26.11.2020 - 30.11.2020 Літаратура

Лістападаўская ноч

Бібліятэка Польскага Інстытута ў Мінску ўсё яшчэ зачыненая для чытачоў, а Бібліятэка анлайн нагадвае, што...

Лістапад для Польшчы небяспечная пара  ?
(С.Выспяньскі, “Лістападаўская ноч”, “Салон у Бельведэры”)

“Лістападаўская ноч” – трэцяя п’еса Станіслава Выспяньскага, прысвечаная тэматыцы паўстання 1830-31 гг. (“Лістападаўскага паўстання”).

Знакаміты польскі мастак і пісьменнік Станіслаў Выспяньскі быў захоплены падзеямі і гісторыяй паўстання. Ён уважліва вывучаў “Гісторыю лістападаўскага паўстання” Станіслава Бажыкоўскага і “Паўстанне польскага народа ў 1830 і 1831 гадах” Маўрыцыя Махнацкага. Крытыкі схіляюцца да думкі, што ўплыў на напісанне п’есы магло мець таксама наведванне аўтарам Варшавы і парка Лазенкі.

Амфітэатр у варшаўскім парку “Лазенкі”, здымак- https://architektura.muratorplus.pl

Твор прадстаўляе вобраз першых гадзін лістападаўскага паўстання (падзеі ночы з 29 на 30 лістапада 1830 года), калі ў Варшаўскай школе падхарунжых пяхоты, размешчанай у Лазенках, падпаручнік Пётр Высоцкі ўвайшоў у залу, дзе адбываліся заняткі па тактыцы, і заклікаў усіх навучэнцаў прыбыць на месца агульнага збору – да помніка караля Яна ІІІ Сабескага. Група змоўнікаў напала на Бельведэр – рэзідэнцыю Вялікага князя. Аднак Вялікі князь Канстанцін Паўлавіч паспеў схавацца ад нападнікаў. Паўстанцы – з дапамогай простага народа – захапілі Арсенал. Ад рук паўстанцаў загінулі шэсць генералаў, якія супрацьстаялі паўстанню.

Ілюстрацыя Станіслава Выспяньскага да першага выдання п’есы

Дзеянне п’есы адбываецца ў Лазенках або ў іх непасрэднай блізкасці, ёсць таксама сцэны, перанесеныя ў цэнтр Варшавы. У сферу ўвагі трапілі ўсе навакольныя краявіды: парк і Палац на востраве, а таксама некаторыя з яго статуй, помнік Яну III Сабескаму, амфітэатр, Школа падхарунжых і Бельведэр.

Выспяньскі вельмі дакладна прадстаўляе падзеі і гістарычных герояў, выкарыстоўваючы кнігі Бажыкоўскага і Махнацкага. З гэтых публікацый Выспяньскі чэрпае не толькі інфармацыю. “Лістападаўская ноч” у вялікай ступені ілюструе вобразы – жывыя, пластычныя, горача расказаныя абодвума сведкамі-аўтарамі. Аўтар паказвае лёсы паўстанцаў, няўдачы, перашкоды, супраціў падзеленага і нерашучага грамадства, адсутнасць вярхоўнага галоўнакамандуючага, расчараванне лідэраў і палітыкаў (Хлапіцкі, Лялевель, Патоцкі) і трагічныя абставіны, якія прыводзілі да непатрэбных ахвяр (Навіцкі).

Паралельна з гістарычным планам аўтар малюе падзеі міфалагічнага плана, цесна звязаныя з ходам падзей паўстання. Гэта своеасаблівы каментар або дадатак. Каменныя статуі грэчаскіх багоў, якія ўпрыгожваюць алеі парка Лазенкі, ажываюць у лістападаўскую ноч, уключаюцца ў чалавечыя дзеянні, натхняюць і аздабляюць іх.

Найважнейшыя гістарычныя персанажы п’есы:

  • Пётр Высоцкі (1797-1875) – падпаручнік у Школе падхарунжых пяхоты, суарганізатар тайнага саюза, які прывёў да пачатку лістападаўскага паўстання.
  • Севярын Гашчыньскі (1801 – 1876) – паэт, палітычны дзеяч і канспіратар. У Саюзе Высоцкага належаў да групы грамадзянскіх змоўнікаў, якія 29 лістапада 1830 года здзейснілі напад на Бельведэр.
  • Людвік Набеляк (1804 – 1883) – пісьменнік і журналіст. У ноч 29 лістапада камандаваў атрадам бельведэрцаў.
  • Ян Заянчкоўскі (1808 – 1882) – падпаручнік 4-га лінейнага пяхотнага палка. Апавешчаны аб пачатку паўстання, ён папярэдзіў паўночна-заходнюю частку горада і скіраваўся да Тэатра Размаітасцяў, а потым паспяшаўся да Арсеналу.
  • Фларыян Дамброўскі (1798-1848) – лейтэнант 7-га лінейнага пяхотнага палка. Удзельнік баёў лістападаўскага паўстання.
  • Юзаф Хлапіцкі (1771 – 1854) – генерал-маёр у войсках Царства Польскага. Пасля жорсткай сутычкі з вялікім князем Канстанцінам падаў у адстаўку. Прызначаўся кіраўніком паўстання членамі таемных таварыстваў, але прапанову адхіліў. Пасля пачатку паўстання пагадзіўся прыняць камандаванне.
  • Яахім Лялевель (1786 – 1861) – гісторык, педагог. Падтрымліваў і ініцыяваў дзейнасць змовы. Пасля пачатку паўстання прызначаны ва ўрад.
  • Ксаверы Бранікоўскі (1796-1852) – юрыст, канспіратар і публіцыст. Пасля пачатку паўстання сабраў рамеснікаў і рушыў з імі да Арсенала.

Галоўны праціўнік паўстання:

  • Вялікі Князь Канстанцін Паўлавіч (1779-1831). Брат цара Аляксандра, пасля ўтварэння Царства Польскага ў 1816 годзе быў прызначаны галоўнакамандуючым польскімі войскамі.

Найважнейшыя міфалагічныя персанажы:

  • Афіна – грэчаская багіня мудрасці, сілы і адвагі.
  • Ніка – багіня перамогі, абвяшчае трыумф герояў. У сваёй п’есе Выспяньскі збірае багінь перамогі розных славутых бітваў.

У п’есе адбываецца выразнае спалучэнне міфалагічнага зместу з гістарычным, г.зн. своеасаблівае тлумачэнне гісторыі праз міф. Уведзеныя аўтарам багіні і багі становяцца правадырамі чалавечага кону і прадказваюць далейшы лёс паўстанцаў. Ніка парадаксальна ўвасабляе не толькі перамогу, але і паразу. У п’есе багіні перамогі атаясамліваюцца з боствамі смерці, трагізму і паразы. Але да падзей ночы 29 лістапада, паказаных у “Лістападаўскай ночы”, Выспяньскі ставіўся крыху інакш, чым у сваіх папярэдніх працах. Тут, нягледзячы на ўсе няўдачы, паразы і пагрозы, прысутнічаў падкрэслены загад змагацца любой цаной. Для нацыі, асуджанай на рабства, гэта адзіная гістарычная альтэрнатыва. Паўстанне было здаровым рэфлексам нацыянальнага інстынкту, выразам волі самастойнага існавання.

Прэм’ера першай пастаноўкі адбылася ў гадавіну смерці паэта – 28 лістапада 1908 года.

Прапануем пазнаёміцца з п’есай “Лістападаўская ноч” Станіслава Выспяньскага на старонцы сервісу Wolne Lektury.

Першае выданне п’есы, 1904 год.

Кароткі адукацыйны фільм пра лістападаўскае паўстанне ад праекта “Дзіцячы ўніверсітэт цікавай гісторыі” – каб хуценька прыгадаць галоўныя падзеі.

from to
Scheduled Літаратура