкія святары, поп, габрэі і нават святы – чэх Клеменс Марыя Гофбаўэр. 

Аднак майстар Матэйка, які вялікую ўвагу надаваў дэталям, свядома адышоў ад гістарычнай праўды. Мы ведаем, што ў самім шэсці кароль не ўдзельнічаў, а прайшоў у сабор праз бяспечны праход, які злучаў яго з замкам. На Свентаяньскай не магло быць і на той момант ужо нябожчыка прэзідэнта Варшавы Яна Дэкерта, шантажыста Сухажэўскага, або праціўнікаў Канстытуцыі магнатаў Браніцкага і Златніцкага. Чаму Матэйка зрабіў героямі сваёй карціны менавіта гэтых, а не іншых гістарычных персанажаў? Чаму для ўвекавечання Канстытуцыі ён абраў менавіта шэсце па вуліцы Свентаяньскай? Цэнтральнай фігурай карціны з’яўляецца кракаўскі і познаньскі пасол, рэфарматар і архітэктар урадавага закона, маршал Станіслаў Малахоўскі, якога нясуць на руках. Ён глядзіць проста на нас, нібы ўсведамляючы прысутнасць публікі будучых пакаленняў, назіральнікаў яго трыумфу. Як ні парадаксальна, але ён выглядае адсутным, як капітан каманды-пераможцы, ашаломлены ўсведамленнем таго, што матч скончыўся і яго каманда выйграла. Натоўп шалее ад радасці, але што далей? Малахоўскі думае пра будучыню. Ці ўдасца выкарыстаць перамогу? Як павядзе сябе рэшта каманды? Натоўп крычыць “Віват!”, супернік прыніжаны. Але ці пераможаны? Ці захаваюць яны цвярозасць розуму, як Гуга Калантай, які загадвае спыніць звар’яцелага Яна Сухажэўскага? Калішскі пасол, пратэстуючы супраць прыняцця Канстытуцыі, кідаецца перад шэсцем, пасягаючы на жыццё ўласнага дзіцяці. Ці знойдуцца яшчэ такія, хто, як лівонец Кубліцкі, захавае спакой перад тварам пагрозы і спыніць кровапраліцце? Ці можа ў рэшце рэшт перамогуць тыя, хто стаіць зараз у баку? Браніцкі і Златніцкі, якія жадаюць захаваць статус-кво, вельмі зацікаўленыя ў далейшым распадзе і заняпадзе Рэчы Паспалітай, яны толькі выглядаюць спакойнымі, а так напраўду, душаць у сабе лютасць, бо дазволілі сябе абыграць. Бо ў час, калі іх прыхільнікі з’ехалі на велікодныя святы, рэфарматары здолелі правесці эфектыўную атаку. 

Прынятая дзякуючы часовай перавазе і тактычнай эфектыўнасці Канстытуцыя адмяняла свабодныя выбары і права “ліберум вета”, уводзіла падзел улады (на заканадаўчую, выканаўчую і судовую) і цэнтралізацыю дзяржавы, нівелюючы адрозненні паміж Каронай і Літвой. Яна заклала аснову для пабудовы сучаснай палітычнай нацыі, надаўшы правы мяшчанам і ўключыўшы сялян пад апеку закона і дзяржаўнага кіравання. Малахоўскі выйграў бітву. Ці выйграе ён вайну? Вось пазнейшы таргавічанін Златніцкі кланяецца, з выклікам гледзячы на караля, як бы жадаючы нагадаць яму пра ўмовы, пры якіх той атрымаў карону. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ведае, што ад яго паводзін шмат у чым будзе залежаць далейшы лёс каманды рэфарматараў. Гэта ведае маці яго дзяцей Лізавета Грабоўска: яна, як кароль і Малахоўскі, нібы адсутная і думае пра будучыню. Дачка варшаўскага мэра Яна Дэкерта Роза трымае ў руках лаўровы вянок не ў жэсце трыумфу, а нібы застылы ў паўруху.

Матэйка ведаў, як склаўся лёс герояў шэсця, ведаў пра тое, што травеньскі трыумф неаддзельны ад трагедыі таргавіцкіх раздзелаў, нашых паўстанняў і паражэнняў. Ён ведаў таксама, што спадчына 3 траўня, незалежна ад наступстваў, стала фактычным пачаткам гісторыі сучаснага польскага народа. Бо сапраўдным момантам трыумфу мужнасці, розуму і грамадзянскай любові быў не момант прыняцця ўрадавага закона сеймам, які складаецца з прывілеяванай шляхты. Сучасная дэмакратычная Польшча нарадзілася для Матэйкі на вуліцы Свентаяньскай паміж Каралеўскім замкам, дзе засядаў сейм, і саборам, паміж розумам і верай пры ўдзеле і падтрымцы свядомага аб’яднанага ў свабодзе народа. Адсюль падбор гістарычных персанажаў, прысутнасць якіх падкрэслівала пераломны момант у польскай гісторыі. Адсюль і прысутнасць мяшчан з Дэкертам, селяніна, уцягнутага ў шэсце канцлерам Замойскім, габрэяў, якія ўдзельнічалі ў сходзе, жанчын, святароў і войска. Матэйка адлюстраваў гэты момант нацыянальнага трыумфу з поўным усведамленнем гістарычных наступстваў, але ў адпаведнасці з духам і эмоцыямі, якія ляжаць у аснове перамены, якую неслі рэформы. Малахоўскі з каралём і рэфарматарамі, здраднікі таргавічане, героі паўстання, жыхары Варшавы, нарэшце, сам Матэйка не дачакаліся свабоды. Але свабода, якая абудзілася 3 траўня на Свентаяньскай, свабода ўсеагульная і дэмакратычная, захавалася да сённяшняга дня, акружаная, як і палатно майстра, клопатам пакаленняў.
 
from to
Scheduled Гісторыя Мастацтва Падзея