Гэты выпуск Бібліятэкі анлайн мы прысвячаем асобе паэта Кшыштафа Каміля Бачыньскага, творчасць і імя якога перажылі яго трагічную смерць у Варшаўскім паўстанні.
Кшыштаф Каміль Бачыньскі. Гэта куля ці маркота сэрца разарвала?
Кшыштаф Каміль Бачыньскі – польскі паэт часоў Другой сусветнай вайны, падхаружы Арміі Краёвай, удзельнік падпольнай харцэрскай арганізацыі “Шэрыя шэрагі”, адзін з самых значных прадстаўнікоў літаратурнага “пакалення калумбаў”.
Нарадзіўся ў Варшаве 22 студзеня 1921 года. Быў сынам жаўнера Польскіх легіёнаў, афіцэра выведкі, пісьменніка, крытыка Станіслава Бачыньскага і Стэфаніі Зяленьчык, настаўніцы і аўтаркі некалькіх школьных падручнікаў, каталічкі з асіміляванай габрэйскай сям’і. Усведамленне габрэйскага паходжання знайшло адлюстраванне ў творчасці паэта пазней, падчас Халакосту.
Хлопчык быў вельмі хваравіты – у дзяцінстве пакутаваў на астму, меў слабое сэрца і ўсё жыццё знаходзіўся пад пагрозай сухотаў. У траўні 1939 года атрымаў атэстат сталасці Агульнаадукацыйнага Ліцэя імя Стэфана Баторыя. Ужо падчас навучання ў гімназіі Кшыштаф Бачыньскі цікавіўся літаратурай, адным з яго любімых твораў быў раман Вітальда Гамбровіча “Ferdydurke”, і ён нават напісаў сваю версію гэтага твора – “Гімназія імя Баабалка І” (Gimnazjum imienia Boobalka I). Xлопец жыў насычаным пазакласным жыццём, на занятках з’яўляўся рэдка, і яго адзнакі збольшага былі нізкімі.
У класе Бачыньскага вучыліся многія пазнейшыя ўдзельнікі варшаўскіх штурмавых груп “Шэрых шэрагаў”: Тадэвуш Завадскі (псеўданім “Зоська”), Ян Бытнар (“Руды”) і Мацей Аляксей Давідоўскі (“Алек”).
Пасля заканчэння школы Кшыштаф Каміль Бачыньскі марыў вучыцца ў Акадэміі мастацтваў і зрабіцца графікам ці ілюстратарам, але пачатак вайны перашкодзіў яго марам. У 1940 годзе было створанае гета, аднак Бачыньскі разам з маці засталіся жыць па-за ім, рызыкуючы ў выпадку выкрыцця габрэйскага паходжання быць расстралянымі на месцы.
Улетку 1942 года паэт ажаніўся з Барбарай Драпчыньскай, а ўвосень 1942 года паступіў на факультэт паланістыкі падпольнага Варшаўскага ўніверсітэта. Жонка вучылася там жа. У той час Бачыньскі браўся за любую працу: шкліў вокны, маляваў шыльды, працаваў вугольшчыкам і прымаў тэлефонныя званкі ў Санітарных участках, а яшчэ вучыўся ў Школе дэкаратыўнага мастацтва і жывапісу.
З ліпеня 1943 года – жаўнер батальёна “Зоська” АК. Прымаў удзел у пуску пад адкос нямецкага цягніка. Адначасова з падпольнай дзейнасцю быў рэдактарам грамадска-літаратурна часопіса “Дарога”. У 1944 годзе перайшоў у харцэрскі батальён “Парасон”.
Уступленне Бачыньскaга ў дыверсійнае аддзяленне літаратуразнаўца Станіслаў Пігань пракаментаваў наступным чынам: “Ну, што ж, мы належым да народа, лёс якога – страляць у ворага брыльянтамі”.
Пачатак Варшаўскага паўстання застаў Бачыньскага ў раёне Тэатральнай плошчы – туды яго адправілі па боты для атрада. Бачыньскі не змог прабіцца ў месца дыслакацыі свайго батальёна і далучыўся да добраахвотнікаў.
Кшыштаф Каміль Бачыньскі загінуў на посце ў палацы Бланка 4 жніўня 1944 года (гэта быў чацвёрты дзень паўстання) каля 16-ай гадзіны, атрымаўшы смяротнае раненне ад снайпера, размешчанага, хутчэй за ўсё, у будынку Вялікага тэатра. Першапачаткова быў пахаваны за палацам. Пасля вайны цела перанеслі на Вайсковыя могілкі на Павонзках.
Хлопчык светлы, з чорнай зброяй ты ступіў у змрок
і адчуў, як шчэрыць зубы ў звоне часу зло.
Калі ўпаў ты, знакам крыжа блаславіўшы травы,
гэта куля ці маркота сэрца разарвала?
Пераклад Кацярыны Маціеўскай
1 верасня 1944 года ў Варшаўскім паўстанні загінула таксама жонка Бачыньскага – Барбара Драпчыньска.
Падчас нямецкай акупацыі Бачыньскі выдаў 4 паэтычныя зборнікі: “Замкнёны рэхам” (Zamknięty echem, лета 1940), “Дзве любові” (Dwie miłości, восень 1940), “Выбраныя вершы” (Wiersze wybrane, май 1942), “Паэтычны аркуш №1” (Arkusz poetycki Nr 1, 1944) і “Спеў з пажарышча” (Śpiew z pożogi, 1944). Аднак большая частка яго твораў (каля 500 вершаў, некалькі паэм і два дзясяткі апавяданняў) была надрукаваная пасля вайны.
Паэзія Бачыньскага найбольш поўна ўвасабляе рысы пакалення Калумбаў, якое шукала сябе ў страшныя часы вайны. Апакаліптызм вершаў паэта моцна звязваў яго творчасць з вайной, але адначасова надаваў ёй універсальнае гучанне.
Галавою на карабіне
Я ў начной адчуваю стыні,
як мацней сціскаецца кола…
А мяне ж разьбавалі плыні,
зыбка хмар люляла над долам.
Гэта мне нястрымныя воды
на сваіх ланжэронах неслі
бузіну; навальнічны подых
быў усмешкай мне з паднябесся.
Страшны свіст чую вечна побач —
кола востра пад горла коле…
Як і ўсім, зямля не пустэльняй
мне была, а ўрадлівым полем.
Пакідаючы дымны водар,
маладосць раставала шлейфам —
лютым сынам свайго народа
я на краі смерці сталею.
Як нажом, яшчэ да змяркання
мне святло перарэжа колам —
і разьбу я прасплю сляпую,
карабін падклаўшы пад голаў.
Папалам вастрыём расцяты,
у крыклівым падзеяў гудзе
кіну я галаву — гранатай,
час расцісне мне лапай грудзі,
бо жыццё напаўняла страхам,
а адвагаю — блізкасць згубы;
лёс твой — смерць, калі веліч справаў
неразумнай любоўю любіш.
4 снежня 1943
Пераклад Кацярыны Маціеўскай
Кшыштаф Бачыньскі – адзін з самых легендарных творцаў польскай літаратуры. З 1990 года дзейнічае Літаратурнае таварыства імя К.К. Бачыньскага, мэта якога папулярызацыя маладых творцаў і якое кожны год уручае Паэтычную прэмію яго імя. Песні на вершы Бачыньскага і натхнёныя яго асобай спявалі многія выканаўцы, у тым ліку Эва Дэмарчык, Яцэк Качмарскі, Гжэгаж Турнаў, Чэслаў Мозіл. Імя Бачыньскага носяць школы, бібліятэкі, скаўцкія дружыны і інш. Жыццё і творчасць Бачыньскага сталі тэмай некалькіх фільмаў, у т.л. “Чацвёрты дзень” (прысвечаны апошнім чатыром дням яго жыцця) і “Бачыньскі” ў пастаноўцы Кардыяна Піваварскага.
З цікавых спасылак:
Вершы Кшыштафа Каміля Бачыньскага на партале wolnelektury.pl.
Беларускія пераклады вершаў і апавяданняў Кшыштафа Каміля Бачыньскага на сайце часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет”
Верш “Галавою на карабіне” ў інтэрпрэтацыі гурта “Contra Mundum” з альбома “У вершы і ў баі. 1914-1949” (гэта паэтычна-музычнае падарожжа ў свет вершаў выбітных польскіх “паэтаў-жаўнераў”, якіх лёс закінуў у вір вайны, акупацыі, Варшаўскага паўстання
Фрагмент паэмы “Шчаслівыя дарогі” ў выкананні Чэслава Мозіла і Мэлі Катэлюк з саўндтрэка да фільма “Бачыньскі”
Ілюстрацыя – калаж партала tvn24.pl