“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі, а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.
Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”
“Санаторый пад клепсідрай” пасля летняга перапынку аднаўляе працу і сардэчна запрашае аматараў літаратуры да экранаў! Нагадаем, што арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя. Гэта файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.
Падчас дзявятай (і першай у верасні) анлайн-сустрэчы паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч раскажа пра творчасць геніяльнага польскага лірыка і драматурга, празаіка і перакладчыка Канстанты Ільдэфонса Галчыньскага (1905-1953).
Вось некаторыя тэмы і пытанні, на якіх спыніцца апавядальнік:
- “Малітва сляпога лунатыка”: ранняя творчасць між лірыкай і гратэскам;
- Духі ў Варнянах і казарма ў Бярозе: беларускі след у Галчыньскага;
- “Дзеля веек начной Наталлі”: за што цэняць любоўныя вершы паэта;
- “Конь пісаў бы таксама, каб давалі сто злотых”: паэтычная іронія і самаіронія;
- “Мой маленькі Нібэнімятлік”: рэпліка ў справе “дармаедаў”;
- На якой мове спявала Вілейка? (Вільня ў творчасці Галчыньскага);
- “Божая Маці Палонных”: ваенная лірыка паэта;
- “Паэма для здрадніка”: Галчыньскі і Мілаш;
- “Паэт і апельсіны”: пра канфармізм, цэнзуру і самацэнзуру;
- Ад мініятуры да лірычнага эпасу: паэтычны дыяпазон Галчыньскага;
- Празаічныя і перакладчыцкія спробы паэта;
- “Зялёная гусь” – найменшы тэатр у свеце;
- Галчыньскі і яго беларускія перакладчыкі.
У межах сустрэчы – анлайн-прэзентацыя кнігі К.І.Галчыньскага “Выбранае” (серыя “Паэты планеты”, выдавец Зміцер Колас).
Спецыяльная госця – літаратуразнаўца і перакладчыца Марыя Пушкіна.
Чакаем Вас у прамым эфіры ў аўторак 15 верасня а 17:00 на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.