10 гадоў таму мы адзначалі вялікі юбілей гэтай страшнай Бітвы, а сёлета па эпідэміялагічных прычынах рэканструкцыя бітвы на Грунвадскіх палях (у Мальбарку) не адбудзецца. Тым не менш арганізатары гістарычнай часткі Дзён Грунвальда разам з камандай натхнёных і творчых рэканструктараў падрыхтавалі для вас надзвычайную падзею, сведкамі якой мы станем ужо 15 ліпеня 2020 года. Гэта будзе велічны двубой Вялікага Магістра Ульрыка фон Юнгінгена і караля Уладзіслава II Ягайлы, менавіта яны стаялі на чале армій у 1410 годзе. Уся акцыя сёлета, як і двубой гэтых двух легендарных асобаў, адбудзецца на палях Інтэрнэту!
А каб падрыхтавацца літаратурна, Бібліятэка анлайн прапануе звярнуцца да другога тома знакамітых “Крыжакоў” Генрыка Сянкевіча, бо гэта сапраўдны хіт польскай гістарычнай прозы.
Раман “Крыжакі” выходзіў у часопісе “Tygodnik Ilustrowany” з лютага 1897 па ліпень 1900 года, гэта значыць цягам 3 з паловай (!) гадоў. Твор адлюстроўвае гісторыю польска-тэўтонскага канфлікту, а дзеянне ахоплівае дзесяцігоддзе паміж 1399 (год смерці каралевы Ядвігі) і 1410 (Грунвальдская бітва).
Падчас публікацыі раман увасабляў пратэст супраць германізацыі, якую праводзілі прускія ўлады. Сянкевіч апісваў Польшчу ў часы магутнасці яе зброі і засяроджваўся на перамозе над Тэўтонскім ордэнам. Назва і тэма рамана Сянкевіча былі натхнёныя раманам “Крыжакі 1410” Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (1874).
Падчас напісання рамана аўтар выкарыстоўваў Хроніку Янкі з Чарнкова, Гісторыю Яна Длугаша, працы такіх гісторыкаў як Станіслаў Смолка і Караль Шайноха, нямецкія і французскія гістарычныя апрацаванні, мапы, выпіскі і г.д. Раман апісвае многія гістарычныя падзеі і асобаў, хоць і не ўсе апісанні адпавядаюць рэчаіснасці. На фоне значных эпахальных падзей аўтар прадстаўляе маляўнічую гісторыю яркіх персанажаў. Галоўныя героі рамана — Юранд са Спыхава і яго дачка Дануся, а таксама польскі рыцар Мацько і яго пляменнік Збышка з Багданца. Трагічнае каханне Збышка і Данусі складае меладраматычную лінію кнігі, а барацьба з падступнымі крыжакамі мусіла ўзняць дух палякаў у часы, калі дзяржава згубіла сваю незалежнасць.
Кульмінацыяй рамана з’яўляецца пераможная Грунвальдская бітва, прадстаўленая як трыумф польска-літоўскай зброі. Ход бітвы Сянкевіч узнавіў паводле Яна Длугаша і пад уплывам палатна Яна Матэйкі. У 1900 годзе кніжнае выданне рамана ўвянчала дваццацігадовы юбілей творчасці пісьменніка.
У сувязі з антынямецкімі настроямі ў Польшчы раман “Крыжакі” стаў першай кнігай, выдадзенай у краіне пасля завяршэння Другой сусветнай вайны; раман быў выдадзены ў жніўні 1945 года.
Кніга перакладзеная на 25 моў, на беларускую мову раман пераклаў Міхаіл Кенька.
Прачытаць маляўнічае апісанне бітвы можна ў раздзелах 50 (славуты краявід Грунвальдскіх паплавоў і збор рыцарства) і 51 (ход бітвы) ІІ тома рамана. Раздзелы не доўгія, але надзвычай захапляльныя.
Раман “Крыжакі” даступны на партале Wolne Lektury (для чытання онлайн, запампоўкі ў фарматах pdf, epub, mobi. fb2, txt), том II з апісаннем бітвы (раздзелы 50 і 51).
Легальна набыць аўдыёкнігу “Крыжакі” можна на старонцы выдавецтва audiobook.pl, выдатнае суправаджэнне для летніх аўтамабільных вандровак.
Афіцыйная фан-старонка Рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы 1410 года, дзе 15 ліпеня 2020 павінна адбыцца Грунвальдскае Гала-прадстаўленне, і наогул гэта вельмі натхняльная старонка для ўсіх аматараў гістарычнай рэканструкцыі.
Грунвальдская бітва – факты, якія вы маглі не ведаць, цікавы артыкул ад партала historia.org.pl.
Генрых Сянкевіч у Беларусі – пра сувязь Сянкевіча з Беларуссю распавядае прафесар Святлана Мусіенка.
Славутае палатно Яна Матэйкі “Грунвальдская бітва” ў стэрэаскапічнай інтэрпрэтацыі студыі “Platige Image”, праект выкананы па замове Нацыянальнага музея ў Варшаве.