“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі,
а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.
Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”
“Санаторый пад клепсідрай” – гэта арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл анлайн-сустрэч, які ўключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя. Гэта файная магчымасць, не выходзячы з дома, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.
Падчас адзінаццатай сустрэчы ў межах цыкла “Санаторый пад клепсідрай” перакладчыца і выкладчыца літаратуры Марына Шода апавядзе пра знакамітага польскага пісьменніка і педагога Януша Корчака.
Як Генрык Гольдшміт (1878(79?) – 1942) зрабіўся Янушам Корчакам?
Чаму ён не любіў вучыцца ў школе і нават аднойчы застаўся на другі год?
Чаму, выступаючы па радыё, Стары Доктар павінен быў хавацца пад псеўданімам?
Чым адрозніваецца беларускае выданне “Караля Мацюся” 2012 года ад выдання 1970 года?
Што значыць “няма дзяцей – ёсць людзі”?
Што рабіць з каралеўскай уладай, аб якой ты не прасіў?
Як зрабіцца чараўніком, калі ты не Гары Потэр і табе не прыйшоў ліст з Хогварца?
І ўвогуле – як любіць дзяцей?
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў прамым эфіры 29 верасня а 17-ай гадзіне на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку