Станіслаў Мачэк – адзіны польскі генерал, які падчас Другой сусветнай вайны не прайграў аніводнага бою – гэта постаць незвычайная. У юнацтве ён марыў пра навуковую кар’еру філосафа. У 1918 годзе на полі бою яго павысіў у званні асабіста Юзаф Пілсудскі. У 1939 годзе 10-я Кавалерыйская брыгада, якой ён камандаваў, паспяхова абараніла ад немцаў армію “Кракаў”. У вызваленых пад яго камандаваннем населеных пунктах Францыі і Бельгіі, а асабліва ў галандскім горадзе Брэда, памяць пра яго жывая і па сённяшні дзень.
Дакументальны фільм Рафала Гэрэмка – гэта спроба ўпарадкаваць асноўныя падзеі і цікавыя моманты з жыцця камандзіра 1-й танкавай дывізіі. Рэжысёр, ідучы слядамі Мачэка, у тым ліку па сённяшніх Украіне, Францыі, Шатландыі і Нідэрландах, узяўся за няпростую задачу – перанесці на экран 102 гады жыцця героя пяці народаў. Успаміны членаў сям’і генерала і апошніх жывых з ліку яго падначаленых ён умела дапоўніў фатаграфіямі і кінематаграфічнымі справаздачамі з еўрапейскіх архіваў.
Фільм таксама паказвае трагедыю салдат польскіх узброеных сіл на Захадзе – людзей, якія змагаліся за свабоду Польшчы на працягу шасці гадоў і часта пасля заканчэння гэтай барацьбы не маглі вярнуцца на радзіму. Такі быў лёс і самога генерала Мачэка, які пасля вайны пасяліўся ў Эдынбургу і працаваў, сярод іншага, бармэнам. Усё гэта, пераплеценае сюжэтнымі сцэнамі з удзелам акцёра Рэдбада Клінстра-Камарніцкага ў ролі генерала Мачэка, не толькі дае шырокі погляд на ваенныя дасягненні 1-й танкавай дывізіі, але і дазваляе пазнаёміцца з яе камандзірам – чалавекам сумленным, надзвычай жыццярадасным і сціплым.
Паглядзець іншыя гістарычныя фільмы і пазнаёміцца з цікавай інфармацыяй пра гісторыю Польшчы можна на сайце Музея гісторыі Польшчы